Узялі дастойны тэмп развіцця

Галоўнае Свежыя навіны Улада

27 лістапада прайшло пасяджэнне Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта з удзелам першага намесніка старшыні камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандра Садаўнічага.

На парадак дня былі вынесены два пытанні: “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна за дзевяць месяцаў 2020 года” і “Аб выніках выканання бюджэту Дзятлаўскага раёна за дзевяць месяцаў 2020 года”.

Па першым пытанні выступілі тры дакладчыкі. Галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Тамара Ляпешка зазначыла, што індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў за справаздачны перыяд склаў 104,4 % пры заданні 103,9 %.

У гэтым кірунку забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-плана ААТ “Дварэцкі льнозавод”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный мир”, ААТ “Новаяльнянскі КХП”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

Экспарт тавараў па раёне склаў 7 мільёнаў долараў ЗША, або 106 % да аналагічнага перыяду 2019 года. Экспарт паслуг – 2 мільёны 417 тысяч долараў ЗША, або 41,6 %. Прычына невыканання гэтага прагнознага паказчыка – зніжэнне тэмпаў аказання паслуг санаторыямі “Радон” і “Альфа Радон” з-за эпідэмічнай сітуацыі.

За студзень-верасень 2020 года ў цэлым па раёне атрымана 20 мільёнаў 599 тысяч рублёў чыстага прыбытку. Удзельная вага нерэнтабельных арганізацый склала 12,5 %. Са стратамі спрацавалі КСУП “Слава працы” і ТАА “Суперпакінвест”.

Атрыманы аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі – 54 мільёны рублёў, або 101,2 %  пры заданні 103,7%. На невыкананне даведзенага паказчыка паўплывала зніжэнне пакупніцкай здольнасці з-за эпідэмічнай сітуацыі. Найбольшая ўдзельная вага сярод гандлёвых арганізацый раёна ў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства і ТАА “Евроторг”.

За 9 месяцаў 2020 года выкананне паказчыка па працаўладкаванні грамадзян, якія звярталіся ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, складае 65,3 % пры заданні 60 %. Выкананы таксама ключавы паказчык па колькасці працаўладкаваных на новыя працоўныя месцы: 40 чалавек пры заданні 36 чалавек. Зменшылася колькасць беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку ў аддзеле занятасці.

Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васіль Гранкоўскі азнаёміў прысутных з вынікамі работы сельгаспрадпрыемстваў Дзятлаўшчыны за справаздачны перыяд.

Так, за студзень-верасень 2020 года ў сельскай гаспадарцы выраблена валавой прадукцыі на 78 мільёнаў 77 тысяч рублёў, тэмп росту – 112 % пры заданні 107,5 %. У жывёлагадоўлі тэмп росту валавой прадукцыі склаў 112,6 %, у тым ліку па вытворчасці малака – 110, 9 %, па вырошчванні БРЖ – 112,2 %, свіней – 119,9 %.

Тэмп росту валавой прадукцыі раслінаводства за дзевяць месяцаў складае 111,4 %.  Нарыхтавана 4 тысячы 71 тона сена, 90 тысяч 78 тон сенажу, 63 тысячы 44 тоны сіласу, 30 тысяч 216 тон зернефуражу. На ўмоўную галаву жывёлы назапасілі 26 цэнтнераў кармавых адзінак.

Валавы збор зерневых і зернебабовых культур за справаздачны перыяд – 56,9 тысячы тон, пры сярэдняй ураджайнасці 36 ц/га; рапсу – 5415 тон, сярэдняя ўраджайнасць – 22,5 ц/га; бульбы – 3689 тон, сярэдняя ўраджайнасць – 177 ц/га.

Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі расказаў, як спрацавала ў студзені-верасні будаўнічая галіна раёна.

Аб’ём падрадых работ, выкананых уласнымі сіламі прадпрыемстваў будаўнічага комплексу, склаў 8 мільёнаў 697 тысяч рублёў, або 105,6 %. На пряцягу справаздачнага перыяду вяліся работы па рэканструкцыі кафэ “Паніква” пад шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны цэнтр, капрамонце з элементамі мадэрніцацыі жылога дома № 3 у аграгарадку Гезгалы, будаўніцтве станцыі абезжалезвання ў Раготне, будаўніцтве магазіна ААТ “Сантарытэйл” у райцэнтры, па заканчэнні будаўніцтва ў Дзятлаве закансерваванага раней аб’екта пад магазін “Капеечка”, капітальным рамонце водаправода і каналізацыі па вуліцы Фогеля ў Дзятлаве, будаўніцтве чатырохкватэрнага жылога дома ў Круцілавічах. Значны аб’ём работ выкананы ў гарпасёлку Казлоўшчына, які ўключаны ў дзяржпраграму развіцця малых гарадоў. Завершаны работы па ўзвядзенні новага будынка дрэваапрацоўчага цэха ў Вензаўцы. Цяпер будуецца чацвёрты корпус санаторыя “Радон”, вядзецца рэканструкцыя моста па вуліцы Камсамольскай райцэнтра, завяршаецца капрамонт жылога дома ў Наваельні, у райцэнтры будуецца пажарнае дэпо, ідзе рэканструкцыя нежылога будынка ў Дзятлаве пад 33-кватэрны жылы дом, прыступілі да капрамонту будынка былой школы ў Казлоўшчыне, хутка будзе здадзена ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі кацельня па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве.

За дзевяць месяцаў 2020 года ў цэлым па раёне аб’ём будаўніча-мантажных работ склаў 10 мільёнаў 126 тысяч рублёў, або 258 % да ўзроўню мінулага года. Гэта значыць, упэўнена можна казаць, што гадавы план будзе выкананы. Сярэднямесячная зарплата ў будаўнічай галіне за справаздачны перыяд склала 932 рублі. Усе будаўнічыя арганізацыі раёна спрацавалі прыбыткова.

Аб выніках выканання бюджэту Дзятлаўскага раёна за дзевяць месяцаў 2020 года расказала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала.

Яна зазначыла, што за гэты перыяд гадавы план раённага бюджэту выкананы на 72,7 %. Асноўная частка грашовых паступленняў – гэта падаткі, астатняе – непадатковыя плацяжы ў бюджэт. Акрамя ўласных даходаў, бюджэт раёна атрымаў бязвыплатныя паступленні з вышэйстаячага бюджэту ў суме 11 мільёнаў 896,4 тысяч рублёў. Агульны даход бюджэту быў 29 мільёнаў 127,8 тысяч рублёў. У поўным аб’ёме прафінансаваны расходы на выплаты зарплаты работнікам бюджэтных арганізацый. На выплаты надбавак за работу ва ўмовах інфекцыі медыкам раёна выдаткавана 528,1 тысяча рублёў.

Ужо падлічана, што за 10 месяцаў 2020 года раён спрацаваў з прафіцытам бюджэту.

Падрахункаваў вынікі пасяджэння Аляксандр Садаўнічы.

Ён зазначыў, што сёлета ў студзені-верасні на Дзятлаўшчыне ёсць пэўныя дасягненні па многіх паказчыках, але сустракаюцца і недахопы. Цяпер важна не знізіць узяты тэмп росту. Аляксандр Міхайлавіч падзякаваў дзятлаўчанам за працу і за тое, што раён не падвёў вобласць па ключавых паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup