Землякі. Сейбіт разумнага, добрага, вечнага

Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На двары восень. Для настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў пачаўся новы навучальны год.

Гэта значыць, педагогі зноў спяшаюцца ў класы, дапамагаюць дзецям асвойваць новыя веды, развіваць уменні і таленты.

Усё сваё свядомае жыццё аддала навучанню і выхаванню дзяцей, а таму стала вельмі паважаным і дарагім чалавекам для многіх выхаванцаў былой Дзятлаўскай школы-інтэрната, вучняў сярэдніх школ №1 і №3 горада Дзятлава, а таксама педагогаў раёна настаўніца з 43-гадовым педагагічным стажам – Валянціна Іосіфаўна Русіна. Аб той, хто сваім жыццёвым прыкладам і сёння вучыць людзей дабрыні, мужнасці, цярпенню, адданасці выбранай справе, абавязкова павінны даведацца нашы землякі.

Валянціна Іосіфаўна нарадзілася ў звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы Ахонава 20 лістапада 1930 года. Яна была самай малодшай сярод сваіх братоў і сясцёр. На вялікі жаль, яны рана пайшлі з жыцця, а Валянціне давялося выпрабаваць гора і радасць, шчаслівыя хвіліны і смутак, перамогі і страты. Яе бацькі, Іосіф Сямёнавіч і Марыя Андрэеўна Кісціневічы, заўсёды марылі, каб іх дзеці выраслі адукаванымі, каб імі ганарыліся людзі. У 1938 годзе, сабраўшы грошай, яны аддалі Валянціну на вучобу ў першы клас польскай школы, якую яна наведвала ўсяго год. З кастрычніка 1939-га па чэрвень 1941 года прадоўжыла вучобу ўжо ў пачатковай беларускамоўнай школе. Таксама Валянціна з ранніх гадоў дапамагала сваім бацькам працаваць у полі і на гаспадарцы. Але шчасце сям’і было нядоўгім. Бацьку арыштавалі і падверглі рэпрэсіям у пачатку 1940 года. Увесь цяжар працы па гаспадарцы лёг на плечы жонкі і малалетніх дзяцей.

У час Вялікай Айчыннай вайны, якую сустрэлі ў вёсцы Ахонава, адзінаццацігадовая Валя пасвіла свойскую жывёлу, дапамагала родным выжываць. Для партызан, якія часта наведваліся ў вёску, вязала рукавіцы, пальчаткі, шкарпэткі. Былі выпадкі, калі смелая дзяўчынка папярэджвала партызан аб варожых засадах. На яе вачах фашысты вялі на расстрэл маці і сястру, але ж выжылі і дачакаліся Перамогі. Хутка прышла вестачка ад бацькі, які таксама застаўся жывы пасля лагероў і вяртаўся дахаты. Пачыналася мірнае жыццё. Бацькі Валянціны дапамагалі будаваць новую школу, дзе прадоўжыла вучобу будучая настаўніца.

Пасля заканчэння Ахонаўскай школы, Валянціну, як выдатніцу, раённы аддзел адукацыі накіраваў на курсы настаўнікаў пачатковых класаў у Нясвіж. Пасля іх дзяўчына вярнулася ў родныя мясціны. 15 жніўня 1950 года ў яе працоўнай кніжцы з’явіўся першы запіс: “Прызначыць настаўніцай 1-4-х класаў Навасёлкаўскай пачатковай школы Дзятлаўскага раёна Таркачоўскага сельсавета”.

У Валянціны Іосіфаўны заўсёды была прага да новага, цікавага, да самаўдасканалення. Працуючы настаўніцай 3-га класа, яна ў тым жа годзе паступіла на завочнае аддзяленне Баранавіцкага дзяржаўнага педінстытута на спецыяльнасць “Руская і беларуская мова і літаратура”. Была ўпэўнена: каб дзеці раслі адукаванымі, граматнымі, чулымі і добрымі, іх настаўнік павінен пастаянна вучыцца педагагічнаму майстэрсту. Пазней Валянціна Іосіфаўна закончыць яшчэ і Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Я. Купалы па той жа спецыяльнасці.

У 1952 годзе Навасёлкаўскую школу рэарганізавалі, а Валянціну Іосіфаўну перавялі ў Дварэцкую школу старшай піянерскай важатай. За дапамогу ў станаўленні яе як педагога яна і сёння шчыра ўдзячна былому дырэктару Івану Філіпавічу Сільвановічу.

За ўменне працаваць з дзіцячым калектывам, мэтанакіраванасць, адданасць працы ў сакавіку 1956 года Валянціна Іосіфаўна Кісціневіч Цэнтральным камітэтам УЛКСМ адзначана нагруднымі знакамі “Лепшаму піянерскаму важатаму” і “За актыўную работу з піянерамі”.

З кастрычніка 1956 года па жнівень 1962 года Валянціна Кісціневіч працавала дырэктарам Дзятлаўскага дома піянераў. Яна па-новаму арганізавала работу гурткоў па інтарэсах для дзяцей розных узростаў і катэгорый. Значную дапамогу і падтрымку ў рабоце ёй аказала Марыя Кірылаўна Бакаць.

У жніўні 1960 года малады педагог прымала ўдзел у рабоце з’езда настаўнікаў БССР.

Паспяховая праца Валянціны Іосіфаўны была заўважана. Яе накіравалі настаўнікам-выхавацелем у Дзятлаўскую школу-інтэрнат. Тут таленавіты педагог адпрацавала 22 гады (са жніўня 1962 па студзень 1984 года).

Валянціна Іосіфаўна выйшла замуж за цудоўнага чалавека, настаўніка матэматыкі Міхаіла Іванавіча Русіна. У 1967 годзе ў іх нарадзілася дачка Ганна – будучая настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Аднак важнае месца ў жыцці па-ранейшаму займалі праца ў школе, павага і любоў да дзяцей, стварэнне належных умоваў для іх развіцця, дапамога ў выбары прафесіі. Паспяховаму вырашэнню гэтых задач спрыяў высокі прафесіяналізм Валянціны Іосіфаўны і яе ўважлівыя адносіны да людзей.

Пэўны час ёй давялося працаваць завучам і настаўніцай рускай мовы і літаратуры. З пашанай і цеплынёй Валянціна Русіна ўзгадвае былых дырэктараў школы-інтэрната – Васіля Дзмітрыевіча Ільінскага, Сямёна Уладзіміравіча Цывеса, Уладзіслава Іванавіча Крыжаноўскага, настаўнікаў-выхавальнікаў Валянціну Мікалаеўну Даніловіч, Георгія Міхайлавіча Шундрыка, Лідзію Іванаўну Нічыпар, Лідзію Вікенцьеўну Прымшыц і многіх іншых.

Вось як адгукваецца аб Валянціне Русінай яе былая калега Лідзія Іванаўна Нічыпар:

– З Валянцінай Іосіфаўнай я пазнаёмілася ў 1964 годзе, калі пачала працаваць у школе-інтэрнаце. На той час яна была завучам. Дысцыплінаваная, адказная, працалюбівая, творчая, строгая. Яе цікавіў не толькі вучэбны працэс, але і жыццё выхаванцаў, іх творчасць, здароўе, інтарэсы, быт. Пасля таго, як выйшла замуж, Валянціна Іосіфаўна працавала выхавальнікам на групе, доўгі час жыла ў кватэры пры школе, таму выхаванцы заходзілі да яе ў любы час. У групе была дзяўчынка з няпростым характарам – Вольга Талкіна. Валянціна Іосіфаўна знайшла да яе падыход, хутка выхаванка стала лічыць сябе як роднай у сям’і Русінаў. Пасля школы дзяўчына паступіла ў медуніверсітэт, цяпер працуе ў адной з бальніц Гомеля доктарам-неўролагам дзіцячага аддзялення. Сёлета, як і штогод, яна прыедзе да сваёй Валянціны Іосіфаўны. А я жадаю Валянціне Іосіфаўне моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Сама Валянціна Русіна са шчырай цеплынёй расказвае пра многіх выхаванцаў школы-інтэрната. Сярод іх – Ірына Бубноўская, настаўніца замежнай мовы ў Дзятлаве, Ірына Мацкевіч, настаўніца пачатковых класаў у Гродне, Вячаслаў Скрундзь, доктар хуткай дапамогі ў Слуцку і іншыя.

У студзені 1984 года Валянціну Іосіфаўну Русіну перавялі ў Дзятлаўскую сярэднюю школу № 1 горада Дзятлава, дзе яна чатыры гады адпрацавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. У 1985 годзе выйшла на пенсію, але работу прадоўжыла. У 1988 годзе адкрылася сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава, і Валянціну Русіну запрасілі туды працаваць у групу падоўжанага дня, дзе яна працавала да 31 мая 1993 года.

За высокі педагагічны прафесіяналізм і майстэрства, поспехі ў навучанні і выхаванні вучняў Валянціна Іосіфаўна Русіна ўзнагароджана медалём “За працоўную доблесць”, таксама ёй прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Валянціна Іосіфаўна ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга. Акрамя гэтага, у сямейным архіве педагога знаходзіцца больш за два дзясяткі Грамат раённнага і абласнога аддзелаў адукацыі. Але ветэран педагагічнай працы лічыць, што самая найлепшая ўзнагарода для настаўніка – памяць і словы ўдзячнасці вучняў і калег, іх заслугі і поспехі.

Акадэмік Дзмітрый Ліхачоў пісаў: “Калі жыць для сябе, сваімі маленькімі клопатамі аб асабістым, то ад пражытага не застанецца следу. Калі жыць для іншых, то яны захаваюць тое, чаму ты служыў, чаму аддаваў усе сілы”. Гэтыя словы яскрава характарызуюць працу педагога і адносяцца да Вас, Валянціна Іосіфаўна, Настаўніка з вялікай літары, сейбіта разумнага, добрага, вечнага!

Савет ветэранаў педагагічнай працы раёна, калегі па працы, выхаванцы, вучні віншуюць дарагую юбілярку са святам – Днём настаўніка, жадаюць здароў’я, сямейнага дабрабыту і новых сустрэч яшчэ на доўгія-доўгія гады.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца
Фота Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup