Помніць мінулае дзеля будучыні

Галоўнае Культура і адпачынак

7 лістапада наша краіна адзначае дзяржаўнае свята – 103-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Да гэтай нагоды быў прымеркаваны ўрачысты мітынг, які адбыўся ў Дзятлаве, у скверы каля помніка У. І. Леніну. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады і працоўных калектываў горада.

Звяртаючыся да прысутных, вядучая адзначыла, што рэвалюцыя 1917 года стала адной са знакавых падзеяў дваццатага стагоддзя і карэнным чынам паўплывала на ход далейшай гісторыі. Яе вопыт навучыў нас імкнуцца да лепшага, адданай працай будаваць высокаразвітую сучасную дэмакратычную дзяржаву, галоўная мэта якой – паляпшэнне жыцця грамадзян. Людзі атрымалі права на працу, на адукацыю, на адпачынак, права ўдзельнічаць у кіраванні краінай.

Павіншаваў дзятлаўчан са святам старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

– Маладое пакаленне дзятлаўчан ніколі не адзначала гэту падзею і ў большасці сваёй не помніць, як святкавалі гэты дзень у Савецкім Саюзе – маштабнымі парадамі, маляўнічымі дэманстрацыямі ў кожным горадзе і пасёлку. Час уносіць свае карэктывы. Мы, маладая суверэнная незалежная дзяржава, крочым наперад, вызначыўшы асноўны ўнутраны вектар свайго развіцця – сацыяльна арыентаваную эканоміку. Тым не менш, мы цэнім і захоўваем нашу гіторыю, з павагай адносімся да ўсіх святаў савецкага перыяду. Мы разумеем, што без захавання гістарычнай спадчыны нельга рухацца наперад. Бо правільна гавораць: “У таго, хто не помніць мінулага, няма будучыні”.

Да яго словаў далучылася першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ Кацярына Хілімончык, якая ў гэта памятны дзень пажадала землякам мудрасці, узаемаразумення і ашчадных адносінаў да мінулага, якое падарыла нам будучыню.

Напрыканцы мітынга прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі да помніка У. І. Леніну.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup