Сіла законаў – у служэнні людзям

Важнае Свежыя навіны Улада

Такую думку ў час свайго чарговага візіту на Дзятлаўшчыну выказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.

29 снежня ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце ён правёў апошнюю ў 2020 годзе ў нашым раёне прамую тэлефонную лінію.

З пытаннямі да Уладзіміра Аляксандравіча патэлефанавалі шэсць жыхароў Дзятлаўшчыны. Так, жыхарка гарадскога пасёлка Казлоўшчына цікавілася, ці ёсць магчымасць аснасціць Дзятлаўскую цэнтральную раённую бальніцу камп’ютарным тамографам. Дэпутат паабяцаў пагутарыць на гэту тэму з кіраўніцтвам раёна.

Жыхар аграгарадка Вензавец хацеў даведацца, калі пасля рамонту будзе адкрыты мясцовы ФАП. На гэта пытанне дэпутату даў адказ намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён зазначыў, што для Вензавецкага ФАПа закуплены неабходныя будаўнічыя матэрыялы, вядуцца рамонтныя работы, завяршыць якія плануецца ў лютым 2021 года.

Жыхарку іншага раёна, якой у спадчыну дастаўся бацькоўскі дом у вёсцы Ахонава, цікавіла, ці зможа яна скарыстацца льготамі пры аплаце за ўстаноўку газавага балона ў гэтым доме. Уладзімір Сіняк патлумачыў жанчыне, што паводле Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2014 года № 571 права на льготы  пры забеспячэнні звадкаваным вуглевадародным газам ад індывідуальнай балоннай устаноўкі маюць спажыўцы, якія з’яўляюцца непрацуючымі пенсіянерамі, дасягнуўшымі агульнавызначанага пенсійнага ўзросту.

Тлумачэнні сваіх пытанняў адразу ў час тэлефоннай размовы з дэпутатам атрымалі жыхар аграгарадка Вензавец, які хацеў даведацца аб парадку адстрэлу дзікага кабана, і жыхарка вёскі Труханавічы, якую цікавіў парадак аплаты зямельнага падатку і падатку на нерухомасць.

Апошні тэлефонны званок паступіў ад жыхара райцэнтра. Мужчыну хваляваў стан дарожнага пакрыцця вуліцы Кірава, каля шматкватэрнага жылога дома, рэканструкцыя якога на днях завершыцца. За адказам Уладзімір Сіняк звярнуўся да дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргея Луні. Кіраўнік камунгаса запэўніў дэпутата, што гэта праблема на кантролі, ужо заўтра гэты ўчастак вуліцы будзе адрамантаваны.

Напрыканцы прамой тэлефоннай лініі карэспандэнтка газеты пацікавілася ў Уладзіміра Сіняка, якім для яго, як для дэпутата, быў 2020 год.

– Мінулы год маёй работы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь быў насычаны актыўнай законатворчай дзейнасцю. Працуючы над законапраектамі, я заўсёды зыходзіў з прынцыпу: “Сіла законаў – у служэнні людзям”, – падкрэсліў Уладзімір Аляксандравіч. – Дэпутатам цяперашняга сазыву ўдалося, на мой погляд, значна расшырыць сацыяльную прававую прастору. Незалежна ад таго, якой сферы тычыліся законы, яны разглядаліся парламентарыямі праз прызму абароны інтарэсаў людзей. Усяго за гэты перыяд Палата прадстаўнікоў прыняла 80 законапраектаў. З’яўляючыся членам Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі хачу сказаць, што асаблівая ўвага парламентарыяў надавалася разгляду пытанняў, звязаных з энергетычнай бяспекай, паляпшэннем транспартнай лагістыкі і паштовай сувязі.

За год нашай камісіяй былі падрыхтаваны і прыняты наступныя законапраекты: Закон Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях перавозкі небяспечных грузаў і прамысловай бяспецы”; Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 лістапада 2017 года (у частцы фарміравання агульнага электраэнергетычнага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза)”; Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ратыфікацыі Другога дадатковага Пратакола да Сусветнай паштовай канвенцыі”; Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб парадку арыентавання цэнаў (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2011 года”;  Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве і будаўніцтве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь атамнай электрастанцыі ад 15 сакавіка 2011 года”; Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб прадастаўленні Ураду Рэспублікі Беларусь дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2011 года”; Закон Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў”.

На працягу года пастаянна сустракаўся з выбаршчыкамі ў сваёй акрузе. Правёў 12 сустрэч у працоўных калектывах, на якіх падрабязна інфармаваў аб сваёй рабоце ў Палаце прадстаўнікоў, а таксама адказаў на шматлікія пытанні грамадзян. У час такіх сустрэч кіраўнікі працоўных калектываў звярталіся да мяне з рознымі просьбамі, якія вырашаліся на месце ці прадпрымаліся дадатковыя меры па вырашэнні праблем.

Я правёў два прыёмы грамадзян, якія наведалі 18 выбаршчыкаў, а таксама 14 прамых тэлефонных ліній. Па розных пытаннях звярнуліся 58 выбаршчыкаў. У час вырашэння пытанняў, пастаўленых грамадзянамі, даводзілася звяртацца да кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

На кантролі ў мяне знаходзяцца пытанні, якія тычацца работы ачышчальных збудаванняў Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, медыцынскага абслугоўвання насельніцтва раёна.

Варта адзначыць, што сваю работу ў выбарчай акрузе стараюся будаваць у цесным кантакце з кіраўніцтвам Дзятлаўскага і Лідскага райвыканкамаў, што ў значнай ступені дапамагае вырашыць жыццёва важныя праблемы выбаршчыкаў.

Пасля размовы з карэспандэнткай Уладзімір Сіняк у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” наведаў сацыяльны прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, дзе сустрэўся з дырэктарам установы Алай Жэгалік і ўручыў салодкія падарункі траім дзецям, якім давялося сустракаць тут навагоднія святы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: