Наваселле. Кватэры – цудоўныя! (+відэа)

Важнае Грамадства

13 лютага стала шчаслівым днём для жыхароў нашага раёна, якія атрымалі ключы ад арэндных кватэр у капітальна адрамантаваным доме па вуліцы 50 год ЛКСМБ № 2 у Дзятлаве.

Урачыстая цырымонія перадачы ключоў адбылася з удзелам намесніка старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Юрыя Залеўскага і дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргея Луні. Павіншаваць навасёлаў таксама прыйшлі родныя і сябры.

– У нашым жыцці шмат нагодаў для ўрачыстасцяў, – зазначыла вядучая цырымоніі Наталля Маліноўская, – але галоўнымі падзеямі для любога чалавека з’яўляюцца вяселле і наваселле. Таму сёння сапраўды знакавы дзень не толькі для навасёлаў, але і для кіраўніцтва Дзятлаўскага раёна, бо стварэнне камфортных умоваў жыцця людзей – гэта адна з першачарговых задач мясцовай улады.

Сёння ў адноўленым цудоўным доме паселяцца навасёлы. Жадаем ім утульнасці, цяпла, дабрабыту.

– Яшчэ год назад мы і падумаць не маглі, што правядзём рэканструкцыю старога будынка былога інтэрната МПМК-147 у такі прыгожы жылы дом. Безумоўна, ставілі мэту рэканструяваць гэты дом для маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць да нас у раён, каб яны заставаліся працаваць і жыць на Дзятлаўшчыне. Нават не спадзяваліся, што рэканструкцыя адбудзецца так хутка: неабходна было атрымаць фінансаванне. Нас падтрымаў Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт. У ліпені 2020 года на аб’екце ўжо працавалі будаўнікі, якія справіліся з заданнем за 6 месяцаў. Плошча дома – 1524 квадратныя метры, усе кватэры добраўпарадкаваны і зроблены пад ключ, ёсць цэнтральнае ацяпленне, сістэма відэаназірання. Упэўнены, што у гэтым доме вам будзе камфортна. Кватэры мы размеркавалі паміж грамадзянамі, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, і стаялі на ўліку ў Дзятлаўскім райвыканкаме. Тут атрымліваюць кватэры шмат маладых, несямейных хлопцаў і дзяўчат, таму я ўпэўнены, што ў гэтым доме вы адшукаеце сваю другую палавінку і зноў прыйдзеце да нас у райвыканкам станавіцца на чаргу для пашырэння жылплошчы. Мы ў Дзятлаве ўжо пачалі будаваць дзевяціпавярховы дом на 72 кватэры. Будзе патрэба – пабудуем яшчэ адзін.

Пасля свайго выступлення Юрый Залеўскі выканаў прыемную місію – уручыў ключы навасёлам. Першымі іх атрымалі менавіта маладыя спецыялісты, якія прыехалі працаваць у наш раён.

Шчаслівых уладальнікаў кватэр цудоўнай песняй павіншаваў Чэслаў Свіб. Затым удзельнікаў цырымоніі запрасілі агледзець жыллё.

Карэспандэнтка газеты “Перамога” даведалася ў навасёлаў, ці доўга яны чакалі сваіх кватэр і як іх ацанілі.

Іван Болбат, доктар-хірург Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Маргарыта Юшкевіч, педагог дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава.

Роберт Асіпук, педагог Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.

Ірына СТЫРНІК