Званок на прамую лінію. Што хвалюе дзятлаўчан?

Важнае Улада

У рабоце са зваротамі грамадзян Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт актыўна выкарыстоўвае такі зручны для заяўнікаў фармат, як суботнія прамыя тэлефонныя лініі.

Як часта жыхары Дзятлаўшчыны карыстаюцца магчымасцю расказаць аб праблеме па тэлефоне, з якімі пытаннямі тэлефануюць у райвыканкам, карэспандэнтка газеты “Перамога” даведалася ў намесніка начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Марыны Панкевіч.

– З пачатку 2020 года ў час правядзення прамых тэлефонных ліній кіраўніцтву Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта паступіла 45 зваротаў. Сярод іх 16 – у трэцім квартале, – расказвае Марына Лявонаўна. – Людзі звярталіся па самых розных пытаннях. Пераважная доля зваротаў тычылася сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Мяркую таму, што гэта галіна закранае жыццё і быт кожнага з нас. Людзі тэлефанавалі на прамую лінію ў спадзяванні хутка і неадкладна вырашыць хвалюючыя іх пытанні.

Жыхароў раёна таксама цікавілі парадак фінансавання электрыфікацыі дамоў, чысціня і выдаленне дрэваў на могілках, магчымасць пакупкі займаемых жылых дамоў, якія знаходзяцца ва ўласнасці камунальных сельскагаспадарчых арганізацый. Паступалі звароты па пытаннях узаконьвання самавольных пабудоваў, добраўпарадкавання вуліц, абкошвання прылеглых да домаўладанняў тэрыторый.

Паступіла сёлета і некалькі зваротаў, якія тычыліся пракладкі сетак каналізацыі ў мікрараёне ўжо існуючай забудовы прыватных жылых дамоў. На гэты конт грамадзянам варта ведаць, што 22 снежня 2018 года ў сілу ўступіў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 488 “Аб будаўніцтве сетак водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі)”. Паводле гэтага нарматыўнага дакумента гаспадары даўно пабудаваных домаўладанняў павінны аплачваць пракладванне водаправода і каналізацыі за свой кошт. Калі ж будаўнічыя работы будзе ажыццяўляць жыллёва-камунальная арганізацыя і ўласнікі прыватных дамоў аплацяць першапачатковы ўзнос (10 % кошту работ), яны змогуць разлічваць на гадавую растэрміноўку плацяжу з памесячнымі выплатамі доляў рэшты. Па больш падрабязнае тлумачэнне патрабаванняў заканадаўства і садзейнічанне ў арганізацыі работ жыхарам было рэкамендавана звяртацца ў Дзятлаўскае РУП ЖКГ.

Часта ўзнімаюцца пытанні, якія тычацца ажыццяўлення капітальнага рамонту жылога фонду. Правядзенне такіх работ таксама рэгулюецца адпаведнымі нарматыўнымі актамі. Фінансаванне капітальнага рамонту ажыццяўляецца як за кошт сродкаў, унесеных на капрамонт уласнікамі дамоў, так і за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. Перад пачаткам капітальных работ арганізацыя, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду і з’яўляецца заказчыкам правядзення капітальнага рамонту, згодна з заканадаўствам, павінна арганізаваць і правесці сход жыльцоў, дзе ім будуць патлумачаны ўсе гэтыя нюансы.

Ад жыхароў гарадскога пасёлка Наваельня і горада Дзятлава на прамыя тэлефонныя лініі паступалі пытанні наконт уладкавання грамадскіх туалетаў у цэнтры гэтых населеных пунктаў. Паводле заканадаўства і пастанаўлення Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 110 ад 01. 11. 2011 года, на аб’ектах ужо існуючай забудовы, а менавіта: на аўтазаправачных станцыях, аб’ектах грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, у магазінах пры адсутнасці там грамадскага туалета павінен быць дазволены доступ грамадзян у службовы туалет. Значыць, і госці, і жыхары гэтых населеных пунктаў могуць карыстацца санітарнымі вузламі, якія знаходзяцца ў магазінах і ўстановах, размешчаных у цэнтры гэтых населеных пунктаў.

Кожны зварот, які паступае на прамую тэлефонную лінію разглядаецца адпаведна заканадаўству. Калі ж пытанне патрабуе дадатковага дэталёвага тлумачэння, спецыялісты атрымаюць адпаведныя даручэнні і заяўнікам будзе накіраваны пісьмовы адказ. Тэрмін разгляду пытанняў, агучаных у час прамых ліній, – 15 дзён. Калі ж для выканання работ спатрэбіцца больш працяглы тэрмін, такі зварот застаецца на кантролі да поўнага вырашэння пытання заяўніка.

Работа ў фармаце прамых тэлефонных ліній з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі і аддаленасці некаторых населеных пунктаў ад раённага цэнтра стала даволі папулярнай у жыхароў Дзятлаўшчыны, бо людзям не даводзіцца ехаць на прыём у вызначаны час, яны маюць магчымасць у любую суботу ўзяць трубку, набраць нумар і пагутарыць з адным з кіраўнікоў райвыканкама па хвалюючых пытаннях. Графікі прамых тэлефонных ліній штотыднёва публікуюцца ў раённай газеце “Перамога”, ёсць ён і на сайце Дзятлаўскага райвыканкама.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup