Жыццё пасля каранавіруса

Грамадства Свежыя навіны

Каранавірус – тэма, якая сёння на слыху ва ўсіх.

Нас навучылі правільна засцерагацца ад захворвання, растлумачылі, куды звяртацца захварэлым і як далей лячыцца. Але тэма посткаранавіруснага перыяду так і застаецца белай плямай для многіх. Карэспандэнтка газеты “Перамога” задала хвалюючыя пытанні па гэтай тэме доктару-тэрапеўту, выконваючай абавязкі намесніка галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Таццяне Свіб.

– Ці прадугледжана медыцынскае суправаджэнне для тых, хто хварэў на COVID-19?

– Так, медыцынскае суправаджэнне мяркуецца для хворых на каранавірус, але найперш для тых, хто хварэе ў цяжкай форме (кавідныя пнеўманіі). У праграму медыцынскага суправаджэння ўваходзяць назіранне ўчастковага тэрапеўта або доктара агульнай практыкі і лабараторны кантроль (рознапланавыя аналізы крыві) і, па паказаннях, кансультацыі вузкіх спецыялістаў – кардыёлага, рэўматолага, пульманолага і іншых. У асобных выпадках – камп’ютарная тамаграфія праз 3 і 6 месяцаў, у залежнасці ад формы пнеўманіі.

– Як быць, калі тэрмін ізаляцыі па каранавірусе закончыўся, але адчуванне пацыента не палепшылася?

– У любым разе чалавек, у якога заканчваецца тэрмін ізаляцыі, звяртаецца ў паліклініку да доктара-інфекцыяніста для таго, каб закрыць бальнічны ліст. Пацыент праходзіць абследаванне, калі трэба, здае аналізы, на аснове якіх доктар робіць выснову аб яго выздараўленні або працягу лячэння. 80 % кантактаў першага ўзроўню пры закрыцці бальнічнага адчуваюць сябе здавальняюча. Некаторы час пасля хваробы можа заставацца некаторая слабасць, стамляемасць, якія праходзяць на працягу аднаго-двух тыдняў. Калі вас нешта непакоіць, варта аб гэтым паведаміць інфекцыяністу або ўчастковаму тэрапеўту.

– Як лепш падтрымаць імунітэт пасля захворвання на COVID-19 і як не нашкодзіць сабе, умацоўваючы здароўе?

– Нічога новага ва ўмацаванні імунітэту не варта прыдумваць, замацуем вядомае. Нумар адзін – гэта практыкаванні для дыхання, бо ў першую чаргу вірус паражае дыхальную сістэму. Акрамя таго, прагулкі на свежым вільготным паветры, лячэбная фізкультура. Да таго ж, правераныя метады, якімі мы, на жаль, грэбуем у

наш мітуслівы час: паўнацэнны сон, здаровае збалансаванае харчаванне, полівітаміны. Не забывайце праветрываць памяшканні і праводзіць вільготнае прыбіранне як дома, так і на працы.

– Нярэдкія ўскладненні, якія надыходзяць пасля каранавіруса. Якія яны могуць быць і як іх пераадолець?

– Калі захворванне працякала не ў лёгкай форме, у яго выніку могуць парушацца функцыі любога органа. Найперш гэта лёгкія, ныркі, вельмі часта сустракаюцца парушэнні сну, псіхаэмацыянальныя расстройствы. У пацыентаў, якія пераносяць кавідную пнеўманію, існуе рызыка развіцця фіброзу лёгкіх (разрастання злучальнай тканкі), і гэта незваротны працэс. Таму трэба пастарацца не дапусціць іх.

– Ці ўплываюць узрост і хранічныя захворванні на лячэнне каранавіруса і аднаўленне пасля хваробы?

– Так, уплываюць. Людзі ва ўзросце ад 50 гадоў і людзі, якія маюць хранічныя хваробы, найперш гэта цукровы дыябет, атлусценне, захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, захворванні лёгкіх (бранхіяльная астма, хранічная абструкцыйная хвароба лёгкіх), захворванні спалучальнай тканіны, анкалагічныя захворванні, рызыкуюць хварэць на каранавірус у больш цяжкай форме. Тым не менш, рызыка захварэць і складана пераносіць COVID-19 застаецца ва ўсіх узроставых групах.

– Каму патрэбна медыцынская рэабілітацыя пасля COVID-19 і куды па яе звяртацца?

– Будзем шчырымі, захворванне на каранавірус ні для каго не праходзіць бясследна. Наступствы могуць быць ад парушэння сну – да фіброзу ў лёгкіх. Вірус дастаткова новы, таму не вывучаны аддаленыя наступствы, якія могуць быць праз год або пяць. Таму рэабілітацыю трэба пачынаць як мага раней. Пасля перанесенага захворвання ў пацыентаў можа захоўвацца астэнізацыя, задышка, слабасць, галаўны боль, павышаная патлівасць, прыгнечаны настрой. Гэтаму сімптомакомплексу вучоныя далі назву – “посткавідны сіндром” або “поствірусная астэнія”. Усім людзям, якія хварэлі на каранавірус, нават у лёгкай форме, патрэбна як мінімум псіхалагічная рэабілітацыя (індывідуальная або групавая тэрапія, пры неабходнасці – падтрыманне лекавымі сродкамі). Тыя, хто перанёс каранавірус у сярэднецяжкай або цяжкай форме, маюць патрэбу ў абавязковай комплекснай рэабілітацыі. Для людзей, якія знаходзяцца ў стацыянары, рэабілітацыя пачынаецца там. У асобных выпадках вырашаецца пытанне аб санаторна-курортным аздараўленні. Гэта ўсё прыёмы самастойнага ўмацавання здароўя, якія павінны праводзіцца згодна з кансультацыяй тэрапеўта.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: