Уладзімір Каранік наведаў Дзятлаўскі раён

Важнае Улада

14 кастрычніка Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік.

У час рабочай паездкі разам са старшынёй Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэем Садоўскім кіраўнік вобласці пабыў на малочнатаварнай ферме “Падвялікае” КСУП “Слава працы”, у ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” і Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

У час сваіх паездак у раёны Уладзімір Каранік у роўнай ступені надае ўвагу як праблемным арганізацыям і прадпрыемствам, так і тым, хто ўпэўнена стаіць на нагах.

Пры наведванні малочнатаварнай фермы “Падвялікае” губернатар даў даручэнне больш увагі звярнуць на якасць кармоў, бо ад гэтага напрамую залежаць надоі, а, значыць, і фінансавы дабрабыт гаспадаркі.

З работай ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” Уладзіміра Караніка азнаёміў генеральны дырэктар прадпрыемства Валерый Гузень і правёў невялікую экскурсію па тэрыторыі завода.

– Сёння ў структуру нашага аб’яднання ўваходзяць ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” – галаўное прадпрыемства ў Казлоўшчыне, філіялы “Слонімскі вінна-гарэлачны завод” і “Навагрудскі вінзавод”, вытворчыя ўчасткі “Парэцкі спіртзавод” і “Айцоўскі спіртзавод”, участак па вытворчасці воцату ў вёсцы Баяры, лагістычны цэнтр і фірменны магазін “Алгонь” у горадзе Гродне, – расказаў гасцям Валерый Гузень. – Гарэлка складае 50 % ад агульнага аб’ёму вытворчасці, астатнія 50 % – гэта віна пладовыя, фруктовыя, вінаградныя, каньякі, віскі, слабаалкагольныя і безалкагольныя напоі. Сыравінай мы забяспечаны ў поўным аб’ёме. 35 % выручкі прадпрыемства складае экспарт.

У час сустрэчы генеральны дырэктар завода пастараўся заручыцца падтрымкай у кіраўніка вобласці, каб і надалей забяспечыць прадпрыемству ўстойлівае развіццё і фінансавую стабільнасць.

Апошнім аб’ектам наведвання стала Дзятлаўская Цэнтральная раённая бальніца, дзе Уладзіміра Караніка вітаў галоўны доктар Алег Анцух. Губернатар зазначыў, што ведае Алега Іванавіча як паспяховага медыцынскага работніка па ранейшым месцы працы ў Навагрудскім раёне. Ён быў сярод тых медыкаў, якія “ставілі надзейную заслону” каранавірусу на Навагрудчыне. Цяпер тое самае даводзіцца рабіць і на Дзятлаўшчыне.

Напрыканцы старшыня Гродзенскага аблвыканкама пракаменціраваў вынікі сваёй паездкі ў Дзятлаўскі раён:

– Не сакрэт, што па паказчыках у сельскай гаспадарцы Дзятлаўшчына не з’яўляецца лідарам у вобласці. Адной з мэтаў візіту было – абмеркаваць перспектывы развіцця, вызначыць, якія ў далейшым трэба прадпрыняць крокі, каб вывесці сельскагаспадарчыя прадпрыемствы на прыбытковую работу. Зноў жа, мы разумеем, што калі прадпрыемствы сельскай гаспадаркі адчуваюць фінансавую няўстойлівасць, змяншаюцца ў тым ліку адлічэнні ў бюджэт, пакутуе сацыяльная сфера. Таму, надаючы ўвагу прамысловасці, – лікёра-гарэлачнаму заводу і іншым прадпрыемствам Дзятлаўскага раёна, як магчымым раённым драйверам росту адлічэнняў у бюджэт, мы будзем паэтапна выводзіць сельскую гаспадарку Дзятлаўшчыны на больш прыстойныя паказчыкі. Таксама планавалася абмеркаваць бягучую сітуацыю ў сацыяльнай сферы раёна. Магчыма, тут ёсць вострыя пытанні, якія патрабуюць аператыўнага рашэння на ўзроўні вобласці. Бо ад фінансавай нестабільнасці прадпрыемстваў ні ў якім разе не павінна пакутаваць сацыяльная сфера – мы павінны мець магчымасць своечасова падставіць ёй плячо.

За час візіту я ўпэўніўся, што асноўнае ў Дзятлаўскім раёне ёсць: ёсць людзі, якія гатовы працаваць, ёсць жаданне змяніць сітуацыю да лепшага. Ну, а мы вызначымся, як гэтыя жаданне і кадравы патэнцыял трансфарміраваць у добры фінансавы вынік.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup