Калонка рэдактара. Жывіце сапраўдным!

Важнае Грамадства

Нядаўна адзін вельмі добры чалавек даслаў мне такі запіс: “Ёсць толькі два дні ў годзе, калі вы нічога не зможаце зрабіць.

Адзін называецца “ўчора”, другі – “заўтра”. Таму сёння – самы прыдатны дзень для таго, каб любіць, верыць, дзейнічаць. І асабліва жыць. Я адказала, што згодна. Мінулага ўжо няма, а будучыні яшчэ няма. Вось і атрымліваецца, што жывём мы толькі ў сучаснасці.

Вядома, скажаце вы, а як наконт мінулага? Калі нас паглынаюць успаміны, мы зноў іх пражываем у сучаснасці. А як жа будучыня? Але ж не робячы нешта сёння, нашы планы не змогуць рэалізавацца ў будучым.

Так і ёсць, часта мы адкладваем свае справы на заўтра, а яшчэ лепей – на панядзелак, не задумваючыся, што пазбаўляем сябе магчымасці жыць тут і цяпер і быць шчаслівымі менавіта ў гэтыя хвіліны.

Чаму так адбываецца?

Напэўна, таму, што чалавек гультаяваты па сваёй прыродзе. Бывае, у яго проста няма мэты, ён не разумее мэты свайго існавання. Цэлымі днямі нічога не робіць, і яго гэта задавальняе. Нам прасцей прачытаць дзясятак сайтаў у інтэрнэце ў пошуках нейкіх парадаў, чым прымяніць іх потым на практыцы.

Паспрабуйце прааналізаваць адзін дзень са свайго жыцця, з чаго ён складаецца і колькі б вы паставілі “плюсікаў” насупраць тых пунктаў, якія ўнеслі ў ваша жыццё хвіліны радасці і шчасця?

Уявіце сабе сітуацыю, напрыклад, на працы: вам неабходна выканаць даручэнне, якое вы адкладалі ўжо не адзін раз. Але калі падысці да справы творча і з энтузіязмам, то працэс выканання не здасца такім ужо сумным, вы атрымаеце задавальненне ад праведзенай работы і станоўчыя эмоцыі, а калі ад вашай работы залежыць яшчэ і дабрабыт іншага чалавека, то абавязкова атрымаеце словы падзякі.

Вядома, прасцей адпрацаваць ад званка да званка, праца ж не воўк, у лес не ўцячэ. Але справа не ў працы, справа ў нашых адносінах да таго, чым напоўнена наша жыццё. Мы ўсе чагосьці чакаем, чакаем гэтага цудоўнага “заўтра”, калі раптам усё зменіцца, і жыццё стане такім, якім мы жадаем.

Не зменіцца і не стане. Таму што мы самі павінны прыкласці намаганні зрабіць яго такім ужо сёння. А трэба для гэтага зусім няшмат. Устаць раніцай у добрым настроі і пажадаць “добрай раніцы” сваім блізкім і сябрам, няхай і з дапамогай сучасных гаджэтаў. Знайсці час навесці парадак у доме і паралельна ў сваіх думках. Правесці цудоўны вечар з сям’ёй ці з сябрамі, і няхай ён будзе падобны на святочны. Праведаць бацькоў, патэлефанаваць дзецям, звязаць шалік для ўнучкі і яшчэ шмат-шмат чаго. Галоўнае, не адкладаючы на заўтра. Таму што наша сіла ў сапраўдным!

Мудрыя людзі ніколі не сумуюць аб мінулым і не турбуюцца пра будучыню, жывуць так, нібы кожны дзень – апошні. А самым галоўным правілам у жыцці лічаць правесці з карысцю час.

Пачніце жыць “тут і цяпер”, цаніце кожны момант сапраўднага, тады ваша жыццё напоўніцца пазітыўнай энергіяй.

Не губляйце свой каштоўны час на разважанні аб мінулым і будучыні.

Жывіце сапраўдным!

Мне захацелася паразважаць на гэтую тэму, і я гэта зрабіла. Спадзяюся, мае разважанні кагосьці зацікавяць.

А што цяпер робіце вы?

Наталля КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup