Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Дзмітрый Ёда: “Агратурызм на Дзятлаўшчыне – гэта 15 сядзібаў”

Галоўнае Свежыя навіны Спорт і турызм

У час студзеньскай рабочай нарады Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў быў абмеркаваны шэраг дакументаў, якія закранаюць розныя сферы жыцця беларускага грамадства.

У тым ліку гаворка вялася аб перспектывах развіцця ў Беларусі такога актуальнага ў апошнія гады накірунка турыстычнай дзейнасці, як аграэкатурызм.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, за папярэднія 14 гадоў колькасць аб’ектаў аграэкатурызму ў Беларусі вырасла ў 80 разоў – з 34 да амаль 3 тысяч. У 2020 годзе гэтыя аб’екты адпачынку прынялі больш за паўмільёна гасцей.

“Пры гэтым паслугі турызму сталі вельмі папулярнымі як сярод гасцей нашай краіны, так і сярод беларусаў, асабліва ў перыяд пандэміі, калі большасць краін для падарожжаў закрыты. Апошнія падзеі сведчаць, што попыт на этнаадпачынак ва ўсім свеце будзе толькі расці”, – зазначыў Прэзідэнт.

З пытаннем, як гэты накірунак турыстычнай дзейнасці развіваецца ў нашым раёне, карэспандэнтка газеты звярнулася да галоўнага спецыяліста Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрыя Ёды.

– На тэрыторыі Дзятлаўшчыны на 11 снежня 2021 года зарэгістравана 15 аграсядзібаў. Гэта “Сядзіба Сокала” ў вёсцы Карыца-2; “Каля Дуба” у Цяцейках; “Бульбаш” у Нясілавічах; “Хутарок” у Сверплевічах; “Адамантъ” у Гезгалах; “Родник” у Кашкалах; “Мёдпанацэя” ў Круцілавічах; аграсядзібы М. Якубчыка і З. Бубіч ў вёсцы Баравікі; аграсядзібы В. Зайца і “Мястэчка ля Радона” ў Курпешах; аграсядзіба “Латышы” ў аднайменнай вёсцы; аграсядзіба С. Базана ў Жыхах; аграсядзіба Т. Рэмезавай у Нагорніках; аграсядзіба І. Ёда ў Накрышках. На сёння функцыянуюць 11 сядзібаў. Гэтыя аб’екты ажыццяўляюць сваю дзейнасць па аказанні паслугаў ў сферы аграэкатурызму ў парадку і на ўмовах вызначаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2006 года № 372.

У 2020 годзе аграсядзібы Дзятлаўшчыны заключылі 216 дагавораў на аказанне паслугаў (годам раней – 267 дагавораў). Колькасць турыстаў, якія наведалі гэтыя аб’екты раёна летась склала – 1476 чалавек (годам раней – 1686), сярод іх іншаземцаў – 46 (у 2019 годзе – 178). Як бачым, адзначаецца пэўнае зніжэнне колькасці турыстаў, асабліва замежных, што звязана з пандэміяй каранавірусу і закрыццём межаў. Аднак пры гэтым не знізіўся фінансавы вынік дзейнасці аграсядзібаў раёна. Сума заробленых летась сродкаў склала – 68043 беларускія рублі (годам раней – 63869,4 рубля).

Калі параўнаць гэтыя лічбы з тымі, што былі на Дзятлаўшчыне ў 2013 годзе, калі ў нашым раёне дзейнічалі толькі 5 сядзібаў, якія наведалі 699 чалавек, а заробак па выніках года склаў 10433 рублі, то бачым значны рост. Чакаецца, што і ў бліжэйшую пяцігодку сфера аграэкатурызму будзе актыўна развівацца, улічваючы павелічэнне ўнутранага попыту на такі адпачынак з-за пандэміі.

Ірына СТЫРНІК  

 



Теги: