Не бойцеся звярнуцца па дапамогу

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У любой сям’і могуць узнікнуць праблемы, вырашаць якія неабходна абавязкова, але не вядома, як гэта рабіць.

Самымі распаўсюджанымі з’яўляюцца праблемы ў сферы дзіцяча-бацькоўскіх адносінаў: канфліктныя сітуацыі з бацькамі, аднагодкамі, настаўнікамі, праблемы ў навучанні і развіцці дзіцяці.

Дапамагчы ў іх вырашэнні нярэдка здольныя нашы сябры і сваякі, аднак у некаторых выпадках з цяжкасцямі найлепш справіцца спецыяліст, які займае пазіцыю незалежнага кансультанта.

Бацькам і законным прадстаўнікам не трэба баяцца звяртацца па парады і падтрымку да сацыяльна-педагагічнай, псіхалагічнай службаў установаў адукацыі і сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава.

У працэсе прафесійнай дзейнасці сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі могуць аказваць розныя віды дапамогі. Гэта інфармацыйная дапамога па пытаннях сацыяльнай абароны, дапамогі і падтрымкі, дзейнасці сацыяльных службаў; сацыяльна-псіхолага-педагагічная дапамога, скіраваная на стварэнне спрыяльнай псіхаэмацыянальнай атмасферы ў сям’і і дзіцячым калектыве; карэкцыйная дапамога па аказанні паслугаў па аднаўленні псіхалагічнага, маральнага, эмацыянальнага стану.

Аднак пры звароце да спецыяліста важна памятаць, што галоўнымі складнікамі пераадолення праблем з’яўляюцца асабістая гатоўнасць чалавека да прыняцця дапамогі, яго жаданне працаваць над сабой, гатоўнасць да мэтанакіраванай, сістэматычнай, а часам і доўгай працы са спецыялістам.

Вольга ЛАМАКА,
загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці СПЦ горада Дзятлава