Кожная трэніроўка – крок да перамогі!

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Юныя хакеісты актыўна рыхтуюцца да спаборніцтваў па хакеі “Залатая шайба”: трэніруюцца як на лядовай пляцоўцы ў горадзе Дзятлаве, так і ў Лідскім Лядовым палацы.

У складзе “Алмаза” ёсць хлопцы, якія ўжо не раз удзельнічалі ў “Залатой шайбе” і з’яўляюцца вопытнымі хакеістамі. Сярод іх неаднаразовы пераможца і прызёр абласных, чэмпіён рэспубліканскіх спаборніцтваў 2019 года Іван Губко, які гуляў не толькі са сваімі аднагодкамі, але і з сапернікамі больш старэйшага ўзросту.

Карэспандэнт газеты “Перамога” пацікавіўся ў хлопца, чаму ён выбраў менавіта гэты від спорту:

– Хакей – гэта спорт для сапраўдных мужчын, – адзначыў Іван. – На трэніроўкі я пачаў хадзіць з шостага класа. Я ўпэўнена стаяў на каньках і валодаў клюшкай, бо да гэтага мы часта збіраліся з сябрамі на возеры і гулялі ў хакей. Мне давялося ўдзельнічаць у турніру “Залатая шайба” ў розных узроставых групах, дзе я гуляў на пазіцыі абаронца. Аднак і мне ўдавалася паражаць вароты праціўніка. Больш за ўсё запомніўся гол у рэспубліканскім фінальным матчы 2019 года з Барысаўскай камандай “Унікум”: я забіў шайбу з адскокам ад двух штанг. Значны ўклад у поспехі каманды ўнеслі нашы трэнеры Дзмітрый Казіміравіч Ёда і Аляксей Валер’евіч Петрыкевіч. Не важна з моцным ці слабым сапернікам мы будзем гуляць, яны заўсёды матывуюць нас на перамогу, кажуць цёплыя і падтрымліваючыя словы, дораць зарад бадзёрасці, які застаецца на працягу ўсяго матчу. У будучыні я не планую станавіцца прафесійным гульцом, але ў вольны час з вялікім задавальненнем зноў надзену канькі, вазьму клюшку і пайду гуляць у хакей.

Таксама на трэніроўкі да “Алмазу” прыходзяць і зусім маленькія хакеісты. На адной з іх можна было назіраць пачаткоўца Мацвея Іванчыка.

Нядаўна ён паглядзеў серыял пра хакеістаў і захацеў гэтак жа як яны віртуозна катацца на каньках і забіваць шайбы, трэніравацца і перамагаць на розных спаборніцтвах. Бацькі падтрымалі імкненне сына і аддалі яго ў хакей. Нягледзячы на статус “пачаткоўца”, маленькі хакеіст ужо ўпэўнена катаецца на каньках. У спаборніцтвах Мацвей пакуль што не ўдзельнічаў, аднак усё яшчэ наперадзе – хлопчык хоча стаць добрым хакеістам.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup