“Праменьчык” выйшаў на старт

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

На стадыёне “Колас” у Дзятлаве прайшло асабістае першынство раёна па скандынаўскай хадзе сярод арганізацый грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, прымеркаванае да 25-годдзя ўтварэння Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Удзел у спаборніцтвах прынялі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Усяго на старт выйшлі 14 асаблівых спартсменаў.

Радуе, што на Дзятлаўшчыне скандынаўская хада набывае ўсё большую папулярнасць, асабліва калі ўлічваць той факт, што займацца ёю могуць людзі розных групаў здароўя.

Як расказаў інструктар-метадыст Дзятлаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба, ён жа галоўны суддзя першынства, Аляксандр Белавус, трэніроўкі па скандынаўскай хадзе з наведвальнікамі “Праменьчыка” праводзяцца на працягу года. За гэты час многія асаблівыя спартсмены-аматары авалодалі навыкамі хады на дастойным узроўні. У час першынства вялікая ўвага таксама надавалася правільнасці выканання элементаў, дыханню, паставе ўдзельнікаў спаборніцтваў.

Да фінішу жанчыны ішлі адзін кіламетр, мужчыны – паўтара.

Добрыя вынікі паказалі многія, але пераможцамі асабістага першынства раёна па скандынаўскай хадзе сталі Васіль Лявошка сярод мужчын і Таццяна Рэгіневіч сярод жанчын. Яны атрымалі грашовыя прызы ў памеры 25 рублёў, прызёры першынства ў абедзвюх катэгорыях былі адзначаны дыпломамі.

Але не менш важнымі набыткамі асаблівых спартсменаў сталі зарад бадзёрасці, энергіі і выдатны настрой, якія яны атрымалі, нягледзячы на капрызы восеньскага надвор’я.

Як адзначыў Аляксандр Белавус, гэта не апошняя спартыўная сустрэча ў гэтым годзе, дзе асаблівыя людзі могуць прадэманстраваць свае спартыўныя здольнасці. Напярэдадні Дня інвалідаў, калі дазволіць эпідэміялагічная сітуацыя, плануецца арганізаваць міжраённы шашачны турнір з запрашэннем асаблівых спартсменаў з суседніх раёнаў або міжраённыя спаборніцтвы пройдуць у фармаце спартландыі. Летась падобная сустрэча ўжо адбылася і вельмі спадабалася як гасцям, так і гаспадарам пляцоўкі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены аддзяленнем «Праменьчык»

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup