У Рандзілаўшчыне ўратавалі двух лебедзяў

Важнае Грамадства

«У чым сэнс мясцовых органаў улады?» — спытаю я ў вас.

І ў адказ атрымаю мноства важкіх аргументаў і важных справаў, што тыя павінны ажыццяўляць. Аднак, на маю думку, галоўнае з усяго гэтага — умець пачуць просьбы і пажаданні сваіх землякоў, пастарацца дапамагчы. Гэта меркаванне пацвердзіла нядаўняе зімовае здарэнне на Дзятлаўшчыне.

Да старшыні Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзіма Бяляткі звярнулася на вусны прыём жыхарка вёскі Рандзілаўшчына Алена Скрундзь. Расказала кранальную гісторыю пра двух маладых лебедзяў, якія вылупіліся летась і з-за дэфекта крылаў не змаглі адляцець разам з астатнімі птушкамі ў цёплыя краі. Небаракі засталіся на вымушаную зімоўку на невялікім возеры каля вёскі Рандзілаўшчына. Алена Анатольеўна ўзяла «шэфства» над птушкамі, наведвала іх, карміла белым хлебам. Але калі возера скаваў лёд, зразумела: у такіх умовах яе падапечным не перазімаваць.

Вадзім Бялятка не змог адмовіць мясцовай жыхарцы, праблему ўзяўся вырашаць сам. «Узброіўшыся» сеткай для футбольных варотаў, заручыўшыся падтрымкай кіраўніка мясцовай дружыны Аляксандра Анісіма, ён выехаў на месца і прыступіў да ратавальнай аперацыі.

— Лётаць лебедзі не могуць, але колькі давялося за імі пабегаць! — эмацыйна падзіліўся ён уражаннямі ад працэса.

Да гэтага часу пад’ехалі супрацоўнікі раённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету. Яны параілі, як знайсці з сітуацыі выйсце. Двух маладых лебедзяў выпусцілі паблізу Гезгалаўскай гідраэлектрастанцыі, у тым месцы, дзе нават у самыя моцныя маразы вада не замярзае. Добрая місія выканана, а мы будзем спадзявацца, што птушкі спакойна перажывуць гэту зіму.

«У чым мараль гэтай гісторыі?» — з іранічнай усмешкай запытаеце вы. Ды ў тым, што не бывае дапамогі вялікай і маленькай. Проста людзі бываюць  чуллівыя або не вельмі.

Наталля АВЯРЧУК