Валанцёры – гэта мы. Стань нашым!

Важнае Грамадства Свежыя навіны

24 кастрычніка на Дзятлаўшчыне адбылося анлайн-пасяджэнне раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!” па тэме “Час выбраў нас!”, скіраванае на развіццё валанцёрскіх навыкаў і падтрыманне ініцыятываў.

З галоўнай студыі, якая размясцілася ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, з дапамогай праграмы “Зум” відэамост з кіраўнікамі валанцёрскіх атрадаў ладзіла старшыня раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!” Ірына Мішчанка.

– Апошнім часам у нашай краіне шмат увагі надаюць развіццю валанцёрскага руху, плануецца нават прыняць у Беларусі закон, які будзе рэгламентаваць валанцёрскую дзейнасць, акрэсліць правы і абавязкі добраахвотнікаў, – зазначыла Ірына Мішчанка. – Сёння мы пагутарым аб валанцёрстве і асноўных яго задачах, каб кожны з нас падумаў, чаму ён навучыўся за час удзелу ў раённым валанцёрскім аб’яднанні, якія ўменні яшчэ хоча набыць, што важнае жадае зрабіць на карысць землякоў і малой радзімы.

Затым старшыня раённага валанцёрскага клуба заклікала сваіх анлайн-субяседнікаў прыняць удзел у міні-трэнінгу для развіцця навыкаў узаемадзеяння ў групе і правяла некалькі практыкаванняў. Іх у далейшым могуць выкарыстоўваць у практыцы педагогі і навучэнцы, якія займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. У час трэнінгу яго ўдзельнікі задумаліся над сэнсам уласнага жыцця, падзяліліся сваімі марамі, абмеркавалі, на якія добрыя справы маглі б патраціць вялікую суму грошай, узгадалі прымаўкі аб сяброўстве і дапамаглі зацвісці “кветцы дабрыні”, напісаўшы на кожным з яе пялёсткаў па адной з якасцяў характару добрага чалавека.

Па словах Ірыны Мішчанкі, і размова, і трэнінг прайшлі плённа. Лепшыя ідэі і пажаданні, агучаныя ўдзельнікамі анлайн-пасяджэння, абавязкова будуць улічаны пры распрацоўцы планаў далейшай работы раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!”. Дарэчы, апошні тыдзень кастрычніка пройдзе на Дзятлаўшчыне пад знакам валанцёрства і будзе багаты на добрыя справы.

Падобныя анлайн-пасяджэнні старшыня раённага валанцёрскага клуба мяркуе і надалей выкарыстоўваць для каардынацыі валанцёраў нашага раёна. Яна спадзяецца, што дзейнасць добраахвотнікаў стане добрым прыкладам і прывабіць у раённае валанцёрскае аб’яднанне юнае папаўненне.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup