Стараста і майстар фельетона

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У межах праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” работніцы сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры наведалі вёску Студзераўшчыну, каб пагутарыць з мясцовым старастам, стваральнікам легендарнага Студзераўшчынскага народнага калектыву, Антонам Гузарыкам і даведацца яго сакрэт даўгалецця.

– Мы тут размаўляем і па-беларуску, і па-руску, выскокваюць і ўкраінскія, і польскія словы, – стараста найперш пачынае размову пра сваіх аднавяскоўцаў. – Але ўсе адзін аднаго разумеем, жывём мірна, па-суседску. Можа і вы зразумееце, што вам раскажу.

Нарадзіўся Антон Фёдаравіч тут, у Студзераўшчыне, акурат на праваслаўныя Каляды. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, з якой многія мужчыны не вярнуліся жывымі, давялося рана пачаць працоўную дзейнасць. Дзевяцігадовы Антон выходзіў на працу разам з аднавяскоўцамі, як дарослы. Працаваў на нарыхтоўцы сіласу, адвозцы кукурузы, якая ў часы Хрушчова была вельмі папулярнай сельскагаспадарчай раслінай, акучваў бульбу, падграбаў сена, а як пасталеў – сам пайшоў з касою на калгасны палетак.

У красавіку 1964 года Антон Гузарык прыняў кіраўніцтва над мясцовым Домам культуры, у якім працаваў усё сваё жыццё. У клубе быў старэнькі баян, пад які ладзіліся танцы, настольныя гульні. Яшчэ за савецкім часам тут з’явіўся магнітафон і нават більярд – мабыць, адзіны ў ваколіцы, на які прызджалі падзівіцца з суседніх вёсак. Але галоўным напрамкам дзейнасці Дома культуры была самадзейнасць. Рабілі культурны абмен з суседнімі вёскамі: або самі ехалі туды, або запрашалі гасцей. Спявалі франтавыя песні або жартоўныя.

Праз некаторы час у запявалы ансамбля памерла дачка, ён перастаў удзельнічаць у самадзейнасці, а разам з ім перастаў існаваць і калектыў. Аднак на той час ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ўсё актыўней пачалі звяртацца да фальклору.

– Я падумаў, а чаму б не запрасіць жанчын і стварыць калектыў. Спачатку іх было шэсць, затым дванаццаць.

Развучвалі песні сваёй мясцовасці. Перш выступалі па суседзях, затым выйшлі на раённую сцэну. У вёсцы з’явіліся свае Студзераўшчынскія вячоркі, якія сталі культурным здабыткам Беларусі. Калектыў нават запісваўся ў Мінску ў Белтэлерадыёкампаніі. Затым запісалі вясельны абрад выпякання каравая. Калектыву выпала зрабіць чатыры запісы на рэспубліканскім тэлебачанні, у якіх удзельнічалі не толькі студзераўшчынскія спявачкі, але і іншыя выбітныя народныя артысты Дзятлаўшчыны.

Студзераўшчынскі песенны калектыў атрымаў званне народнага, узяў сабе назву “Журавушка”. Антон Фёдаравіч ездзіў на выступленні разам з калектывам. У перапынках паміж песнямі чытаў вершы і фельетоны. З’явіўся ў яго і свой “каронны” фельетон “Пра гасцей, чарнілы і пра сябе”, які падарыла яму галоўны бухгалтар Раготнаўскага сельсавета.

– Столькі год мінула, а я яго помню, – кажа Антон Фёдаравіч.

З 2000 года мужчына знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але адысці ад справаў яму не дазволілі аднавяскоўцы. Ужо 20 гадоў Антон Гузарык нязменны стараста вёскі Студзераўшчына. У свае восемдзясят гадоў мужчына бадзёры і рухавы. Падтрымлівае свой вясковы дом у парадку, дапамагае аднавяскоўцам, па-майстэрску пляце кошыкі з лазы і венікі.

– Рукі ўжо не слухаюцца, як у маладосці, але без справы сядзець не магу, таму і пачаў майстраваць.

Сёлета ў лютым Антон Гузарык і яго жонка адзначылі залатое вяселле. Аднавяскоўцы, яны пазнаёміліся тут на танцах і стварылі сям’ю. Тры дачкі жывуць у Слоніме, маюць свае сем’і, ёсць пяцёра ўнукаў і двое праўнукаў.

– З мяне жартуюць, што я жыву так, як расказваю ў фельетоне. Маю тры зяці.

На думку старасты, галоўны сакрэт даўгалецця бадзёрасці – быць добрым да людзей, не сядзець без справы і не пакідаць творчасць.

Наталля АВЯРЧУК
Фота з асабістага архіва Антона Гузарыка

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup