Навагодні зварот старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэя Уладзіміравіча Садоўскага

Галоўнае Улада

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Прыміце самыя цёплыя і шчырыя віншаванні з надыходзячым Новым годам – святам, якое дорыць нам шчасце і радасць, нясе ў кожны дом цяпло і ўтульнасць!

Нягледзячы на тое, што адыходзячы год быў не з лёгкіх, нам удалося вырашыць мноства надзённых задач: з’явіўся шэраг новых аб’ектаў, адкрыліся новыя вытворчасці, створаны новыя рабочыя месцы.

Мы ганарымся нашымі вынікамі ў будаўнічай галіне – тэмп росту аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ за студзень-кастрычнік 2020 года склаў 246,2 % у супастаўных умовах да адпаведнага перыяду 2019 года.

У 2020 годзе пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю два гандлёвыя аб’екты: магазіны “Капеечка” і “Санта”. Пабудаваны новы будынак лесапільнага цэха “Вензавец” ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, пабудавана станцыя абезжалезвання ў аграгарадку Раготна.

Праведзена рэканструкцыя кафэ “Паніква” пад шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны цэнтр, зроблены капітальныя рамонты з элементамі мадэрнізацыі жылога дома № 3 у аграгарадку Гезгалы, жылога дома № 39а па вуліцы Чырвонаармейскай у гарпасёлку Наваельня. У гарпасёлку Казлоўшчына завершаны работы па мадэрнізацыі завулка Школьнага, капітальным рамонце вуліцы Чырвонаармейскай з устаноўкай агароджаў, а таксама па добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі шматпавярховых жылых дамоў № 9, 11, 11а, 15а, 15б, 15в па вуліцы Савецкай і № 44а па вуліцы Леніна. Зроблены капітальны рамонт сетак водаправода і каналізацыі па вуліцах Дварчаніна, Фогеля.

Вялікая ўвага надаецца жыллёваму будаўніцтву ў раёне. У аграгарадку Круцілавічы пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 4-кватэрны жылы дом (305 кв. м). Завершаны работы па рэканструкцыі нежылога будынка пад шматкватэрны жылы дом (арэнднае жыллё) па вул. 50 гадоў ЛКСМБ, 2 у Дзятлаве. Агульная плошча 33-х кватэр складае 1524 кв. м.

У 2020 годзе палепшыўся фінансавы стан сельскагаспадарчых арганізацый, атрымана больш за 3,5 мільёна рублёў чыстага прыбытку, што ў 1,7 раза больш, чым у мінулым годзе.

Сельскагаспадарчыя арганізацыі атрымалі валавы збор збожжа і зернебабовых культур – 57 тыс. тон, што на 23,3 % больш за ўзровень мінулага года, ураджайнасць павялічылася на 6,3 ц/га.

Па выніках працы за 11 месяцаў 2020 года вытворчасць прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы павялічылася на 12,9 %, прадукцыя свінагадоўлі – на 15,9 %, вытворчасць малака – на 9,6 % да ўзроўню 2019 годзе.

З добрым вынікам завяршылі каляндарны год прамысловыя прадпрыемствы. За 11 месяцаў 2020 года выраблена прадукцыі на 144,3 мільёна рублёў, тэмп росту – 107,1 % да ўзроўню 2019 года. Экспартавана прадукцыі на суму 7,7 мільёна долараў, тэмп росту экспарту тавараў да ўзроўню 2019 года склаў 104,2 %.

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата ў галінах эканомікі раёна за 10 месяцаў 2020 года склала 891 рубель, тэмп росту да аналагічнага перыяду мінулага года – 113,9 %.

Важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Дзятлаўскага раёна ўносяць малыя і сярэднія прадпрыемствы, што спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці тавараў народнага спажывання, пашырэнню сферы паслуг.

Па выніках правядзення нацыянальнага конкурсу “Прадпрымальнік года” ў 2020 годзе Савет Міністраў вызначыў яго пераможцаў па выніках дзейнасці за 2019 год. Сярод іх і прадстаўнікі Дзятлаўскага раёна: лепшым у намінацыі “Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці” прызнаны ТАА “Ізакам Пласт”.

У ліпені 2020 года на ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод” запушчана вытворчасць новай інавацыйнай прадукцыі (напой спіртны моцны).

Асаблівая ўдзячнасць – медыцынскім работнікам, для якіх адыходзячы год быў няпростым. Прыміце падзяку за веданне сваёй справы, уважлівасць і чуласць, за праяўленую вытрымку і цярпенне. Ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, бадзёрасці, аптымізму і даўгалецця!

Значныя поспехі дасягнуты і ў сістэме адукацыі і культуры. 17 выпускнікоў школ раёна ўзнагароджаны залатымі медалямі, 21 вучань скончыў 9 класаў з адзнакай. У вышэйшыя навучальныя ўстановы паступілі больш за 60 % выпускнікоў.

Удастоены матэрыяльнай дапамогі з уручэннем пасведчання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі восем навучэнцаў Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў і сем навучэнцаў Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў.

Дарагія сябры!

Кожнаму з вас хочацца пажадаць самага найлепшага і сказаць вялікі дзякуй за вашу працу, настойлівасць, цярпенне і прынцыповасць. Бо ўсе поспехі, якіх нам удалося дасягнуць у адыходзячым годзе, дзякуючы вашай добрасумленнай і прадукцыйнай працы.

Няхай у надыходзячым годзе цяжкасці абыходзяць нас бокам, а жыццё напоўніцца яркімі падзеямі, радасцю, поспехам і шанцаваннем!

Няхай Новы год прынясе вам добры настрой, бадзёрасць духу, невычэрпную жыццёвую энергію, узаемаразуменне і дастатак у кожны дом!