Сонечны канцэнтратар і гігіена ад новаяльнянцаў

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Занальны этап рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі” з-за эпідэміялагічнай сітуацыі прайшоў у анлайн-фармаце.

Галоўную віртуальную пляцоўку сёлета ўдзельнікам конкурсу прадаставіў Навагрудак (летась гасцей сустракала Дзятлава).

Першы сакратар Навагрудскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Вольга Шнігір павітала ўдзельнікаў занальнага конкурсу – маладых людзей з Навагрудскага, Слонімскага і Дзятлаўскага раёнаў. Дзятлаўшчыну сёлета прадставілі два навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы – Аляксандр Баковіч і Ягор Грыцук.

Першым да манітора камп’ютара запрасілі Ягора Грыцука.

Ён прадстаўляў даволі актуальны ў наш час праект “Гігіена – шлях да здароўя”, які распрацаваў пад кіраўніцтвам педагога Святланы Спасюк. Ягор патлумачыў, што гэта кароткачасовы праект, разлічаны на адзін месяц. Яго рэалізатарамі выступілі навучэнцы 11 класа групы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых у рамках прадмета “Працоўнае навучанне” па прафесіі “малодшая сястра міласэрнасці”. Мэтай праекта было фарміраванне гігіенічных навыкаў у дзяцей школьнага ўзросту ў паўсядзённым жыцці, атрыманне ведаў аб здароўезберажэнні, набыццё здароўезберагальных кампетэнцый. Ва ўстанове былі праведзены майстар-клас для дзяцей малодшага школьнага ўзросту “Чыстыя рукі – гарант здароўя”, гульня-падарожжа для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту “Па моры здароўя”, флэш-моб для старшакласнікаў “Поговорим на чистоту”, а паколькі адзінаццацікласнікі яшчэ і валанцёры Чырвонага Крыжа, то для жыхароў Наваельні яны правялі акцыю з уручэннем памятак “Абарані сябе і іншых ад каранавірусу”. Рэалізатары праекта прыйшлі да высновы, што выхаванне культурна-гігіенічных навыкаў у дзяцей – першааснова для фарміравання здароўя нацыі.

Наступным з праектам “Сонечны канцэнтратар для вытворчасці цеплавой энергіі ва ўмовах замкнутага водазабеспячэння” выступіў Аляксандр Баковіч (кіраўнікі праекта – педагогі Алена Баковіч і Сяргей Сокал).

Аляксандр расказаў, што для малькоў рыбы найбольш спрыяльная тэмпература вады 24-27 градусаў, але ў прыродзе такое бывае не пастаянна. Каб вырасціць малька без страт і зэканоміць электраэнергію, быў распрацаваны сонечны канцэнтратар. Праект ужо чатыры гады як паспяхова выкарыстоўваецца ў рыбнай гаспадарцы.

Сістэма ўяўляе сабой сам сонечны канцэнтратар, басейн з лічынкамі рыбы, сажалку і накапляльны бак для збору цёплай вады, якая выкарыстоўваецца ў начны час. Падлічана, што пры вырошчванні таварнай рыбы прыстасаванне дазваляе зэканоміць 640 рублёў за чатыры месяцы. Значыць, комплекс можна паспяхова выкарыстоўваць у рыбаводчых гаспадарках нашай краіны.

Напрыканцы анлайн-конкурсу першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык падзякавала Ягору і Аляксандру, а таксама кіраўнікам іх праектаў за цікавыя даследаванні і ўручыла хлопцам сертыфікаты ўдзельнікаў занальнага этапу моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі-2020”.

Прыемна было пачуць, што праект Аляксандра Баковіча названы ў ліку трох пераможцаў занальнага этапу конкурсу, і Саша будзе прадстаўляць наш раён на вобласці.

З Аляксандрам Баковічам на моладзевым конкурсе мы сустрэліся не першы раз: летась ён абараняў праект “Інтэнсіўнае падрошчванне моладзі карпа і раслінаедных рыб” і таксама стаў занальным пераможцам, а затым атрымаў дыплом “За лепшую прэзентацыю” на абласным этапе. Захацелася задаць яму некалькі пытанняў.

– Аляксандр, як даўно ты займаешся даследчай дзейнасцю?

– Ужо другі год. Я пераняў ініцыятыву ад выпускніка нашай школы Ягора Сокала, які неаднойчы станавіўся пераможцам і прызёрам конкурсаў розных узроўняў.

– Чым цябе прывабіла рыбаводства?

– Я аматар рыбнай лоўлі. Люблю адпачываць з вудай каля вадаёма, вось і вырашыў даведацца больш карыснай інфармацыі пра рыбу і спрыяльныя для яе ўмовы. А яшчэ біялогія, хімія, фізіка і матэматыка – мае любімыя дысцыпліны. Пры распрацоўцы і рэалізацыі праектаў я ўдасканальваю свае веды ў гэтых галінах навукі.

Чаго ты з настаўнікамі паспеў дабіцца, карыстаючыся распрацоўкамі?

– Вынікі вельмі значныя. Калі ў звычайных умовах па статыстыцы за першы год лічынка рыбы вырастае да 30 грамаў, то мы вырасцілі яе да 150 грамаў.

– Ці ўдзельнічаеш у іншых конкурсах і алімпіядах?

– Безумоўна. Літаральна нядаўна я заняў трэцяе месца на раённым этапе сёлетняй рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі.

Кім хочаш стаць, калі вырасцеш?

– Мару прысвяціць сваё жыццё медыцыне. У ідэале – стаць мануальным тэрапеўтам.

Чым карысны для моладзі такія праекты, як “100 ідэй для Беларусі”?

– Па-першае, яны даюць маладым людзям магчымасць для самарэалізацыі. Па-другое, многія ідэі можна ў далейшым выкарыстаць на практыцы і атрымаць добрыя вынікі. Напрыклад, нашы праекты цікавыя ў харчовым плане, выгадныя па энергазатратах, а прадукцыя рыбаводства ў Беларусі даволі запатрабавана.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup