Дзецям ‒ пра патрыятызм, смеласць і гераізм (+відэа)

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Мерапрыемства, прысвечанае 32-гадавіне з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана прайшло ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

На сустрэчу запрасілі вучняў 9 класа гімназіі № 1 і ганаровых гасцей ‒ Аляксандра Юргеля і Алега Драгунскага, ветэранаў афганскай вайны.

Дакладна вядома, што праз баявыя дзеянні ў Афганістане прайшло 130 нашых землякоў, двое з якіх ‒ Аляксандр Шылаў і Дзмітрый Лазовік загінулі на чужой зямлі.

У знак памяці аб загінулых воінах-інтэрнацыяналістах вядучыя запалілі свечкі, пасля чаго прапанавалі хвіліну маўчання.

Асабліва кранальна прагучалі ўрыўкі з салдацкіх лістоў, якія вучні гімназіі зачыталі прысутным. У сваіх пасланнях воіны апісвалі звычайную службу ‒ такую, як і ва ўсіх, прасілі не перажываць за іх і не турбавацца.

Алег Драгунскі, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны у Афганістане” расказаў пра дзейнасць арганізацыі, асабістую службу сапёрам падчас вайны і салдацкія вучэнні.

У сваю чаргу, Аляксандр Юргель распавёў пра тыя мясціны, дзе яму ўдалося пабываць, прыгажосць прыроды Афганістана: мноства рознакаляровых цюльпанаў, спякотнае лета і моцныя навальніцы. Шмат гаварыў пра людзей, якіх там бачыў, а таксама пра салдацкі побыт:

‒ Мясцовыя жыхары сустракаліся розныя, ‒ успамінаў Аляксандр Васільевіч. ‒ Больш за ўсё здзіўляла тое, што яны памяталі сваякоў аж да сёмага калена.

Госці сустрэчы з цікавасцю распытвалі ветэранаў пра службу і выпадкі на вайне, разглядалі ўзнагароды. Напрыканцы мерапрыемства свой верш прачытала Алена Абрамчык, супрацоўніцы музея.

Марыя ПАПОВА