Пыталіся – адказваем. Куды падзець непатрэбнае адзенне?

Важнае Да ведама грамадзян

Жыхарка горада Дзятлава Тамара Мікалаеўна пацікавілася ў газеты “Перамога”, куды можна ўтылізаваць непатрэбнае адзенне.

Адказ мы паспрабавалі адшукаць у Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства. У аддзеле нарыхтовак адзначаюць, што сёння арганізацыя прымае ад насельніцтва макулатуру, пластык, метал і нават бытавую тэхніку. Аднак прыём анучаў ажыццяўляцца не можа па той прычыне, што ў Беларусі на сёння няма прадпрыемстваў, якія займаюцца іх перапрацоўкай.

Са свайго боку, Дзятлаўскім РУП ЖКГ адзначаюць, што непатрэбнае адзенне можна вывезці як смецце на палігон, які знаходзіцца ў раёне вёскі Нарбутавічы . Калі заключана дамова на вываз смецця, работнікі прадпрыемства не адмовяць вам забраць яго разам з бытавымі адходамі. Аднак, калі аб’ём сабраных анучаў вялікі, варта папярэдзіць камунальнікаў загадзя.

Трэці варыянт “прыстроіць” ужо непатрэбнае, але добрае, прыдатнае для выкарыстання адзенне – звярнуцца ў арганізацыі, якія аказваюць гуманітарную дапамогу. Напрыклад, у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва могуць дапамагчы вам знайсці адзенню (калі яно ў добрым стане) новых гаспадароў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup