Музей паклікаў у госці

Культура і адпачынак Свежыя навіны

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы пад назвай “Дзятлаўскі касцёл: гісторыя і сучаснасць”, прысвечанай 375-годдзю касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

На адкрыццё выставы завіталі адзінаццацікласнікі гімназіі №1 горада Дзятлава і ганаровы госць ‒ ксёндз Здзіслаў Пікула.

Вядучыя расказалі пра асабліва цікавыя моманты з гісторыі касцёла. Так, напрыклад, да гэтага часу дакладна невядома, хто пабудаваў драўляны будынак, які стаў асновай для касцёла, вядомага нам цяпер. Але можна з упэўненасцю сказаць, што ініцыятарамі рэканструкцыі ў розныя гады былі такія знакамітыя асобы, як вялікі гетман літоўскі Леў Сапега і Мікалай Фаўстын Радзівіл.

‒ Пра касцёл існуе шмат легенд, ‒ адзначыла Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік музея, ‒ самай загадкавай з якіх можна лічыць легенду пра падземны ход, які вёў ад касцёла да капліцы, што знаходзіцца на дзятлаўскіх могілках.

Успомнілі таксама і пра другія легенды, такія як сэрца Радзівіла, арган, які стаў героем мастацкага фільма “Паланэз Агінскага”, і ўсёвідушчае вока, размешчанае над уваходам у касцёл. Цікава, што некаторыя з гісторый на самой справе з’яўляюцца пацверджанымі гістарычнымі фактамі ‒ сэрца Мікалая Радзівіла, напрыклад, сапраўды знаходзіцца ў нішы касцёла.

Ксёндз Здзіслаў Пікула таксама выступіў з прамовай. Ён нагадаў выпускнікам пра важнасць веры ў жыцці людзей і залатое правіла маральнасці ‒ не рабіць людзям тое, чаго вы не хацелі б для сябе і наадварот. Пасля гэтага ксёндз уручыў гасцям падарункі і асвяціў выставу.

Напрыканцы сустрэчы жадаючых запрасілі застацца, каб больш падрабязна азнаёміцца з матэрыяламі экспазіцыі і зрабіць сумеснае фота на памяць.

Марыя ПАПОВА