Ведаем правы, выконваем абавязкі

Важнае Грамадства

У Гезгалаўскім яслях-садзе ўжо стала добрай традыцыяй праводзіць у лістападзе тыдзень прававых ведаў.

Чаму менавіта ў лістападзе? Каб прымеркаваць да значнай даты – сусветнага дня дзіцяці, які адзначаўся 20 лістапада – і дапамагчы дзецям адчуць іх вялікую ролю ў жыцці сваіх бацькоў, выхавальнікаў, нашай краіны.

У рамках правядзення тыдня прававых ведаў у дзяржаўнай установе адукацыі прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя правам дзяцей. Гэта заняткі, пазнавальныя гутаркі, віктарыны, падарожжы па казках, адгадванне загадак, дыдактычныя гульні “Назаві ласкава”, “Пазнай казачнага героя” і інш.

Выхаванцы рознаўзроставай групы № 3 даведаліся пра сваё асноўнае права – права на жыццё, пагутарылі пра яго каштоўнасці, упэўніліся, што жыццё нам дадзена менавіта на добрыя справы. Успомнілі казкі, у якіх парушаецца права герояў на жыццё: “Калабок”, “Воўк і сямера казлянят”, “Чырвоная шапачка” і інш.

Падчас гутаркі “Я і мае сябры” выхаванцы групы інтэграванага навучання і выхавання вучыліся праяўляць добразычлівыя адносіны да сваіх сяброў, зразумелі, што патрэбна звяртацца адзін да аднаго толькі па імёнах, каб не парушаць права кожнага дзіцяці на імя, даведаліся, што такое талерантнасць.

Гаворачы пра правы дзяцей жыць і выхоўвацца ў сям’і, звярнулі ўвагу на тое, што сям’я – гэта галоўнае ў жыцці любога чалавека, таму трэба любіць, шанаваць сваіх блізкіх, клапаціцца пра іх. Акрамя правоў, у дзяцей яшчэ павінны быць і абавязкі: дапамагаць бацькам у сумесных справах, выконваць пасільную работу па дому, прыбіраць свае цацкі. Усе свае добрыя справы дзеці “складвалі” ў чароўны куфэрачак.

Такім чынам, дзеці даведаліся пра свае асноўныя правы: “Права на жыццё”, “Права на імя”, “Права жыць і выхоўвацца ў сям’і”, “Права на жыллё і маёмасць”, “Права на медыцынскае абслугоўванне”, “Права на адпачынак”.

Замацаваць веды пра правы дапамагло цуда-дрэва “Дрэва правоў і абавязкаў”, якое “вырасла” ў нашым дзіцячым садку. Плады на гэтым дрэве зачараваныя, сарваць іх мог толькі той, хто ведае свае правы. Канешне, выхаванцы рознаўзроставай групы № 3 “на выдатна” справіліся з гэтым заданнем.

Лічым, што веды на прававую тэматыку спатрэбяцца дзецям у будучым. Выхаванцы будуць расці годнымі жыхарамі нашай краіны, якія не толькі ведаюць свае правы, але і не парушаюць правоў іншых, помняць і пра свае абавязкі, выконваюць іх.

Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны Гезгалаўскага ясляў-сада

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup