У Дзятлаве праходзіць першы восеньскі кірмаш

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Агародніну і садавіну ўраджаю 2020 года і іншую сельскагаспадарчую і харчовую прадукцыю сёння можна было ў шырокім асартыменце набыць у Дзятлаве на сельскагаспадарчым рынку, што па вуліцы Слонімскай.

Тут праходзіў першы ў гэтым годзе восеньскі кірмаш. У наступную суботу 17 кастрычніка гандляваць сельгаспрадукцыяй будуць у Наваельні, Казлоўшчыне і Гезгалах, а 24 кастрычніка восеньскі кірмаш зноў завітае ў Дзятлава ўжо з падвор’ямі, песнямі і конкурсамі.

Афіцыйны старт гандлю быў прызначаны на 9 гадзін, аднак вопытныя пакупнікі прыйшлі і прыехалі на кірмаш значна раней і а дзявятай гадзіне адбывалі з поўным наборам купленай прадукцыі. Варта зазначыць, што жыхары райцэнтра актыўна ішлі па сезонныя пакупкі: асаблівым попытам карысталіся бульба, зерне, капуста, морква, буракі, цыбуля. Значныя чэргі стаялі каля гандлёвых павільёнаў з мясам і рыбай. У шырокім асартыменце сваю прадукцыю на кірмашы прадставіў Слонімскі мясакамбінат. Асаблівым попытам у дзятлаўчан карысталася іх рубанка па 5 рублёў 85 капеек за кілаграм. Мясную прадукцыю з задавальненнем набывалі і ў птушкафабрыкі “Дружба”. Жывую рыбу, карасёў і карпаў, прывёзлі з прыватнай рыбнай гаспадаркі Сокала.

Вельмі хутка пакупнікі разбіралі сталовыя буракі. Цана на іх была па 40 капеек у КСУП “Жукоўшчына” і ў прыватных прадпрымальнікаў. Напрыклад, гандляры з фермерскай гаспадаркі “Хіневіч” Навагрудскага раёна яшчэ ў 8 гадзін 30 хвілін паведамілі, што чырвоныя буракі ў іх ужо скончыліся, засталася морква па 50 капеек, капуста – па 40, бульба “Скарб” таксама па 50 капеек. Кажуць, сёлета цана на другі хлеб трымаецца, бо давялося пазмагацца за ўраджай.

Бульбай гандляваў і КСУП “Дварэц-Агра”. Як расказаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Сачык, на ярмарку яны прывезлі два гатункі другога хлеба “Скарб” і “Брыз”, усяго каля трох тон, і прадалі літаральна адразу. У час размовы з зерневай прадукцыі ў гаспадаркі заставалася алійная рэдзька, пшаніца і проса. Але ўжо праз хвілін двадцаць Аляксандр Казіміравіч зазначыў, што “Дварэц-Агра” поўнасцю прадаў усю прывезеную прадукцыю. А ў наступную суботу яны паедуць гандляваць у Наваельню, там заказвалі пабольш бульбы – пастараюцца даставіць.

Другім хлебам гатунка “Гала” і зернем гандляваў КСУП “Хвінявічы”: па 40 капеек за кілаграм тут можна было набыць харчовыя, а па 55 – насенныя клубні.

Зерневую прадукцыю на кірмашы прадставілі таксама КСУП “Вензавец”, “Слава працы”, “Граніт-Агра”. Спецыялісты расказвалі, што людзі актыўна набывалі насенне алійнай рэдзькі, някепска рэалізоўвалася трыцікале (ад 31 капейкі за кілаграм) і пшаніца (ад 35 капеек).

Чаргу мы заўважылі і каля гандлёвага кіёска Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный мир”, дзе можна было набыць сыр і тварог. Сваю прадукцыю таксама прадставілі ААТ “Боркаўскі крухмальны завод” і ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”.

Дбайныя гаспадары не праходзілі міма гандляроў саджанцамі пладовых дрэўцаў і кустоў, ягад. На кірмаш у Дзятлава іх прывезлі прыватная гаспадарка “Райсад” з Малога Мажэйкава, што на Лідчыне, асабістая падсобная гаспадарка “Скабін” з Копыльшчыны і іншыя. Маладымі дрэўцамі і яблыкамі новага ўраджаю гандлявалі работнікі ТАА “Агражалезабетон”. Дарэчы, яблыкі можна было набыць па цане ад 80 капеек і вышэй.

Садовы інструмент, выраблены ўласнымі рукамі, і кошыкі з лазы са Шчучына прывёз рамеснік Міхаіл Гайдукевіч.

Асабістая падсобная гаспадарка Рагозіных з нашага раёна даставіла на кірмаш багата агародніны. У іх можна было набыць салодкі перац, памідоры, агуркі, цыбулю, зеляніну, цыбулю сявок, часнык.

На восеньскі кірмаш завіталі і пчаляры Уладзімір Рэкун, Галіна Жадзейка і іншыя з шырокім асартыментам мёду і прадуктаў пчалярства.

Мяркую асноўную мэту – забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання на зіму, першы восеньскі кірмаш выканаў. Праўда, некаторыя пакупнікі агародніну і садавіну закупілі не ў поўным аб’ёме, таму наступны кірмаш для дзятлаўчан 24 кастрычніка будзе вельмі дарэчы.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі Ірыны СТЫРНІК і Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup