Калонка рэдактара. Дакрануцца сэрцам

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Праглядала нядаўна адзін відэаролік, у якім былі паказаны велізарныя зялёныя скульптуры нябачнай прыгажосці, створаныя дызайнерам-скульптарам.

На іх немагчыма было наглядзецца, таму што ў кожнай з іх была напісана свая гісторыя: прыгажосці, дабра, любові, цёплых узаемаадносінаў, клопату аб прыродзе. Прыгажосць і чысціня праглядваліся ў гэтай творчасці.

Я думаю, што кожны чалавек у гэтых скульптурах убачыў бы сваю прыгажосць, як і ў жыцці. Для кагосьці прыгажосць – гэта прыгожая прычоска, для кагосьці – мілавідны пейзаж. На мой погляд, прыгажосць – гэта нешта больш высокае, больш глыбокае, таму што не ўсё, што прыгожае на першы погляд, нясе дабро.

Прыгажосць павінна несці чысціню. Чысціню поглядаў, думак, учынкаў. Пагадзіцеся, што ўпрыгожаная каштоўнымі камянямі зброя ніколі не будзе прыгожай, так ці інакш яна будзе несці зло і смерць. Так і чалавек. Можа валодаць дасканалай знешнасцю, але намеры яго могуць быць напоўнены негатывам.

Дзе вы будзеце адчуваць сябе лёгка, свабодна і камфортна? Напэўна, там, дзе можаце паўнавартасна адпачыць душой, там, дзе сэрцу будзе спакойна, а вочы будуць радавацца нечаму вельмі роднаму і блізкаму. Хутчэй за ўсё, гэта будзе родны бацькоўскі дом, родная вёска, дзе нарадзіўся і рос. І цяжка будзе гэтай вёсачцы сапернічаць з Егіптам або Турцыяй па сваёй знешняй прыгажосці, але яе прыгажосць будзе асаблівая, адзіная для кожнага чалавека, таму што чужое родным быць не можа. А роднае і прыгожае – гэта ўсмешка блізкага чалавека, шчаслівыя вочы бацькоў і дзяцей і многае іншае, што свеціцца дабром, шчырасцю, спагадай, уменнем падтрымаць.

Прыгажосць  – гэта не набор стандартаў і штампаў, гэта бляск у вачах і ўменне ладзіць з самім сабой і цэлым светам. Прыгажосць – гэта тое, як мы бачым свет, як успрымаем сябе, і тое, што нас акружае, гэта паказчык, які не вымяраецца ніякімі адзінкамі, гэта гармонія, да якой трэба імкнуцца штодня, штогадзінна, штохвілінна.

Прыгажосць у любові. Толькі любячы сябе, сваіх блізкіх, жыццё і свет, можна бачыць прыгажосць ва ўсім: у сабе, у людзях, у сваёй душы.

Мне здаецца, цяпер гэта больш за ўсё неабходна людзям, і надышоў зручны час стаць прыгажэйшым, дакрануцца да прыгажосці сваім сэрцам.

Наталля КАЛОДКА