Эдвард Кулеш: галоўная ўзнагарода – людская памяць

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сярод старэйшага пакалення жыхароў нашага раёна і горада Дзятлава шмат землякоў, якія сваёй працай праслаўляюць родную Бацькаўшчыну.

Шмат працоўных дасягненняў і ў ветэрана працы фінансава-банкаўскай сістэмы Эдварда Казіміравіча Куляша.

Наш зямляк, Эдвард Казіміравіч Кулеш, нарадзіўся 16 ліпеня 1934 года ў вёсцы Бярнатаўшчына, а карані яго роду з вёскі Данілавічы. Яго прадзед быў Георгіеўскім кавалерам Грэнадзёрскага палка, бацька і маці займаліся сельскай гаспадаркай. Пражыўшы цяжкія ваенныя гады ліхалецця, Эдвард Кулеш закончыў 7 класаў Маўчадскай школы і вырашыў прадоўжыць навучанне ў Навагрудскім гандлёва-фінансавым тэхнікуме. Вучыўся на “выдатна”. 28 ліпеня 1952 года пачынаецца яго працоўная дзейнасць.

Першым месцам працы быў Верхнядзвінскі раён, дзе ён з’яўляўся фінансістам па падатках і зборах. Калектыў быў вельмі зладжаны, тут ён адчуў павагу да сябе не толькі як работніка, але і чалавека. У гэтым калектыве прыйшло разуменне таго, што праца ў фінансавых і падатковых службах і ёсць яго шлях жыцця.

У канцы 1953 года па ўласным жаданні і просьбе Эдварда Куляша прызываюць у рады Савецкай арміі. Служыць давялося ў групе Савецкіх войск у Германіі. У 1955 годзе ў званні малодшага лейтэнанта ён вяртаецца ў родныя мясціны.

Пасля вайсковай службы Эдвард Кулеш прыйшоў на працу ў Лідскі райфінаддзел. Тут жа ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай – Людмілай Вільгельмаўнай, якая стала на ўсё жыццё верным дарадцам, памочнікам і аднадумцам. Яны стварылі сям’ю, выгадавалі двух цудоўных сыноў – Валерыя і Віталя. Дарэчы, Людміла Вільгельмаўна да выхаду на пенсію 22 гады адпрацавала эканамістам Дзятлаўскай МПМК-147. Так склалася жыццё, што Валерый жыве цяпер разам з бацькамі ў горадзе Дзятлаве, а сын Віталь уладкаваўся ў Гродне, працуе суддзёй у Гродзенскім абласным судзе. У бабулі і дзядулі Кулеш дарослыя ўнукі: Вадзім (ужо працуе) і Уладзіслава (студэнтка Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я. Купалы). Сам жа Эдвард Казіміравіч на працягу дзесяці гадоў, пакуль дзеці вучыліся ў школе, з’яўляўся старшынёй бацькоўскага камітэта сярэдняй школы № 1 і садзейнічаў будаўніцтву спартзалы для школы.

Жыццёвыя абставіны не далі магчымасці нашаму земляку закончыць вучобу ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі імя В. Куйбышава і атрымаць фінансавую адукацыю, але гэта не перашкодзіла яму быць прафесіяналам фінансава-банкаўскай справы на самым высокім узроўні. Вялікая адказнасць да працы, добрасумленнасць у выкананні службовых абавязкаў, стараннасць, уменне працаваць на вынік забяспечылі перавод Эдварда Куляша старшым інспектарам, а затым і намеснікам загадчыка Радунскага райфінаддзела.

Уменне працаваць з калектывам і прыносіць карысць іншым фарміравалі Эдварда Казіміравіча як прафесіянала сваёй справы. І як вынік – кіраўніцтва абласной канторы “Сельгасбанка” па рэкамндацыі райвыканкама запрашае яго на працу, дзе ён працуе да рэарганізацыі гэтага банка. З 1960 года і да выхаду на пенсію Эдвард Казіміравіч Кулеш працуе ў якасці кіраўніка аддзялення Дзяржбанка і “Аграпрамбанка”. У Дзятлаўскім аддзяленні працаваў з 1963-га па 2001 год. Пасля выхаду на пенсію працягваў працу ў банку да верасня 2002 года. Падлічана, што ў якасці кіраўніка аддзялення Дзяржаўнага банка ён адпрацаваў 40 гадоў і 7 месяцаў, а ў Дзятлаўскім раёне ў якасці кіраўніка аддзялення банка – 38 гадоў! Па яго ініціятыве і пры падтрымцы мясцовых кіруючых органаў у 1972 годзе пачалося ўзвядзенне новага будынка банка. Калектыў банка перайшоў на працу ў новы будынак у сакавіку 1973 года.

У сваёй працы Эдвард Казіміравіч Кулеш лічыў самым галоўным тры асноўныя накірункі. Па-першае, гэта клопат аб людзях з якімі працуеш і стварэнне належных умоў для працы калектыва. На другім месцы – справа, якую ты выбраў і якую павінен выконваць бездакорна. Вельмі адказна, па-трэцяе, павінен ставіцца да сям’і і вырашэння асабістых спраў. За ўсе гады працы па ініціятыве кіраўніка Эдварда Куляша былі звольнены з працы ўсяго два работнікі. “Трэба клапаціцца аб людзях, з якімі ты працуеш, – разважае ён. – Калі работнік банка ідзе на працу і думае, што дома шмат праблем, то высокаэфектыўнай працы на рабочым месцы ад яго не будзе. Бывае, што людзі памыляліся ў працы, але я ніколі не папракаў іх за тое, што ім робіцца дабро”.

Па ініцыятыве Эдуарда Куляша, за час яго працы ў Дзятлаве, за кошт даходаў банка для супрацоўнікаў было пабудавана 50 кватэр. Усе дзеці

работнікаў банка былі ўладкаваны ў дзіцячыя сады, службовая машына банка заўсёды прадастаўлялася для патрэб працуючых, было арганізавана цэнтралізаванае забяспячэнне прадуктамі харчавання. Узамен ад супрацоўніка банка патрабавалася адказнасць, арганізаванасць, бездакорнасць у працы. Дзейнічаючы па прынцыпе “Словамі запэўніваюць, а прыкладам выхоўваюць”, сам кіраўнік аддаваў сябе працы. Раней прыходзіў, пазней вяртаўся дамоў. Падлічана, што гэты дадатковы час суміруецца ў пяць гадоў “дадатковай” працы. Эдвард Казіміравіч заўсёды быў першым у калектыве пры правядзенні суботнікаў, конкурсаў, турзлётаў. Калегі казалі, што пры такім кіраўніку працаваць дрэнна нельга. Па выніках працы аддзяленне Дзяржбанка Дзятлаўскага раёна было пастаянным лідарам і пераможцам у вобласці і рэспубліцы. Першымі былі ў рэспубліцы і па прымяненні камп’ютарызацыі.

25 гадоў, з 1977 па 2002 год, Эдвард Казіміравіч узначальваў Дзятлаўскае раённае аддзяленне Фонду міру, з іх 15 гадоў Дзятлаўскае аддзяленне Фонду было першым у вобласці. Сам жа старшыня на працягу трох гадоў быў адзіным прадстаўніком ад БССР у рэвізійнай камісіі Фонду міру СССР.

26 гадоў Эдвард Казіміравіч узначальваў рэвізійную камісію раённай партыйнай арганізацыі. У 1985 годзе ён атрымаў званне лепшага прапагандыста раёна, яго імя было занесена на раённую Дошку гонару ідэалагічных работнікаў. Каля 20 гадоў наш зямляк выбіраўся дэпутатам Дзятлаўскага гарпасялковага Савета народных дэпутатаў і працаваў у якасці намесніка старшыні. Акрамя гэтага, ён узначальваў пазаштатны аддзел раённага камітэта народнага кантролю.

За сваю працу Эдвард Казіміравіч атрымаў тры ганаровыя знакі Фонду міру СССР і БССР і некалькі Ганаровых грамат. У 1983 годзе за дасягнутыя поспехі ў працы імя Эдварда Куляша было занесена ў Кнігу гонару абласной канторы Дзяржбанка. У ліку ўзнагарод нашага земляка тры граматы праўлення Дзяржаўнага банка СССР, грамата і Ганаровая Грамата Вярхоўнага Савета БССР, грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медаль “За працоўныя дасягненні”, Ганаровы медаль савецкага Фонду міру, медаль “Ветэран працы”. Да ўзнагарод патрэбна прыбавіць званні “Выдатнік Дзяржбанка” і “Выдатнік Белагра-прамбанка”. Гэта не поўны спіс узнагарод, бо грамат і падзяк за бездакорную працу, прафесіяналізм, чалавечнасць і сардэчнасць у ветэрана працы больш за 70!

Эдвард Казіміравіч Кулеш лічыць, што самая дарагая і ганаровая ўзнагарода – памяць родных, сяброў, калег па працы аб тым добрым, што змог зрабіць для іх.

Тамара Юргілевіч, былы намеснік кіраўніка аддзялення банка, успамінае: “Пад кіраўніцтвам Эдварда Казіміравіча я працавала больш 25 гадоў. Гэта культурны, граматны, аддадзены сваёй справе кіраўнік. Ён заўсёды прыходзіў на дапамогу ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Я яго па сёння называю Настаўнікам, які навучыў любіць сваю справу, працаваць адказна, навучыў цаніць і паважаць чалавека працы”.

Вось як гавораць аб ім яго былыя 42 супрацоўнікі аддзялення банка: “Для большасці з нас Вы сталі першым настаўнікам і старшым таварышам, а ў цяжкія хвіліны блізкім сябрам і дарадцам. Вы нас навучылі быць дысцыплінаванымі і адказнымі за даручаную справу. Мы радыя, што жыццё звязала нас з такім разумным, чыстасардэчным, чалавекам, які ўмее выслухаць і даць добрую параду. Здароўя і шчасця Вам на доўгія гады.”

І цяпер, калі Эдвард Казіміравіч ужо 19 гадоў на пенсіі, аб ім помняць і клапоцяцца яго былыя супрацоўнікі і сябры, за што ён ім вельмі ўдзячны.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: