Новы год заглянуў у вокны, пастукаў у дзверы

Грамадства Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне навагодніх сюрпрызаў дачакаліся не толькі дзеці, але і пажылыя людзі, якія маюць патрэбу ў клопаце і ўвазе.

Дзякуючы старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алене Васкель, старшыні раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіне Касцюк, калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і наведвальнікам яго аддзяленняў (дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” і дзённага знаходжання для пажылых людзей) свята завітала да насельнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў, што знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына.

Цяпер гэта ўстанова працуе ў закрытым рэжыме, каб зберагчы сваіх падапечных ад каранавірусу. Але, калі навагодні настрой не пускаюць у дзверы, ён абавязкова зазірне ў вокны. Таму госці апрануліся ў Дзеда Мароза і Снягурачку, прывезлі з сабой расцяжку “З новым годам” і ў двары пад вокнамі дарылі бабулям і дзядулям добры настрой, а падарункі для насельнікаў перадалі праз работніцу аддзялення.

Па дарозе заехалі да маладога інваліда, сказалі і яму цёплыя словы падтрымкі, уручылі падарунак.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі мерапрыемства