Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Марына Бортка: “Папулярызуем беларускую мову праз творы”

Галоўнае Грамадства

Метадыст Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Марына Бортка разам з яшчэ дзевяццю нашымі землякамі будзе прадстаўляць Дзятлаўшчыну на VI Усебеларускім народным сходзе.

Карэспандэнты газеты даведаліся, чаго Марына Леанідаўна чакае ад гэтага маштабнага форуму.

– Як работніцу сферы культуры, і раённай бібліятэкі ў прыватнасці, мяне хвалююць адносіны грамадзян нашай краіны да беларускай мовы. Выступаючы на V Усебеларускім народным сходзе, галоўны рэдактар ​​выдавецкага дома “Звязда” Аляксандр Карлюкевіч выказаў меркаванне, што клопат пра развіццё роднай мовы – гэта клопат пісьменнікаў, літаратурна-мастацкай перыёдыкі і творчай інтэлігенцыі. Абапіраючыся на працоўную практыку, магу з гэтым згадзіцца.

Дзятлаўская раённая бібліятэка актыўна працуе ў накірунку папулярызацыі беларускай мовы. Мы рэгулярна ладзім для жыхароў раёна сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Напрыклад, сёлета ў вёсцы Зачэпічы прайшло свята паэзіі, якое арганізавалі разам з Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкай. У сёлетніх планах – падрыхтаваць новыя сустрэчы. Беларуская літаратура на Дзятлаўшчыне карыстаецца добрым попытам у наведвальнікаў бібліятэк. У раённай газеце мы рэгулярна рэкламуем цікавыя нацыянальныя выданні. У 2021 годзе да Міжнароднага дня беларускай мовы плануем у шэрагу бібліятэк раёна правесці Дні беларускай мовы, у час якіх таксама будзем папулярызаваць творчасць нацыянальных пісьменнікаў. У фонд нашай бібліятэкі рэгулярна паступаюць беларускія кнігі, у тым ліку аўтараў-сучаснікаў. Напрыклад, попытам карыстаюцца творы Мікалая Чэргінца, дзіцячая літаратура Валерыя Квілорыя. Радуе, што скарбонку беларускамоўных твораў раённай бібліятэкі ў 2020 годзе папоўнілі зборнікі нашых землякоў Леанарды Юргілевіч, Алены Абрамчык, Міхаіла Лук’янчыка. Яны таксама запатрабаваны ў нашых чытачоў.

Чакаю, што на сёлетнім Усебеларускім народным сходзе будуць абмеркаваны актуальныя праблемы рэгіёнаў, у тым ліку ў сферы культуры. Хочацца, каб усе яны былі вырашаны, і ў нашай Беларусі па-ранейшаму панавалі мір, згода і дабрабыт.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: