Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Свежыя навіны

З 18 па 24 студзеня 2021 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 46 паведамленняў, 2 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 18 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 26 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 6 правапарушальнікаў, узбуджана 7 крымінальных спраў.

Скраў пенсію састарэлай зямлячкі

Жыхар адной з вёсак нашага раёна, які працуе жывёлаводам, вырашыў палепшыць сваё матэрыяльнае становішча злачынным шляхам. У адзін са студзеньскіх дзён ён завітаў у госці да пажылой зямлячкі, 1930 года нараджэння. Пасля візіту аднавяскоўца бабуля недалічылася 100 рублёў пенсіі. Узбуджана крымінальная справа.

Няшчасны выпадак на паляванні

22 студзеня раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на жыхара сталіцы за прычыненне смерці па неасцярожнасці. У лясным масіве паблізу вёскі Кашкалы ў час палявання мужчына не прыняў належных мераў бяспекі (не ўпэўніўся ў адсутнасці людзей у зоне стрэлу) і двойчы стрэліў па дзікай жывёліне з паляўнічага наразнога ружжа. У выніку ён нанёс пранікаючае агнястрэльнае раненне грудной клеткі злева егеру лясніцтва, ад якога праз некалькі гадзін пацярпелы памёр у бальніцы.

Супрацьдзейнічаў расходным аперацыям

Падману з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій паверыла чарговая наша зямлячка. 21 студзеня зламыснік з дапамогай махлярства, нібыта для супрацьдзеяння несанкцыянаваным расходным аперацыям, вымусіў жыхарку Дзятлава аформіць крэдыт на 5100 рублёў у МТБанку і праз плацёжны тэрмінал ААТ “Префект груп плюс” у горадзе Слоніме пералічыць на яго рахунак 4830 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама