У Дзятлаве ўрачыста здалі дом у эксплуатацыю

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

30 снежня для дзятлаўчан адбылася знакавая падзея адыходзячага 2020 года: прайшло ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі шматкватэрнага жылога дома па вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ № 2 у Дзятлаве.

Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснікі, кіраўнікі службаў, арганізацый грамадскіх аб’яднанняў раёна, гараджане.

– Паважаныя дзятлаўчане і госці горада, яшчэ год таму мы і не ўяўлялі, што ў нашым райцэнтры будзе адкрыты такі прыгожы будынак на 33 кватэры, якія збіраемся размеркаваць паміж маладымі спецыялістамі і грамадзянамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, – звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. – На рэканструкцыю нежылога будынка былі патрачаны 2 мільёны рублёў. За некалькі месяцаў ва ўтульны дом яго ператварылі работнікі Шчучынскага МПМК-167. Тут ёсць 18 аднапакаёвых, 12 двухпакаёвых, 3 трохпакаёвыя кватэры. Добраўпарадкавана прыдамавая тэрыторыя, дзе з’явілася дзіцячая пляцоўка з малымі архітэктурнымі формамі, паркоўка, тратуары, газоны. За ўвасабленне мары ў жыццё і аказанне дапамогі ў выдзяленні сродкаў хачу выказаць словы падзякі старшыні камітэта архітэктуры і будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама Міхаілу Петуху. Таксама дзякую кіраўніцтву Шчучынскага МПМК-167 і асабіста дырэктару Аляксандру Смірнову за якасную і своечасова выкананую работу, за прыгожы дом, які з’явіўся ў нашым горадзе. Будучым навасёлам жадаю, каб пад гэтым дахам яны сустрэлі толькі мір, дабро, утульнасць і сямейны дабрабыт.

Андрэй Садоўскі ўручыў Ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама дырэктару Шчучынскага МПМК-167 Аляксандру Смірнову.

Падзячнымі пісьмамі райвыканкама адзначаны работнікі будаўнічага прадпрыемства Алена Сіпайла, Леанард Чарняўка, Андрэй Шкода.

У сваю чаргу Аляксандр Смірноў падзякаваў кіраўніцтву і адказным службам Дзятлаўскага раёна за цеснае супрацоўніцтва, якое паспрыяла выкананню работ у сціслы тэрмін.

Ён уручыў Андрэю Садоўскаму сімвалічны ключ ад новага дома.

Паколькі балансаўтрымальнікам будынка будзе Дзятлаўскі РУП ЖКГ, ключ перадалі яго дырэктару Сяргею Луні.

Сімвалічную чырвоную стужку на уваходзе ў новы дом перарэзалі Андрэй Садоўскі, Аляксандр Смірноў і Сяргей Луня.

Затым прысутных запрасілі на невялікую экскурсію, у час якой можна было на ўласныя вочы пабачыць утульныя пакоі, светлыя калідоры, камфортныя лесвічныя маршы.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: