Калонка рэдактара Карнавал, або Зніміце маскі, спадары!

Важнае Грамадства

Хто з нас не любіць карнавал?

Калі не стаць удзельнікам, то гледачом – дакладна! Такое вясёлае і любімае людзьмі свята зачароўвае сваім шоу, вулічнымі вечарынамі, яркімі маскамі і касцюмамі, ад якіх захоплівае дух.

Усім вядомы карнавал у Рыа-дэ-Жанейра ў 2004 годзе быў унесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі карнавал у свеце. Знакаміты Венецыянскі карнавал упершыню адбыўся ў 1296 годзе, і яго мэтай стала нястрымная весялосць, а італьянскія маскі – непаўторны па сваёй прыгажосці і ўнікальнасці шэдэўр.

У XVIII стагоддзі ў карнавальных святах прымалі ўдзел прадстаўнікі розных слаёў насельніцтва, каб іх не пазналі, яны хавалі твары за маскамі, весяліліся ў грамадскіх месцах, і ўсе былі роўныя. Маска станавілася такім ахоўным шчытком, за якім чалавек мог быць самім сабой.

А што ж у жыцці? Мне здаецца, наша жыццё таксама часам падобнае на карнавал, дзе людзі надзяваюць маскі і гуляюць ролі, патрэбныя ім у той ці іншай сітуацыі.

Чаму ж людзі так любяць маскі? Можа, таму, што за маскай можна нешта схаваць, утаіць? Значыць, паказаць сябе такім, якім хочуць бачыць цябе людзі.

А што перашкаджае быць сапраўдным, такім, які ты ёсць на самой справе, нават калі гэта камусьці і не падабаецца? Чаму ж мы баімся быць чыстасардэчнымі, шчырымі, адкрытымі?

Часта ў жыцці сустракаешся з сітуацыямі, калі знешне чалавек выклікае адно ўражанне, а потым праз некаторы час даведваешся, што яно было падманным.

Нашы ўчынкі, справы, узаемаадносіны з іншымі людзьмі з’яўляюцца вызначальнымі ва ўсталяванні кола сваіх зносін. І часам тваё кола з узростам звужаецца, побач з табой становіцца людзей менш, але затое ЯКІХ? Адкідаецца ўсё несапраўднае, хлуслівае. Застаецца – сяброўства, адданасць, вернасць, сумленнасць, шчырасць, высакароднасць, чалавекалюбства.

І нягледзячы на тое, што ты страціў і адчуў вялікае расчараванне, але… разам з тым і набыў. Таму што дабрадзейнасць робіць чалавека

багацейшым духоўна, не дае падставаў для зайздрасці, плётак, не дазваляе дрэнна адносіцца да чалавека, не дае заблытацца ў самім сабе.

Спачатку, можа, і адчуваеш шкадаванне, пустэчу, узнікае некаторае пачуццё жалю да самога сябе, бо было і добрае. А потым, прааналізаваўшы і усвядоміўшы ўсю рэальнасць рэчаіснасці, прыходзіш да высновы: шкадаваць трэба не сябе, шкадаваць трэба тых, хто ператварыў сваё жыццё ў карнавал, у змену масак.

Па мне, дык няхай лепш ты не будзеш патрэбны камусьці, затое ты такі, які ёсць. У гэтым – праўда. І з табой тыя, каму ты сапраўды дарагі.

Усе мы не без граху! Расці духоўна, маральна неабходна пастаянна – гэта штодзённая праца для кожнага чалавека!

…А цяпер, можа, згуляем польку? Няхай самбу гуляюць сапраўдныя танцоры!

Наталля КАЛОДКА