Пранесці веру і вернасць праз усё жыццё

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Нашай зямлячцы Валянціне Іосіфаўне Францішчык сёлета споўнілася 87 гадоў.

Жыццё жанчыну не песціла, яе шлях да выратавання быў нялёгкім, але Маці Божая не пакідала.

У юнацтве ў яе былі вельмі вялікія праблемы з сэрцам, таму і не спадзяваліся блізкія, ды і яна сама на такое доўгае жыццё. А вера ў сэрцы жыла з самага ранняга дзяцінства: маленькая Валя заўсёды была на службах – яе бацька скончыў царкоўна-парафіяльную школу і панамарыў у царкве вёскі Явар Дзятлаўскага раёна. А калі пачаліся ганенні на вернікаў, Валянціна Богу не змяніла, нават тады, калі ў сёмым класе за наведванне царкоўных службаў яе выключылі з камсамола.

Валянціна Іосіфаўна 30 гадоў працавала настаўніцай гісторыі і геаграфіі ў Лявонавіцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна. У той час за наведванне храма (ды яшчэ настаўніку!) можна было пазбавіцца працы, але жанчыну гэта не спыняла. Пры кожным зручным выпадку, пакуль была ў сілах, яна ездзіла на службу ў Жыровіцкі манастыр.

У “ліхія” 1990-я гады, калі распаўся Савецкі Саюз, надышлі смутныя часы. Панавалі злачыннасць, уседазволенасць, беззаконне. А яшчэ пачалося беспрацоўе. У той час у сям’і сына Валянціны Іосіфаўны Уладзіміра нарадзілася трэцяе дзіця. Сродкаў на жыццё катастрафічна не хапала, зарплаты своечасова не выплачвалі. Уладзімір прыняў рашэнне ехаць на заробкі на Поўнач, дзе абяцалі добрую зарплату.

Можна ўявіць перажыванні маці, якая разумела, як яе дзіця рызыкуе, бо кошт чалавечага жыцця для жадаючых нажыцца на іншых была невялікая. Небяспека чакала мужчыну на кожным кроку. Прыехаўшы ў водпуск дадому, Уладзімір расказаў, як аднойчы ледзь не загінуў у дрыгве, выконваючы даручаную працу. І калі б не кранаўшчык з пад’ёмным кранам, які апынуўся побач, здарылася б непапраўнае. Але малітва маці захоўвала яго.

Уладзімір зноў паехаў у далёкія краі, не паддаўшыся на ўгаворы блізкіх, а Валянціна Іосіфаўна слёзна малілася Царыцы Нябеснай, каб сын пакінуў працу на Поўначы і вярнуўся дадому жывы і здаровы. “Калі выканаеш Ты, Найсвяцейшая Маці, маю просьбу, я паеду ў Жыровічы і на каленях перад Тваім цудатворным абразам адстаю службу”, – прасіла за сына маці.

І яе малітвы былі пачутыя. Уладзімір нечакана звольніўся і вярнуўся дадому. Толькі вось пра сваё абяцанне Багародзіцы Валянціна Іосіфаўна зусім забылася.

Прайшоў год. Аднойчы ў сне ўбачыла жанчына Маці Божую, якая наказала быць у суботу ў Жыровічах на службе, узяўшы з сабой унука Паўла, і тройчы паўтарыла Свой наказ. Здарылася гэта напярэдадні святкавання дня памяці прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага. Не адкладаючы, Валянціна адправілася ў манастыр і прастаяла на каленях ля цудатворнай іконы Маці Божай ва Успенскім саборы ўсю вячэрнюю службу са слязьмі падзякі.

Прайшоў час. Унук паступіў у Духоўную семінарыю, а затым – у Духоўную акадэмію. У дзень святкавання памяці прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага Павел быў пасвечаны ў святарскі сан.

Сёння ўнук Павел служыць святаром у аграгарадку Доры Валожынскага раёна, унук Аляксандр заканчвае Маскоўскую духоўную семінарыю, унучка Алена выйшла замуж за святара і жыве ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна.

“Жыццё пражыць – не поле перайсці” – гаворыць народная прыказка. А праваслаўны чалавек ведае, што шлях да выратавання ляжыць праз хваробы і смутак. Валянціна Іосіфаўна свой нялёгкі крыж несла па жыцці ўдзячна, хоць пахавала сына па хваробе сэрца, а праз пяць гадоў і мужа. За 23 гады да смерці Віктар Уладзіміравіч страціў зрок, і клапатлівая жонка прыводзіла яго на набажэнствы: абодва былі перакананыя, што жыццё па-за Царквой немагчымае.

Сёння стан здароўя ўжо не дазваляе Валянціне Іосіфаўне бываць на набажэнствах у храме, але малітва заўсёды з ёй – і ў сэрцы, і на вуснах. Просіць яна Найсвяцейшую Багародзіцу аб міры на зямлі нашай, Святым покрыве яе над Беларуссю, аб сваіх дзецях і ўнуках.

“Калі б не Пакроў Прачыстай Маці Госпада нашага, хто ведае, якімі былі б мы і якое было б наша жыццё, – дзеліцца Валянціна Іосіфаўна. – Найсвяцейшая Багародзіца заўсёды побач. Яна чуе кожнае ўздыханне наша да яе, кожнае наша прашэнне, калі яно богаўгоднае. Трэба толькі быць удзячным Ёй”. Праз усё сваё жыццё, многія выпрабаванні Валянціна Іосіфаўна пранесла веру ў Бога, любоў да Найсвяцейшай Багародзіцы.

Іаан КІСЕЛЬ,
благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі