Акцыя “Памяць сэрца” на Дзятлаўшчыне завяршылася мітынгам-рэквіемам

Важнае Грамадства Свежыя навіны

13 снежня ў Дзятлаўскім раёне стартавала рэспубліканская акцыя “Памяць сэрца”.

Яе фіналам на Дзятлаўшчыне стаў мітынг-рэквіем, які адбыўся ў лясным масіве паблізу вёскі Курпешы, дзе былі зверскі расстраляныя гітлераўцамі каля трох тысяч мірных жыхароў Дзятлава яўрэйскай нацыянальнасці.

Ушававаць памяць ахвяраў фашызму сабралася моладзь Дзятлаўшчыны: удзельнікі раённых моладзевых ініцыятываў і аб’яднанняў, валанцёрскага руху “Добрае сэрца”, а таксама рэспубліканскае кіраўніцтва ГА БРСМ. Да іх далучыліся прадстаўнікі раённай улады, арганізацый, прадпрыемстваў нашага раёна і грамадскіх аб’яднанняў.

Прысутныя трымалі ў руках запаленыя лампадкі – сімвал таго, што моладзь помніць гераізм нашых продкаў у Вялікай Айчыннай вайне і смуткуе па яе ахвярах.

Адкрыў мітынг старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Усе мерапрыемствы, якія прайшлі сёння, маюць на мэце захаваць гістарычную праўду пра тыя страшныя падзеі і памяць пра людзей, якія сумленна выканалі свой абавязак у іх ходзе. “Памяць сэрца” – не проста акцыя, а сустрэча пакаленняў, – сказаў ён.

Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся старшыя моладзевага парламента пры Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь Ягор Макарэвіч:

– Сённяшняя акцыя – яшчэ адно сведчанне таго, што сучасная моладзь памятае і шануе традыцыі свайго народа, – адзначыў ён. – Акцыя, якая сёння пачынае крочыць па краіне, павінна паказаць, што моладзь Беларусі шануе мінулае і гатова рухацца ў мірную будучыню.

– Наша Беларусь – маладая, незалежная і сучасная дзяржава, але яна мае вялікія і багатыя традыцыі, якія мы павінны помніць і захоўваць. У кожнага з нас у сям’і ёсць героі, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Мы павінны перадаць нашым дзецям сапраўдную гісторыю, захоўваючы ў сэрцах памяць пра герояў, – заўважыла сакратар цэнтральнага камітэта ГА БРСМ Юлія Зінкевіч.

Старшыня Дзятлаўскага раённага Савета ветэранаў Міхаіл Губар зрабіў экскурс у трагічную гісторыю Халакосту на Дзятлаўшчыне, у страшныя падзеі 1942 года, калі адбываліся масавыя расстрэлы яўрэяў. Міхаіл Яўгенавіч падвёў вынік сказанаму:

– Трагедыя Халакосту не павінна паўтарыцца. Шмат месцаў, якія будуць нагадваць жыхарам раёна аб крывавых карніцкіх аперацыях нацыстаў, аб ахвярах вайны. І чым лепш будзе ведаць маладое пакаленне пра тое, што давялося перажыць іх продкам, тым беражлівей будзе шанаваць мір на нашай зямлі.

Павітала ўдзельнікаў мерапрыемства сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА БРСМ Кацярына Хілімончык. Яна нагадала, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны побач з дарослымі салдатамі родную зямлю абараняла і моладзь. Яна звярнулася да прысутных:

– Сёння, стоячы каля гэтага месца, дазвольце мне пажадаць сучаснай моладзі ніколі не спазнаць, што такое вайна і нядоля, з ёй звязаная. Хачу выказаць упэўненасць у тым, што наша Беларусь заўсёды будзе мірнай, квітнеючай і незалежнай краінай, а таксама пакланіцца ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны за іх найвялікшы подзвіг.

Старшыня яўрэйскай абшчыны “Сімха” Андрэй Дарафееў узгадаў бязвінна загінулых і ўзнёс малітву за душы спачыўшых на Дзятлаўшчыне мірных жыхароў і воінаў.

На завяршэнні мітынгу-рэквіему прысутныя ўсклалі да помніка загінулым кветкі і “напісалі” лампадкамі назву патрыятычнага праекта “Памяць сэрца”.

Услед за Дзятлаўшчынай, дзе стартаваў патрыятычныя праект, ён пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і завершыцца 24 снежня.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup