Вучымся эканоміць і зберагаць

Важнае Грамадства

У сучасных умовах развіцця грамадства праблема эканамічнага развіцця дзяцей, фарміравання асноў эканамічнай культуры як ніколі з’яўляецца актуальнай.

Так і выхаванцаў Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы цікавяць пытанні эканамічнага характару.

Для фарміравання элементарных уяўленняў пра грошы як крыніцу даходу, якія бываюць грошы (беларускія рублі, замежныя – валюта), уяўленняў аб правілах паводзінаў у сітуацыях, звязаных з грашыма, развіцця ўменняў устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі паміж паняццямі “праца” – “прадукт” – “грошы”, адрознення спосабаў набыцця тавару (даведацца пра цану, узяць грошы, палічыць іх, купіць тавар), выхавання эканамічна значных якасцяў (беражлівасць, працавітасць, акуратнасць, эканомнасць, дысцыплінаванасць) у час заняткаў выкарыстоўваюцца розныя формы работ.

Для выхаванцаў рознаўзроставай групы “Рамонкі” прайшла сюжэтна-ролевая гульня “Я купляю…”, у час якой выхаванцы пабылі ў ролі прадаўца і пакупніка.

Гутарка “Я – эканомны” дала магчымасць дзецям паразважаць: хто робіць правільна, а хто няправільна? Каго можна назваць эканомным, беражлівым, а каго – не? Дзеці вучыліся прымяняць спосабы беражлівага стаўлення да рэсурсаў (вада, цяпло, электраэнергія) і эканомнага іх расходавання.

З мэтай фарміравання ўменняў сувымяраць свае запатрабаванні з магчымасцямі сямейнага бюджэту, вылучэння патрэбнасцяў іншых членаў сям’і, беражлівых адносін да грошай (не камячыць, не рваць, не губляць) паразважалі на тэму “На што сям’я расходуе грошы?”.

Веданне асноваў эканамічнай культуры з дашкольнага ўзросту – гэта аснова правільнага светаразумення, фарміраванне элементарных навыкаў арыентавання ў эканамічных з’явах, выхаванне сацыяльна-актыўнай асобы.

Кацярына РЭЙБА,
выхавальніца рознаўзроставай групы “Рамонкі” Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы