Дзятлаўчане дзеляцца ўражаннямі аб VI Усебеларускім народным сходзе

Важнае Грамадства

Нашы землякі пільна сачылі за ходам VI Усебеларускага народнага сходу, хто ў рэжыме анлайн, хто праз выпускі навін, публікацыі ў інтэрнэце і друкаваных выданнях. Зараз яны актыўна дзеляцца ўражаннямі.

Наталля Маркава, шматдзетная маці:

– У мяне чацвёра дзяцей, а таму вельмі парадавала, што сацыяльныя арыенціры нашай дзяржавы застануцца ранейшымі – бясплатная адукацыя і медыцына, падтрымка маладых спецыялістаў і сем’яў з дзецьмі, будаўніцтва жылля і развіццё інфраструктуры, у тым ліку ў невялікіх гарадах, як наш.

Прыемна ўразіла, што Прэзідэнт прапанаваў новую праграму “Шматдзетная Беларусь”, у якой асаблівая ўвага надаецца падтрымцы жанчын-маці. Мяркую, гэта павінна заахвочваць жанчын да нараджэння трэцяга і наступных дзяцей.

Шматдзетным сем’ям дадзена першачарговае права на паляпшэнне жыллёвых умоваў з дзяржпадтрымкай, у бліжэйшую пяцігодку плануецца пабудаваць шмат жылля. Упэўнена, гэта таксама павінна станоўча паўплываць на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.

Увогуле, калі ўсе мэты і задачы, пастаўленыя на наступную пяцігодку VI Усебеларускім народным сходам, будуць увасоблены ў жыццё, наша краіна зробіць значны крок наперад.

Кацярына Дубешка, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра”:

– VI Усебеларускі народны сход для работнікаў ААТ “Граніт-Агра” стаў асаблівым, бо ў гэтым шырокамаштабным форуме прымаў удзел кіраўнік нашай гаспадаркі Станіслаў Мазур. Таму многія нашы работнікі пільна сачылі за ходам падзей ля сваіх тэлевізараў.

З часткай калектыву сваімі ўражаннямі ад паездкі на форум Станіслаў Станіслававіч падзяліўся ўжо ў час спартыўнага свята “Дзятлаўская лыжня-2021” і паабяцаў падрабязна расказаць калектыву пра форум на сходзе работнікаў гаспадаркі.

Я таксама глядзела выпускі навін і чытала аб асноўных падзеях форуму ў газетах. Поўнасцю згодна з выказваннем Прэзідэнта, што “без сяла, без вёскі не можа быць дзяржавы”. Сапраўды, харчовая бяспека краіны залежыць ад паспяховай работы сельскай гаспадаркі. Паслухаўшы справаздачу Аляксандра Лукашэнкі, упэўнілася, што аграпрамысловы комплекс Беларусі працаваў годна, нават ва ўмовах пандэміі: у нас не толькі ёсць значны запас харчовай прадукцыі для беларусаў, але і яе лішкі для продажу за мяжу.

Задачы на бліжэйшую пяцігодку ўжо акрэслены. Наша гаспадарка будзе развівацца ў зададзеным накірунку. Адно магу сказаць дакладна: нядаўна да нас быў далучаны КСУП “Белагурна”, і сярод важных задач “Граніт-Агра” на перспектыву – развіваць гэты новы ўчастак. Там, як і на цэнтральнай сядзібе нашай гаспадаркі, будзе аднаўляцца машынна-трактарны парк, паляпшацца інфраструктура. Разам мы пастараемся справіцца з усімі даведзенымі заданнямі.

Алена Жадзейка, экс-старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын:

– Як актыўнай удзельніцы раённага жаночага руху, мне асабліва цікава было пачуць выступленне старшыні рэспубліканскай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алены Богдан. Яна агучыла асноўныя прапановы па развіцці розных сфер грамадства і дзяржавы, сабраныя жанчынамі Беларусі да VI Усебеларускага народнага сходу. Я поўнасцю раздзяляю думкі, выказаныя лідарам жаночага аб’яднання. Гэта курс на ўмацаванне сем’яў і захаванне сямейных традыцый, больш шырокае выкарыстанне сямейнага капіталу і падтрымка сем’яў з дзецьмі, крэдытаванне жанчын у бізнесе, развіццё рэгіянальных цэнтраў кансультацыі і навучання і іншае.

Асабліва важна, што Алена Богдан узняла такую актуальную ў наш час праблему, як дэструктыўныя паводзіны ў рэальнай і віртуальнай прасторы. Поўнасцю згодна з яе прапановай, што трэба зрабіць больш жорсткім заканадаўства ў адносінах да тых, хто ўцягвае беларусаў у экстрэмізм, заклікае да правапарушэнняў, булінгу, асабліва, калі гэта тычыцца маладога пакалення. Кожная жанчына, кожная маці хоча, каб яе дзеці, яе сям’я жылі ў бяспечнай, спакойнай краіне.

Напрыканцы, гаворачы словамі Алены Богдан, выкажу галоўную задачу беларускага грамадства на бліжэйшую пяцігодку – гэта “развіццё партнёрства, а не спажывецкіх адносінаў грамадзян і дзяржавы”.

Ірына СТЫРНІК

 



Теги: