Патрыятызм пад сцягам Радзімы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Менавіта такую назву атрымаў анлайн-круглы стол, які прайшоў на базе рэдакцыі газеты “Перамога” напярэдадні падрыхтоўкі да друку чарговай моладзевай старонкі.

Расказаць аб сістэме ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі Дзятлаўшчыны мы запрасілі галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі райвыканкама Алену Гарановіч, у якасці другога эксперта выступіў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, які расказаў аб арміі як школе мужнасці, грамадзянскасці, патрыятызму. Сваім жыццёвым вопытам і меркаваннямі па тэме дзяліліся нашы землякі Павел Юдзеніч і Аксана Мазурэвіч.

Сёння вядзецца шмат размоў аб грамадзянскасці, патрыятызме, павазе да дзяржаўных сімвалаў. Улічваючы важнасць пытання, а таксама рэаліі нашага часу, працэсы, якія адбываюцца ў краіне, у якіх актыўны ўдзел прымае і маладое пакаленне, хацелася б даведацца, як у Дзятлаўскім раёне адбываецца фарміраванне асобы грамадзяніна-патрыёта, які з павагай адносіцца да гістарычнага мінулага і сімвалаў сваёй краіны.

Алена Гарановіч: для павышэння эфектыўнасці работы ў гэтым кірунку задзейнічаны розныя рэсурсы: актыўна выкарыстоўваецца ўрочная і пазаўрочная, музейная і праектная дзейнасць, выхаванне сродкамі дзіцячых арганізацый БРПА і БРСМ, магчымасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, іншае.

Важным аспектам з’яўляецца выхаванне маладога пакалення на гераічнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Так, да 75-годдзя Вялікай Перамогі рэалізаваны маштабныя раённыя праекты: інтэрнэт-праект “Захоўваем мінулае, цэнім сучаснае, будуем будучыню!”, міжмузейны анлайн-праект-конкурс “Памяць сэрца”, праект “Вялікая Айчынная вайна ў мадэлях і дыярамах”, сацыяльна значны праект “Добраахвотнае ONLINE-агенцтва “Валанцёры – Дзятлаўшчыны – малой радзіме”, “Марафон патрыятычных спраў”.

Удзел у праектнай дзейнасці дапамагае навучэнцам адчуць сацыяльную значнасць сваіх спраў, удасканаліць важныя якасці асобы, перш за ўсё грамадзянскасць і патрыятызм. Пры гэтым, выхаванне патрыятызму абавязкова ўключае ў сябе ідэалагічны аспект: палітычную культуру, паважлівыя адносіны да дзяржаўных сімвалаў – Герба, Сцяга, Гімна Рэспублікі Беларусь, органаў дзяржаўнай улады. У выхаваўчай рабоце па прывіцці павагі да дзяржаўнай сімволікі абавязкова ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці вучняў. Агульная накіраванасць уздзеяння дзяржаўнай сімволікі на свядомасць і паводзіны захоўваецца на ўсіх узроставых этапах станаўлення асобы.

Генадзь Суравец: сёння армія сапраўды з’яўляецца адной з важнейшых школ жыцця для любога мужчыны, бо там, як нідзе, праяўляюцца яго найлепшыя якасці – воля, сіла, характар. А неад’емнай часткай воінскай службы з’яўляецца дзяржаўная сімволіка. Без Сцяга, Герба, Гімна не абыходзіцца ні адно армейскае мерапрыемства, пачынаючы ад прысягі на вернасць народу Рэспублікі Беларусь і заканчваючы момантам звальнення з Узброеных Сіл, калі праходзіць урачыстае развітанне. Адзначу, што ўсе юнакі, якія прайшлі армію, больш свядома і разборліва ставяцца да паняццяў “патрыятызм”, “абавязак”, “абаронца Айчыны”. Час службы ва Узброеных Сілах ідзе на карысць кожнаму, бо армія – гэта своеасаблівы экзамен на званне сапраўднага мужчыны.

Павел Юдзеніч: я ўжо адслужыў тэрміновую службу ў арміі, рыхтуюся застацца служыць па кантракце. Першыя мае паўгода прайшлі ў вучэбным цэнты ў Печах пад Барысавам, астатні час – у Гродне на Фолюшы. Атрымаў ваенную спецыяльнасць наводчыка-аператара баявой машыны. Камандзіры ацанілі мае ўменні і прапанавалі застацца на кантракт. Згадіўся, і гэта мой усвядомлены выбар. Безумоўна, самай важнай падзеяй у арміі, аб якой засталіся незабыўныя ўспаміны, была прысяга. Гэта вельмі ўрачыстае, адказнае мерапрыемства з вялікай колькасцю людзей, сярод якіх родныя і блізкія. Гучыць Гімн, развіваецца беларускі Сцяг, і мы, навабранцы, чытаем тэкст прысягі, клянёмся служыць народу Рэспублікі Беларусь, сваёй Айчыне. Было вельмі хвалююча, хто прысягаў, мяне разумее.

Якая работа па выхаванні палітычнай і грамадзянскай культуры ў юных дзятлаўчан вядзецца ва ўстановах адукацыі раёна?

Алена Гарановіч: гэтаму спрыяюць інфармацыйныя гадзіны, Адзіныя дні інфармавання ў рамках рэспубліканскага праекта “ШАГ”, гутаркі, кіналекторыі, відэалекторыі, канферэнцыі на тэмы “Пра што расказвае наш Герб”, “Колеры нашага Сцяга”, “Роля і значэнне сімволікі Рэспублікі Беларусь”, “Сімволіка Рэспублікі Беларусь у сістэме ідэалагічных каштоўнасцяў дзяржавы”. Актыўна выкарыстоўваецца выхаваўчы патэнцыял урокаў гісторыі, грамадазнаўства, літаратуры. Працуюць факультатывы, гурткі, праходзяць клубныя заняткі па тэмах: “Я – грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь”, “Зямля пад белымі крыламі”, “Беларусь – мая песня”. Больш глыбока, наглядна вывучыць гісторыю краіны, паходжанне яе сімволікі дапамагаюць экскурсіі па гістарычных мясцінах Рэспублікі Беларусь, паходы па месцах баявой і працоўнай славы, у краязнаўчыя і іншыя музеі краіны. Музеям належыць адна з галоўных роляў у патрыятычным выхаванні. Напрыклад, у Гезгалаўскай сярэдняй школе працуе ўнікальны музей “Гісторыя ваеннага гарадка”. Тут дзеці не на словах, а на справе дакранаюцца да рэліквій, якія не могуць не крануць дзіцячую душу. За гады існавання музей ператварыўся ў сапраўдны цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання.

Далейшае асэнсаванне палітычнай і маральнай сутнасці сімвалаў дзяржавы патрабуе пашырэння і паглыблення ўяўленняў вучняў аб грамадзянскіх абавязках. Для гэтага сістэматычна праводзяцца класныя і інфармацыйныя гадзіны: “Асноўны закон нашага жыцця”, “Святы абавязак грамадзяніна – шанаваць і берагчы сімвалы нашай дзяржавы”, “Правілы адносінаў да сімвалаў дзяржавы”. Для ўмацоўвання гонару і павагі да сімволікі дзяржавы ў змест выхаваўчых мерапрыемстваў уключаюцца факты і эпізоды, якія характарызуюць адносіны нашых знакамітых суайчыннікаў, вайскоўцаў, спартсменаў да беларускіх Сцяга, Герба і Гімна.

З усіх канстытуцыйных абавязкаў грамадзяніна Беларусі адзін вызначаны як святы – гэта абарона Радзімы. Як на Дзятлаўшчыне рыхтуюць будучых абаронцаў Айчыны?

Алена Гарановіч: беларускае грамадства зацікаўлена ў тым, каб на службу ва Узброеныя Сілы прыходзілі юнакі, здольныя з годнасцю і гонарам выконваць свой канстытуцыйны абавязак па абароне Айчыны. На дасягненне гэтай задачы скіраваны вучэбны прадмет “Дапрызыўная падрыхтоўка”, для вывучэння якой у раёне арганізаваны тры апорныя кабінеты, а таксама пазакласная работа, ваенна-патрыятычныя летнікі. Трэці год на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава функцыянуе клуб “Юны стралок”. У юнакоў фарміруецца фізічная гатоўнасць да ваеннай службы, пачуццё грамадзянскасці, патрыятызму, калектывізму, асновы культуры ўзаемаадносінаў. На ўсвядомлены выбар прафесіі ваеннага станоўча ўплываюць штогадовыя сустрэчы з курсантамі ваенных установаў, экскурсіі ў воінскія часці, сустрэчы з прадстаўнікамі ваенкаматаў, воінамі-інтэрнацыяналістамі, вайскоўцамі.

Генадзь Суравец: што тычыцца сістэмы адукацыі раёна, гэта сапраўды так. І калі прааналізаваць статыстыку за апошнія пяць гадоў, то практычна штогод каля 10-15 юнакоў падаюць у ваенкамат заявы для паступлення на ваенныя спецыяльнасці. Летась восем юнакоў пайшлі на службу па кантракце, сёлета яшчэ 16 вырашылі звязаць сваё жыццё з Узброенымі Сіламі. Адзначу, што паводле заканадаўства служыць па кантракце цяпер могуць і тыя маладыя людзі, якія не прызываліся ў армію. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць бацькам юнакоў за тое, што ў большасці сваёй яны з разуменнем адносяцца да службы сыноў. Гэта немалаважны фактар, бо якасці асобы будучага абаронца Айчыны закладваюцца з сям’і. У далейшым з воінскіх часцей мы атрымліваем нямала станоўчых водгукаў аб службе землякоў і Падзячных пісьмаў для іх бацькоў. Абавязкова даводзім інфармацыю да родных, каб яны ганарыліся сваімі дзецьмі. Зазначу, што нядаўна міністр абароны Рэспублікі Беларусь агучыў ідэю аб стварэнні Цэнтра патрыятычнага выхавання беларускай моладзі на базе Брэсцкай крэпасці. Таму, упэўнены, што ўзаемадзеянне ваенных камісарыятаў са школамі па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення стане яшчэ больш цесным і плённым.

Тое, што служаць дзятлаўскія хлопцы годна і арміі баяцца не варта, пацвердзіла Аксана Мазурэвіч, мама, сын якой нядаўна вярнузся з арміі: мой Віктар служыў у Брэсцкай 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Парадавала, што кіраўніцтва яго часці трымала сувязь з бацькамі ваеннаслужачых, мы ў любы момант маглі тэлефанаваць з пытаннямі. Самыя яркія ўражанні засталіся ад прысягі сына. Прысягу падраздзяленне Віктара прымала на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, было вельмі прыгожа і ўрачыста, нягледзячы на халодны дзень. На Дзень маці сёлета мяне чакаў прыемны сюрпрыз: ваенны камісар уручыў кветкі і Падзячнае пісьмо з часці за службовыя поспехі сына. Віця вярнуўся напрыканцы лістапада, як і раней пазітыўны і жыццярадасны. На ўласным вопыце мы ўпэўніліся, што баяцца арміі не варта.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup