Ад сэрца да сэрца – Дзень святога Валянціна

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Дзень усіх закаханых 11 лютага адзначыла аматарскае аб’яднанне “Крыніца натхнення”.

Яго арганізатарамі з’яўляюцца сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці і аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Да свята артысты сектара падрыхтавалі для асаблівых людзей канцэртна-забаўляльную праграму з песнямі, танцамі, конкурсамі і пажаданнямі. Яе вядучай стала Ганна Харлінская.

Загадчыца аддзялення “Праменьчык” Алена Калюцік першай павіншавала сваіх падапечных, пажадала, каб іх вернымі спадарожнікамі назаўжды заставаліся сяброўства і ўзаемаразуменне.

Музычныя паштоўкі наведвальнікам аддзялення адрасавалі Андрэй Добыш, Ірына Бакшук, Марына Варган, Святлана Венская.

Не абышлося без прыемных сюрпрызаў. Спачатку камандам “Каханне” і “Мара” прапанавалі сабраць “разбітае сэрца” з кавалачкаў паперы. Вядома ж, перамагло “Каханне”. Затым удзельнікі свята цягнулі са шкатулкі валянцінкі-пажаданні і дарылі іх сябрам. Зарад бадзёрасці прысутныя атрымалі ад танцавальнага задання і конкурсу на трапнасць “Стрэлы Амура”.

Затым удзельнікаў свята чакала самае цікавае – гісторыя аднаго кахання. На імправізаваную сцэну запрасілі сямейную пару наведвальнікаў “Праменьчыка” Дзмітрыя і Анжэлу Абярухціных. Ім давялося расказаць пра сваё знаёмства, якое стала лёсавызначальным. Як аказалася, пазнаёміліся маладыя людзі па перапісцы. Да любімай дзяўчыны ў Дзятлава будучы муж прыехаў аж з Урала. 12 лютага 1993 года пара згуляла вяселле. Сёлета яны адзначаюць 28-ю гадавіну сумеснага жыцця. З гэтай нагоды закаханым былі ўручаны невялікія падарункі і прагучала шмат пажаданняў.

Напрыканцы ўдзельнікаў свята заклікалі намаляваць свой настрой і ўражанні ад сустрэчы. Наведвальнікі аддзялення “Праменьчык” з задавальненнем узяліся за алоўкі – і на аркушы паперы з’явіліся сэрцы і сэрцайкі, сонейка і найлепшыя пажаданні для сяброў.

Ірына СТЫРНІК