З хлебам і песняй: ля вытокаў “Рэчанькі”

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Як вада пранікае ва ўрадлівую глебу, даючы жыццё маладзенькім парасткам, так і культура пранікае ў душы людзей, выяўляючы самабытныя народныя таленты.

Бо спакон вякоў людзі імкнуліся не толькі расціць хлеб, але і спяваць песні, пісаць вершы, чытаць кнігі.

Вялікую любоў да друкаванага слова праз усё жыццё ў сваім сэрцы пранесла наша зямлячка, ураджэнка вёскі Драбавічы, цяпер жыхарка Дубароўшчыны, былая дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй Ядвіга Бенедыктаўна Чудзілоўская (у дзявоцтве Леашкевіч).

Шмат выпрабаванняў выпала на яе долю. Першым стала заўчасная смерць бацькі. Ядзі, як старэйшай у шматдзетнай сям’і, давялося дапамагаць матулі. Жыццё было галоднае, пасляваеннае, і ў чатырнаццацігадовым узросце дзяўчына пайшла працаваць на ферму. Участак дастаўся складаны – гадаваць маленькіх цялят, але бойкі характар дапамагаў Ядзі спраўляцца і мець высокія паказчыкі. Другім выпрабаваннем стала хвароба – арганізм дзяўчынкі-падлетка не справіўся з нагрузкамі, праз тры гады давялося звольніцца з работы, прайсці курс лячэння. Некаторы час Ядвіга працавала афіцыянткай у Казлоўшчынскай сталовай. Тут сваю перадавую работніцу сустрэў тагачасны старшыня калгаса “Слава працы” Павел Фёдаравіч Сарадоеў і прапанаваў вярнуцца. Ядвіга згадзілася, бо зямля і гаспадарка былі яе стыхіяй.

З вяртаннем у калгас пачаўся новы перыяд у жыцці Ядзі Леашкевіч. Яна па-ранейшаму была ўдарніцай працы, паступова ў характары пачалі праяўляцца арганізатарскія здольнасці, іх заўважылі, дзяўчыну прынялі ў камсамол, абралі старшынёй моладзевай пярвічкі. Кожную вольную хвілінку Ядвіга праводзіла з карысцю, шмат чытала, адчувала вострую патрэбу ў новых ведах, таму хутка ўзяла на сябе ролю грамадскага бібліятэкара (раней бібліятэка была нагрузкай для паштальёна). Яе дом ператварыўся ў хату-чытальню, якую наведвалі больш за 160 чытачоў, а фонд вырас да тысячы кніг. За плённую работу ў гэтым кірунку Ядвіга Леашкевіч была ўзнагароджана граматай Міністэрства культуры СССР за подпісам Кацярыны Фурцавай.

Разбірацца ў тонкасцях “кніжнай” справы дзяўчыне дапамагла тагачасная бібліятэкар Казлоўшчынскай бібліятэкі Людміла Юткіна, якая ў далейшым часта выконвала ролю старэйшага сябра і дарадцы. Менавіта па парадзе Людмілы Іосіфаўны Ядвіга пры стварэнні самадзейнага творчага калектыву вёскі Драбавічы заручылася падтрымкай у тагачаснага дырэктара Казлоўшчынскага дома культуры Арсенія Яскельчыка і мастацкага кіраўніка Надзеі Парфёнавай. Творчы калектыў не мог не нарадзіцца ў вёсцы, дзе жылі аж 17 гарманістаў-самавучак, а спявалі яны так, што было чутно па ўсім наваколлі.

З ініцыятывы старшыні калгаса Паўла Сарадоева Драбавіцкі калектыў пазней быў аб’яднаны з самадзейнасцю вёскі Падвялікае. Так два вытокі народнай самадзейнасці ўліліся ў калгасны ансамбль “Рэчанька”, які за перыяд свайго існавання стаў добра вядомым у раёне і вобласці. Ядвіга Чудзілоўская пэўны час была вядучай і перад кожным выступленнем “Рэчанькі” чытала гледачам верш-зварот напісаны ўсё той жа Людмілай Юткінай. Так, дзякуючы людзям працы, на нівах гаспадаркі рос хлеб, а над нівамі звінелі песні.

У 1963 годзе Ядвігу Чудзілоўскую абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. За сваё жыццё гэта простая вясковая жанчына паспела многае: не толькі сама атрымала веды і выбілася ў людзі, але і праклала дарогу многім сваім землякам.

І сёння Ядвіга Бенедыктаўна захоўвае стосы газет і часопісаў, дзе былі надрукаваны артыкулы пра яе і блізкіх, ёсць тут і ўзнагароды, праўда, самыя значныя з іх жанчына аддала ў музей. “Гэта ўсё маё жыццё” – прызнаецца мая субяседніца, але я ведаю, што памяць аб працоўных подзвігах, грамадскіх і творчых дасягненнях Ядвігі Чудзілоўскай захоўваецца не столькі на пажоўклых газетных старонках, як у сэрцах землякоў, разам з якімі яны будавалі надзейны падмурак нашага сённяшняга жыцця. І няхай мнгія факты мінулага сталі гісторыяй, галоўнае застаецца з намі: старэйшае пакаленне паказала нам дастойны прыклад, на які не сорамна раўняцца і сёння.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: