Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Праблемы ў сем’ях бываюць рознымі

Грамадства Свежыя навіны

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжана пытанне аб магчымасці вяртання бацькам трох дзяцей, прызнаных маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і прааналізавана сітуацыя ў сям’і, дзе гадуецца аднагадовая дзяўчынка, раней прызнаная ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Вырашана накіраваць дакументы ў суд

У ліпені 2020 года трое дзяцей з праблемнай сям’і (сын-ліцэіст, дочкі – школьніца і дашкольніца) былі ў чарговы раз прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Для старэйшага дзіцяці – гэта ўжо трэцяе адабранне ў бацькоў.

На жаль, папярэдні сумны вопыт не стаў жыццёвым урокам для дарослых, якія па-ранейшаму маюць праблемы з алкаголем. Яны прывыклі адкладваць выпраўленне памылак на потым, так здарылася і на гэты раз. Толькі за чатыры месяцы, пакуль дзяцей не было дома, маці “назапасіла” 14 прагулаў на рабоце, а бацька – 28, і гэта пры тым, што абодва з’яўляюцца абавязанымі асобамі. Пры наведванні сям’і па месцы жыхарства спецыялістам адказных службаў рэдка ўдавалася ўвайсці ў кватэру: нават калі не было сумненняў у прысутнасці гаспадароў дома – дзверы яны не адчынялі, хутчэй за ўсё, былі ў нецвярозым стане. Пры гэтым апошняе наведванне доктара-нарколага гора-бацькамі адбылося ў верасні. Цяпер бацька ўжо прайшоў другую медыцынскую камісію для накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Маці толькі ў снежні, напярэдадні разгляду пытання аб магчымасці вяртання дзяцей назад у сям’ю, выказала жаданне прайсці кадзіроўку ад алкагалізму.

Дзяцей у сацыяльным прытулку дарослыя наведалі толькі 20 разоў, хаця жывуць у цэнтры горада, у некалькіх хвілінах хадзьбы ад установы. Іх візіты былі кароткімі, асаблівай прыхільнасці бацькоў да дзяцей не назіралася, дзяўчынкі нават выказвалі жаданне трапіць не дамоў, а ў добрую прыёмную сям’ю.

Члены камісіі ўпэўнены, што вяртаць дзяцей бацькам нельга, бо не ўхілены асноўныя прычыны сямейнага недабрабыту. Спецыялісты аднагалосна выказаліся за тое, каб накіраваць дакументы ў суд для разгляду пытання аб пазбаўленні мужа і жонкі бацькоўскіх правоў.

Далі апошні шанц

Галоўная праблема недабрабыту ў сям’і, дзе маці адна гадуе маленькую дзяўчынку, – гэта цяжкае матэрыяльнае становішча. Жанчына сама была сацыяльнай сіратой. У час вучобы ў Гродне яна пазнаёмілася з будучым мужам, але сумеснае жыццё маладой сям’і незаладзілася. Маці з немаўлём была вымушана вярнуцца на Дзятлаўшчыну, адкуль сама родам. На жаль, бацькоўскі дом аказаўся непрыдатным для жыцця, тым больш з маленькім дзіцём. У работу ўключыліся адказныя службы раёна: сям’і выдзелілі пакой у інтэрнаце, дапамаглі з самымі неабходнымі бытавымі рэчамі. Тым не менш, жанчыне не ўдавалася рацыянальна выкарыстоўваць адзіны сродак даходу – дапамогу на дзіця. Пры наведваннях сям’і спецыялісты адказных службаў адзначалі, што ў маці і дачкі адсутнічаюць мяса і агародніна, ёсць толькі крупы, здаралася і такое, што прадуктаў не было ўвогуле, як і грошай, каб іх набыць. Па парадзе спецыялістаў, жанчына падала на аліменты і грашовае ўтрыманне для сябе (яна мае такое права, пакуль знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў), таму хутка бюджэт сям’і падрасце. А пакуль дзіцячыя кашы, пюрэ, кансервы для маламаёмаснай сям’і набыла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Пры чарговым наведванні спецыялісты адказных службаў канстатавалі, што ў жанчыны і яе маленькай дачкі ёсць невялікі запас прадуктаў, якога павінна хапіць да наступнай выплаты дапамогі на дзіця.

Маці папярэдзілі, што ёй неабходна навучыцца правільна карыстацца грашыма, каб іх хапала на галоўныя патрэбы сям’і, асабліва на харчаванне, бо гэта важна не толькі для маленькай дачкі, але і для самой жанчыны, якая чакае другое дзіця. Калі ж зноў будзе дапушчана, што асноўныя жыццёвыя патрэбы дачкі не забяспечаны, яе могуць экстранна адабраць.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі