Акцыя «Нашы дзеці». Каб не страціць веру ў цуд

Важнае Грамадства

Блізяцца Калядкі, і значыць святы працягваюцца, а разам з імі і вера ў цуд.

У гэты час хочацца зрабіць як мага больш дабра, падарыць камусьці часцінку свайго душэўнага цяпла, падтрымаць добрым словам і справай.

Напярэдадні Каляд мы ладзілі навагодняе свята для нашых дзетак са шматдзетных сем’яў і сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Выхаванцы разам са Снягуркай запалілі агні на навагодняй ёлачцы, паспявалі ёй песні, павадзілі карагоды. Затым у госці да дзяцей прыйшоў вясёлы і няўрымслівы Снегавік, які ладзіў для дзятвы цікавыя гульні. А каб наш Снегавік не растаў падчас рухомых гульняў і застаўся разам ля нашай ёлачкі, дзеці дружна паклікалі Дзеда Мароза. Нарэшце з’явіўся доўгачаканы Дзед Мароз, які падмарозіў Снегавіка, каб той не растаў. А яшчэ ён хацеў замарозіць рукі, нос, шчочкі, вушкі нашых выхаванцаў, але нічога ў яго не атрымалася. Затым усе разам пагулялі ў “снежкі”, пакаталі Дзеда Мароза пад музыку на навагоднім паравозіку, расказалі яму вершы і, канешне, атрымалі за гэта падарункі.

Калектыў Гезгалаўскага ясляў-сада выказвае шчырыя словы падзякі людзям з добрым сэрцам, без якіх цуд быў бы не поўным: індывідуальным прадпрымальнікам Л.Б. Лашчэўскай і І.Э. Болбат, якія не першы год адклікаюцца на просьбы дапамагчы стварыць навагодняе свята для выхаванцаў.

Хочацца, каб падчас калядных святаў у душах і дзяцей, і дарослых запаліліся, як на той навагодняй ёлачцы, агеньчыкі дабрыні, надзеі, спагады, любові, і, як тая Віфлеемская зорка, якая некалі паказвала дарогу вешчунам, кожнаму свяціла свая зорка веры, поспеху, душэўнага цяпла, замілавання.

Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны Гезгалаўскага ясляў-сада



Теги: