Калонка рэдактара. Успомніць дзяцінства

Важнае Грамадства

Аднойчы на вуліцы назірала наступную карціну.

Ішлі маладая мама, бабуля і маленькая дзяўчынка, гады два, два з паловай. І зашчымела ў мяне сэрца, калі гэтая мама са злосцю адпусціла ручку сваёй маленькай дачушкі і насварылася на яе. І вось ідзе дзяўчынка ззаду мамы і бабулі, а слёзы ручаём цякуць па яе шчочках, ледзь не замярзаючы на марозе. Няшчасная, пакараная, адна, але самае галоўнае – не зразумелая матуляй, самым родным чалавекам на свеце. Здаецца, большага гора і не прыдумаеш. І што ёй рабіць?

Тое, што ўзрост капрызны – зразумела, што ўсё дазваляць дзіцяці не трэба – таксама зразумела. Але чаму нельга паспрабаваць стаць на месца гэтага малога і адчуць, як цяжка, калі цябе ніхто не разумее?

Вядома, выхаванне – працэс няпросты і доўгі. І калі мы яшчэ ўбачым вынікі бацькоўскай працы? Убачым, кожны ў свой час, хтосьці раней, хтосьці пазней, а нехта, можа, толькі ў старасці, калі пашанцуе. Але калі яшчэ ёсць час, то варта пра гэта задумацца і задумацца вельмі сур’ёзна.

Мне здаецца, што чым больш прагрэс рухаецца наперад, чым наша жыццё становіцца больш камфортным, тым больш гэтыя з’явы аддаляюць дарослых ад дзяцей.

Я ўспамінаю расказы сваіх бацькоў. Яны не могуць пахваліцца нечым асаблівым са свайго дзяцінства. Усе размовы зводзяцца да таго, што яны, калі былі дзецьмі, з’яўляліся паўнапраўнымі членамі сваіх сем’яў, на іх былі ўскладзены пэўныя сур’ёзныя абавязкі. Асноўным іх заняткам і забаўкай была праца, прычым аднолькава з дарослымі. І нягледзячы на цяжкасці, адсутнасць розных гаджэтаў, цацак (як у сучасных дзяцей), такога выбару прысмакаў, яны былі шчаслівыя па-свойму.

Цяпер нашым дзецям прадастаўлены вялікія магчымасці. Ці толькі дзецям? Бацькі стараюцца для іх з усіх сіл. Дзіця яшчэ не нарадзілася, а “пасаг” ужо падрыхтаваны, на чаргу ў дзіцячы сад – амаль сталі, у якія гурткі аддаць – падумалі, не забыліся і пра школу, у якую хацелі б аддаць дзіця, кім стане – таксама паклапаціліся.

Усё гэта вельмі добра! Але часам узнікае пытанне, ці не забіраем мы ў дзіцяці дзяцінства і ці не пазбаўляем яго права выбару? Ці не скажа яно, стаўшы дарослым, што гэта было тваё жаданне, мама ці тата, я яго выканаў, а цяпер займуся тым, што мне падабаецца?

Я думаю, найперш трэба паклапаціцца аб тым, каб нашы дзеці выраслі годнымі людзьмі. Ім неабходны цяпло і ласка, любоў і спагада, падтрымка і павага, асабісты прыклад, бо нават маленькі – ён ЧАЛАВЕК. Дзецям не патрэбны загады, павучанні, з імі трэба дамаўляцца і дамаўляцца на роўных.

Успомніце сваё дзяцінства і зрабіце дзяцінства сваіх дзяцей шчаслівым! І няхай свой выбар у жыцці ў іх будзе самастойны пры вашай шчырай падтрымцы!

 Наталля КАЛОДКА