Заслужаная калгасніца Алена Валанцэвіч

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У трэцюю нядзелю лістапада, калі работы на палях завяршаюцца, ураджай сабраны ў засекі і можна рахункаваць вынікі сельскагаспадарчага года, сваё прафесійнае свята адзначаюць аграрыі – працаўнікі, якія клапоцяцца аб харчовай бяспецы краіны.

Значную частку свайго жыцця адпрацавала ў паляводчым звяне калгаса “Чырвоны кастрычнік”, цяпер КСУП “Вензавец”, наша зямлячка Алена Віктараўна Валанцэвіч. Цяжкай работы жанчына не баялася, заўсёды была ў ліку перадавых работнікаў, за што ў свой час і атрымала званне “Заслужаная калгасніца”.

25 мая 2020 года Алена Віктараўна сустрэла сваю 92-ю вясну, яна даўно на пенсіі, але гады працы ў гаспадарцы і сёння яркімі вобразамі ўсплываюць у памяці жанчыны.

– Я нарадзілася ў Вензаўцы, у сям’і сялян, дзе гадавалася яшчэ чацвёра дзяцей, – узгадвае Алена Валанцэвіч. – З дзяцінства бацькі прывучалі нас да працы. Да Вялікай Айчыннай вайны паспела скончыць чатыры класы – гэта ўся мая адукацыя. Пасля вайны пачалі стварацца калгасы. Мой бацька ўступіў у гаспадарку, аддаў каня, воз, зямлю. У хуткім часе і я стала работніцай калгаса “Чырвоны кастрычнік”.

За гады працы Алена Валанцэвіч нахадзіла сотні кіламетраў па палетках гаспадаркі, высушыла тоны сена, прапалола незлічоную колькасць гектараў буракоў, нарыхтавала тоны лёну.

Паляводчае звяно, дзе працавала Алена Віктараўна, налічвала дванаццаць чалавек. Найчасцей паляводам даводзілася вырошчваць і ўбіраць лён, па першым часе ўручную жаць жыта і пшаніцу, капаць бульбу. Акрамя таго, за кожнай з работніц абавязкова замацоўвалася вялікая дзялка буракоў, якія неабходна было вырасціць, убраць і здаць у калгас. Звычайна на такіх дзялках працавалі цэлымі сем’ямі.

Як зазначае бабуля Алена, працаваць у сельскай гаспадарцы стала значна лягчэй, калі на палеткі пачалі выходзіць першыя трактары.

А да з’яўлення тэхнікі вазіць угнаенні, гараць, адвозіць ураджай даводзілася коньмі.

Нягледзячы на цяжкую працу, вяскоўцы ўмелі весела адпачываць. Як узгадвае Алена Віктараўна, у Вензавецкім клубе ў часы яе маладосці рэгулярна ладзіліся танцы. А вось вынікі работы падводзілі на справаздачных калгасных сходах, там жа ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў. Перадавікам ва ўрачыстай абстаноўцы ўручалі каштоўныя падарункі. Жанчынам найчасцей даставаліся адрэзы тканіны, саму Алену Валанцэвіч аднойчы ўзнагародзілі пакрывалам, толькі зрэдку выдавалі грашовыя прэміі. Увогуле, працяглы час калгаснікі рабілі за “працадні”, зарплату ім пачалі налічваць ужо пазней.

Замуж Алена Віктараўна выйшла ў 23 гады за жыхара Вензаўца Канстанціна Валанцэвіча. Яе муж быў інвалідам другой групы Вялікай Айчыннай вайны, па стане здароўя працаваў у калгасе начным вартаўніком. Валанцэвічы выгадавалі траіх дзяцей: дачка Марыя была швачкай, затым працавала ў сельскай гаспадарцы, дачка Міра рабіла выхавальніцай і загадчыцай у дзіцячым садку, сын Віктар да гэтага часу працуе ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” у дрэваапрацоўчым цэху.

Шмат гадоў таму пайшоў з жыцця муж Алены Віктараўны, але клопатам і павагай яе акружылі дзеці, пяць унукаў і трое праўнукаў. А яна ў сваю чаргу не стамляецца шчодра дзяліцца з імі мацярынскай пяшчотай. Заслужаная калгасніца і на пенсіі ў свае шаноўныя “за дзевяноста” не любіць сядзець без справы: завіхаецца па гаспадарцы, а летам нават палола градкі.

Да прафесійнага свята работнікам сельскай гаспадаркі Дзятлаўскага раёна бабуля Алена Валанцэвіч жадае моцнага здароўя, любові да сельскай справы, працоўных поспехаў, сямейнага ладу і дабрабыту. А той, хто працуе сумленна, упэўнена заслужаная калгасніца, абавязкова будзе ў пашане сярод землякоў і калегаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup