Вяртанне да школьнай дошкі

Важнае Грамадства

Напярэдадні Дня настаўніка праходзіць абласная акцыя “Вяртанне да школьнай дошкі”.

Да яе далучылася начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус, якая праводзіла ўрок фізікі ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава.

Перад пачаткам свайго ўрока Наталля Сяргееўна павіншавала з надыходзячым святам маладога настаўніка фізікі Аляксея Вайцешыка, які толькі ў гэтым навучальным годзе пачаў свой прафесійны педагагічны шлях. Уручыла яму “настольную кнігу” для прафесійнага развіцця і невялікі памятны падарунак. Пажадала шчасця, здароўя, удзячных вучняў і чулых бацькоў.

Карэспандэнт газеты “Перамога” пацікавіўся ў Наталлі Сяргееўны з якім настроем яна прыйшла сёння на ўрок:

– Я вельмі рада, што прымаю ўдзел у гэтай акцыі. Часам наведваю ўрокі іншых настаўнікаў, але сёння і ў мяне з’явілася магчымасць вярнуцца да школьнай дошкі. Правесці ўрок я вырашыла ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава, бо менавіта тут адбылося станаўленне мяне як сапраўднага настаўніка дзякуючы адукаваным, таленавітым і адданым сваёй справе педагогам, такім як Вольга Галаднова, Ядвіга Кійко, Яўгенія Савань, Ірына Дарафейчык. Яшчэ мне б хацелася правесці ўрок у Лявонавіцкай сярэдняй школе, дзе я вучылася, але, на жаль, у гэтым навучальным годзе яе закрылі. Менавіта там педагогі Аляксандр Сіняк, Аліна Францішчык, Марыя Радзюк, Лідзія Ёрш заклалі ў мяне жаданне стаць настаўнікам і былі другімі бацькамі на працягу ўсяго жыцця. Таксама хачу падзякаваць Марыю Сцяпанаўну Кійко, якая прывіла мне любоў да матэматыкі падчас работы ў Раклевіцкай базавай школе. Дзень настаўніка я вельмі люблю і сустракаю з задавальненнем, бо педагогі разам з бацькамі прысвячаюць жыццё дзецям, перадаюць ім свае веды і ўменні. Віншую ўсіх сваіх калегаў з гэтым цудоўным святам, жадаю здароўя, поспехаў і ўсяго самага найлепшага.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота Вольгі Юшкевіч

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup