Калонка рэдактара. Месца, дзе спяваюць салаўі

Важнае Грамадства

Маленькая вёска, адна вялікая вуліца, крама.

Няма гіпермаркетаў і забаўляльных цэнтраў, лядовых палацаў і іншых радасцяў жыцця. Сумна. У такім абліччы, магчыма, уяўляецца вёска карэннаму гарадскому жыхару, які там ніколі не быў.

Раніца. Паветра такое — хоць пі яго, да таго свежае, травамі рознымі пахне, кветкамі… Ціха, не чуваць гулу машын. Пеўневае “кукарэку” сімвалізуе аб пачатку дня і новых клопатах. А так раніцу ведае сельскі жыхар.

Два погляды, два кантрасты.

Але пагадзіцеся, у вёсцы ўсё па-іншаму, тут інакш бяжыць час, тут мала людзей, а таму адносіны паміж імі асаблівыя, цёплыя і сяброўскія. Іх умеюць цаніць, літаральна шанаваць нягледзячы на статус, узрост, працу, жыццёвы вопыт. У вёсцы людзі сапраўдныя. Ім не трэба нікому нічога даказваць, выдаваць сябе за таго, кім не з’яўляешся. У вёсцы ўсе і ўсё навідавоку, і гэта шмат да чаго абавязвае.

Людзі вёскі не бачаць сэнсу ў гонцы за грашыма, квадратнымі метрамі, выгадамі і прэстыжам. У іх іншыя прыярытэты: шанаваць і любіць прыроду, мець асабістую прастору, сапраўдных сяброў, гадаваць дзяцей на зямлі, працаваць столькі, колькі гэта патрэбна для жыцця, а свой вольны час траціць на тое, каб спазнаваць і ствараць свой малы сусвет.

Усіх іх аб’ядноўвае любоў да зямлі, да працы. Без гэтага нічога нельга зрабіць. Трэба любіць гаспадарку! У вёсцы ўся праца зразумелая і на віду. Ёсць задавальненне ад яе выніку, ёсць маленькія радасці, якія напаўняюць дні.

Несумненна, праца гэта цяжкая, штодзённая, без выхадных, патрабуе шмат ведаў, сіл і цярпення. А гэта трэба цаніць!

Ведаю пра гэта не па чутках, паколькі ўсе канікулы ў свой час з братам праводзілі ў вёсцы ў бабуляў і дзядуляў. Адпачываць не даводзілася, працавалі, дапамагаючы ім выконваць любую працу: і сена нарыхтоўвалі на зіму разам з дарослымі, і кароў пасвілі, і буракі палолі ў чатыры раніцы, і на ферму праз лясок ездзілі, і многае іншае. Але чамусьці той час, нягледзячы на працу, авеяны нейкай п’янлівай свабодай і рамантыкай.

Напэўна, таму, што побач былі твае блізкія, якія вучылі, падбадзёрвалі, напаўнялі тваё жыццё асаблівым святлом і цяплом, а праца прыносіла задавальненне. Ніколі не забуду, калі раніцай ты яшчэ спіш, а табе бабуля прыносіць сырадой, пап’еш і спіш далей… Можна ўзгадваць і ўспамінаць!

Такое жыццё ў вёсцы з прыродай, якая зачароўвае сваёй прыгажосцю, ды з выдатнымі людзьмі — адкрытымі і працавітымі. Тут, як нідзе ў іншым месцы, спяваюць салаўі. Ды так, што хоць знарок прыязджай паслухаць. Іх спевы зачароўваюць, прымушаюць забыць праблемы, непрыемнасці, трывогі і крыўды.

Наталля КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup