Сямейны архіў. Любоў да Радзімы пранесла праз усё жыццё

Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Матуля…

Вельмі часта яе ўспамінаю, не забываючыся ні на хвіліну, хоць яе няма побач, але яна ёсць у маёй душы, сэрцы, думках.

Старонкі жыцця

Мая матуля Марфа Сяргееўна Марозава (Мяцеліца) нарадзілася 19 лістапада 1920 года ў вёсцы Ермакоўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1936 годзе сем класаў Паланіцкай няпоўнай сярэдняй школы, паступіла ў Крычаўскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “Настаўніца пачатковых класаў і выхавальнік дашкольных установаў”. Да вайны працавала ў Гомельскай вобласці. Памятны для мамы стаў 1938 год – яе прынялі ў камсамол.

Калі пачалася вайна, была эвакуіравана ў РСФСР, у Чкалаўскую вобласць (пасля вайны – Арэнбургская), жыла ў сяле Вятлянка Бураннага раёна і працавала падлікоўцам у калгасе “Ударнік”.

У лютым 1942 года па камсамольскім прызыве добраахвотна пайшла на фронт, дзе знаходзілася да канца вайны. Два гады служыла ў войсках ПВА начальнікам назіральнага пункта асобнага батальёна паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі на Заходнім і Паўднёвым франтах ПВА. З верасня 1944 года – старшы сяржант, камандзір аддзялення тэлефаністак і старшая радыётэлефаністка 83-га асобнага радыёбатальёна сувязі ІІ Украінскага фронту. Прымала ўдзел у баях пры абароне Закаўказзя і абароне Сталінграда. Знаходзячыся ў складзе механізаванага корпусу ІІ Украінскага фронту, удзельнічала ў вызваленні Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі.

Вайну закончыла ў горадзе Брно ў складзе савецкіх войск у Чэхаславакіі. Адтуль у ліпені 1945 года была дэмабілізавана з арміі.

У верасні 1945 года Марфа Сяргееўна стала працаваць сакратаром Крычаўскай раённай газеты “Шлях сацыялізму”. Праз тры гады была накіравана на вучобу ў Рэспубліканскую партшколу пры ЦК КП(б) Беларусі ў горад Мінск. У свой час яна закончыла факультэт журналістыкі. Дарэчы, на гэтым факультэце мама вучылася з людзьмі, якія пазней сталі вядомымі ўсёй

Беларусі. Сярод іх – Іван Шамякін. Яна расказвала мне, што ўсе, хто тады з ёй вучыўся, былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, і амаль усе – афіцэры.

У 1950 годзе маёй матулі давялося працаваць у Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці рэдактарам газеты “Калгасная праўда” Жабінкаўскай машынна-трактарнай станцыі (МТС). Па сямейных абставінах у тым жа годзе пераехала ў Дзятлаўскі раён тады яшчэ Баранавіцкай вобласці. Чатыры гады адпрацавала рэдактарам газеты “Зара камуны” Дзятлаўскай МТС, затым – адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара Дзятлаўскай раённай газеты “Сцяг камунізму”, якая ў хуткім часе стала называцца “За новую вёску”. З 1962 да 1969 года працавала на розных пасадах: карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання, выхавальніцай і настаўніцай Дзятлаўскай школы-інтэрната, адказным сакратаром раённай арганізацыі таварыства “Знание”, загадчыцай агульнага аддзела Дзятлаўскага РК КПБ.

У сакавіку 1977 года яна выйшла на заслужаны адпачынак.

Марфа Сяргееўна Марозава прымала актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна. Яна як ветэран вайны праводзіла вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі, часта выступала з лекцыямі перад навучэнцамі школ раёна. Некалькі гадоў працавала ў Доме піянераў. Была актыўнай удзельніцай раённага хору “Ветэраны ў страі”. Доўгі час выбіралася членам прэзідыума раённага савета ветэранаў вайны і працы, з’яўлялася намеснікам старшыні гэтай арганізацыі, якую ў той час узначальваў С. І. Лейка.

Марфа Сяргееўна мае шмат узнагарод, якія атрымала ў гады вайны і ў мірны час. Сярод іх: ордэн “Айчыннай вайны” ІІ ступені, медалі “За абарону Сталінграда”, “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне ў 1941-1945 гадах”, “За доблесную працу. З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, “Ветэран працы” і дзесяць іншых юбілейных медалёў.

На жаль, маёй матулі ўжо няма побач са мной. Яна пайшла з жыцця першага красавіка 2002 года.

Успаміны дзяцінства

Самыя яркія ўспаміны, якія мне найбольш запомніліся на ўсё жыццё, – гэта ўспаміны дзяцінства. Так атрымалася, што яны звязаны з працай маёй мамы і ў рэдакцыі раённай газеты, і ў друкарні, якая ў 50-я гады знаходзілася ў Дзятлаве, і карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання, але асабліва ў таварыстве “Знание”. Менавіта дзякуючы лекцыям, якія арганізоўвала яна ў гэтым таварыстве, я ўпершыню ўбачыў выдатных людзей

нашай Айчыны. Мяне вельмі ўразіла сустрэча з легендарным героем нашай краіны, адным з першых Герояў Савецкага Саюза, лётчыкам Міхаілам Вадап’янавым.

Гэта было ў пачатку восені 1965 года. Год 20-годдзя Вялікай Перамогі быў адметны многімі станоўчымі зменамі ў жыцці савецкіх людзей. Мама арганізоўвала і праводзіла вялікую колькасць сустрэч у працоўных калектывах прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарках раёна з пісьменнікамі, прафесарамі, генераламі-героямі.

Сустрэча жыхароў Дзятлава з Міхаілам Вадап’янавым адбылася ў кінатэатры “Победа” (гэта быў вялікі драўляны будынак барачнага тыпу, у той час знаходзіўся недалёка ад раённага вузла сувязі на поўдзень). Людзей у той дзень сабралася столькі, што, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці. Прысутнічала шмат школьнікаў майго ўзросту – 12-13 гадоў. Нам не цярпелася хутчэй убачыць жывую легенду. Калі зайшоў высокі чалавек у генеральскай форме з Залатой Зоркай, мы ўсе ўсталі і доўга яму апладзіравалі. З якой цікавасцю ўсе слухалі яго аповед пра першых Герояў Савецкага Саюза! Іх было сем чалавек, якія выратавалі чалюскінцаў у 1934 годзе. Ён расказаў аб подзвігах нашых лётчыкаў у Кітаі, Іспаніі, Манголіі перад вайной, аб тым, як лятаў бамбіць Берлін у жніўні-верасні 1941 года, як быў збіты і гарэў у самалёце. Я адважыўся падняць руку і спытаў, які ў яго нумар Залатой Зоркі? Першы? Пазней я абдумаў сваё пытанне, і ў ім была логіка: прозвішча Вадап’янава было першым па алфавіце сярод лётчыкаў, і я падумаў, што ў яго Зорка нумар адзін. Але генерал сказаў, што яна пад нумарам чатыры, а першы быў удастоены гэтай высокай узнагароды пад нумарам адзін лётчык Леванеўскі.

Пазней мама арганізавала яшчэ некалькі сустрэч з легендарнымі людзьмі нашай краіны. Гэта сустрэча з двойчы Героем Савецкага Саюза лётчыкам дальнебамбардзіровачнай авіяцыі Малодчым, з лётчыкам-знішчальнікам Міхаілам Дзевятаевым. Не пакінула нікога раўнадушным гісторыя лёсу старшага лейтэнанта Міхаіла Дзевятаева. Ён ваяваў у авіядывізіі палкоўніка А. Пакрышкіна, у ліпені 1944 года ў час паветранага бою над Львовам быў збіты, выскачыў з парашутам з палаючага самалёта, быў ранены і ўзяты ў палон. З нямецкага канцлагера ён здзейсніў пабег. Міхаіл Дзевятаеў выратаваўся сам і выратаваў яшчэ дзевяць палонных. Яны ўцякалі на нямецкім бамбардзіроўшчыку “Хейнкель”. Акрамя гэтага, ён даставіў савецкаму камандаванню вельмі важную сакрэтную інфармацыю аб звышсакрэтным цэнтры, які размяшчаўся на адным з астравоў Балтыйскага мора, дзе вырабляліся нямецкія балістычныя і крылатыя ракеты ФАУ-2 і ФАУ-1. Потым я, праз дзясяткі гадоў, даведаўся, што Міхаіла Дзевятаева ў сакавіку 1945 года прыцягнулі па лініі асабовага аддзела да суда і яму пагражалі ўжо савецкія канцлагеры за палон. Але яго выратаваў С. П. Каралёў – будучы Генеральны канструктар нашых касмічных караблёў. Ён і Тройчы Герой Савецкага Саюза А. І. Пакрышкін хадайніцтвавалі за вызваленне Міхаіла Дзевятаева і прысваенне яму звання Героя Савецкага Саюза. Гэтае высокае званне М. Дзевятаеў атрымаў толькі праз дванаццаць гадоў, у жніўні 1957 года. Яго прозвішча і гераічны подзвіг занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса з фармуліроўкай: “ М. Дзевятаеў – адзіны ў свеце лётчык, які за адзін подзвіг спачатку пасаджаны ў турму, а потым, праз дванаццаць гадоў, удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды”.

Вось якія гераічныя людзі прыязджалі тады ў Дзятлава. І я ганаруся тым, што менавіта такія сустрэчы на працягу чатырох гадоў арганізоўвала мая мама, і пра тыя сустрэчы памятаюць многія дзятлаўчане.

Зусім нядаўна ў маміным архіве я знайшоў раённую газету “Перамога” за май 2000 года, у якой прачытаў артыкул, прысвечаны 55-й гадавіне Перамогі, які быў падрыхтаваны старшынёй раённага савета ветэранаў С. І. Лейкам. У ім было напісана, што ў 1986 годзе ў Дзятлаўскім раёне жыло больш за 900 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.  Мне здаецца, што нам заўсёды будзе не хапаць пакалення гэтых мужных людзей – нашых бацькоў і дзядоў. Я часта ўспамінаю радкі:

… Не опалённые сороковыми,

Сердцами вросшие в тишину,

Конечно, мы смотрим глазами иными

На вашу Отечественную войну.

Яны больш за жыццё любілі зямлю, якую абаранялі, пад назвай Радзіма.

Алег МЯЦЕЛІЦА
Фота прадастаўлена аўтарам



Теги: