Па слядах неабдуманых учынкаў

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх.

Члены савета разгледзелі вынікі двух сацыяльных расследаванняў і прынялі рашэнні аб прызнанні трох непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы. Члены камісіі прынялі рашэнні па шасці адміністрацыйных справах на непаўналетніх, правялі прафілактычную гутарку з юным правапарушальнікам, крымінальная справа на якога была спынена з-за недасягнення ўзросту адказнасці.

Калі побач дамашні агрэсар

У сям’і, дзе гадуюцца двое сыноў, навучэнец каледжа і вучань школы, было праведзена сацыяльнае расследаванне. Шлюб паміж бацькамі непаўналетніх скасаваны, але жыве сям’я пад адным дахам. На бытавой глебе паміж дарослымі нярэдка ўзнікаюць канфлікты, здараецца, з рукапрыкладствам. У час аднаго з іх мужчына ўвогуле выказваў пагрозы забойствам былой жонцы. На яго ўзбуджана крымінальная справа.

Цяжкая сямейная сітуацыя адмоўна ўплывае на жыццё дзяцей і стварае для іх рэальную пагрозу. Маці баіцца сямейнага агрэсара і пастаянна непакоіцца за сыноў. Жанчына працуе і станоўча характарызуецца ў наймальніка. Гэтага нельга сказаць пра бацьку: афіцыйна ён з’яўляецца беспрацоўным, хаця знаходзіць заробкі, мае даход. Мужчына схільны да злоўжывання алкаголем, у нецвярозым стане найчасцей ён і правакуе скандалы з жонкай.

Члены каардынацыйнага савета прынялі рашэнне прызнаць братоў у сацыяльна ненадзейным становішчы. Паколькі галоўная праблема крыецца ў паводзінах бацькі, мужчыне параілі знайсці сабе кватэру далей ад былой палавінкі, падзяліць сумесна нажытую маёмасць, пастарацца наладзіць адносіны з сынамі. Дарослых папярэдзілі, што пры ўзнікненні чарговай сітуацыі рызыкі, дзяцей у іх могуць забраць.

Навошта такі сужыцель?

Сацыяльнае расследаванне паказала прыкметы недабрабыту ў сям’і, дзе гадуецца дзяўчынка дашкольнага ўзросту. Маці непаўналетняй жыве з сужыцелем (біялагічным бацькам дзіцяці) і сваімі дарослымі сынамі ад ранейшага шлюбу. Найчасцей менавіта старэйшыя дзеці клапоцяцца аб маленькай сястры, прыводзяць яе ў садок, забіраюць дахаты. На жаль, іх маці схільна да ўжывання спіртнога, за што атрымала выгавар на рабоце. Сужыцель увогуле нідзе не працуе, злоўжывае алкаголем, дома ўчыняе скандалы. Навошта жанчыне такі чалавек побач, незразумела. Маці была б шчаслівейшай, жывучы толькі са сваімі дзецьмі, тым больш што старэйшыя сыны працуюць у гаспадарцы, добра там характарызуюцца, падтрымліваюць парадак дома, саджаюць агарод.

Паколькі пытанне аб прысутнасці сужыцеля ў сям’і застаецца адкрытым, малодшую дзяўчынку члены каардынацыйнага савета прызналі ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сям’я ўзята на пільны кантроль службаў прафілактыкі. Бацькам параілі звярнуцца да доктара-нарколага і прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці, мужыне – працаўладкавацца. Дарослых папярэдзілі, што, калі яны не возьмуцца за розум, дзіця ў іх забяруць. Паколькі рызыка новых фактаў ужывання спіртнога рэальная – пачаты збор дакументаў на прызнанне дзяўчынкі маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Зайшла ў бар, пакаштавала кактэйль

У непрыемную сітуацыю трапіла юная жыхарка райцэнтра. Пасля першай гадзіны ночы ў бары “Дзядзя Ваня” дзяўчыну затрымала міліцыя, бо ад яе пахла алкаголем. Медыцынскае асведчанне пацвердзіла факт ужывання спіртнога.

У час пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх дзяўчына патлумачыла, што у бар яны з сяброўкай зайшлі патанцаваць. Там сустрэлі дарослых знаёмых, якія і пачаставалі алкагольным кактэйлем. Парушальніца поўнасцю прызнала сваю віну за супрацьпраўны ўчынак і паабяцала больш так не рабіць. Улічыўшы станоўчыя характарыстыкі дзяўчыны са школы і адсутнасць у яе матэрыяльнага даходу, члены камісіі на першы раз вынеслі папярэджанне. Тым не менш, са старшакласніцай на працягу года будзе ажыццяўляцца індывідуальная прафілактычная работы. Хочацца спадзявацца, што ўрок школьніца засвоіла на ўсё жыццё.

На мапедзе без шлемаў

Не сакрэт, што хлопцам-падлеткам хочацца як мага хутчэй асвоіць тэхніку, каб пасля здаць на правы і сесці за руль. Добра, калі гэты працэс праходзіць пад пільным кантролем дарослых, аднак збоі здараюцца і пры сур’ёзным падыходзе да справы.

Так, бацка навучэнца адной са школ райцэнтра даваў сыну мапед, каб той вучыўся катацца на аўтадроме. Аднак у адзін з дзён дзяржаўтаінспекцыя затрымала падлетка на адной з вуліц горада. Хлопец вёз сябра, абодва юнака былі без шлемаў. На маладога вадзіцеля былі складзены два адміністрацыйныя пратаколы (язда без пасведчання і без шлема), на яго пасажыра – адзін (язда без шлема).

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама хлопец, які быў за рулём мапеда, расказаў, што з аўтадрома ў горад яны з сябрам вырашылі вярнуцца, каб набыць у магазіне пячэння. Спачатку вялі транспартны сродак у руках, аднак па адной са спакойных вуліц райцэнтра вырашылі праехаць тады і былі затрыманы. Абодва падлеткі віну прызналі. За парушэнні члены камісіі вынеслі ім папярэджанні. З юным вадзіцелем на працягу года будзе праводзіцца яшчэ і індывідуальная прафілактычная работа, паколькі, сеўшы за руль без неабходных навыкаў ваджэння, ён падвяргаў небяспецы сваё жыццё і жыццё пасажыра.

Спіртное – кепскі сябар

На падлетка, які добра знаёмы членам камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, нядаўна былі складзены два чарговыя адміністрацыйныя пратаколы. Спачатку хлопец выпіў піва і знаходзіўся п’яны на вуліцы, а пасля ўчыніў сварку з маці, якая была вымушана выклікаць міліцыю.

На пасяджэнні камісіі юнак прызнаўся, што сапраўды ўжываў спіртное. Сцвярджае, што піва знайшоў, а затым выпіў у лесе. Вяртаючыся дахаты, “зачапіў” суседа, з якім даўно не складваліся адносіны. Сварку пачула маці, паспяшалася забраць сына дахаты. Усю злосць, якая накіпела ўнутры, хлопец “выплюхнуў” на матулю. Пазней ён прасіў у яе прабачэння. На жаль, для юнака такія паводзіны характэрны, маці не ўпершыню яго прабачае. Апошнім часам у жыцці падлетка намеціліся станоўчыя змены, ён уладкаваўся на працу. Праўда, бутэлька піва зноў вярнула яго на крок назад. Члены камісіі параілі хлопцу больш не ўжываць алкаголю, паколькі спіртное выклікае ў яго агрэсію. У адваротным выпадку ў наступны раз для яго могуць выкарыстаць прымусовую медыцынскую рэабілітацыю. Паколькі з маці падлетак памірыўся, вытворчасць па першай адміністрацыйнай справе была спынена. А за тое, што знаходзіўся п’яны ў грамадскім месцы, хлопцу давядзецца заплаціць штораф у памеры дзвюх базавых велічыняў.

“Пачысціў” чужы кашалёк

На адрас камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама была накіравана пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за крадзеж на дзесяцігадовага падлетка, паколькі хлопец не дасягнуў узросту адказнасці. Юнага злодзея выклікалі на прафілактычную размову пры якой прысутнічала яго маці і педагогі.

Крадзеж сын учыніў па месцы работы матулі: з чужой сумкі, якая знаходзілася ў службовым памяшканні, ён дастаў кашалёк. Грошы і банкаўскія карткі падлетак пакінуў сабе, а пусты кашалёк закінуў пад мэблю. Гаспадыня сумкі заўважыла адсутнасць сваіх рэчаў толькі па дарозе дахаты і звярнулася да праваахоўнікаў.

Тым часам юны злодзей накіраваўся да сябра, дзе праз інтэрнэт паспрабаваў з дапамогай даных банкаўскай карткі набыць гульнёвую валюту. Гэта не ўдалося, тады хлопчыкі пайшлі ў магазін. Там расплаціліся карткай за харчовыя прадукты, а затым выкінулі яе па дарозе назад.

Праваахоўнікам было нескладана знайсці вінаватага, хаця хлопец доўга не прызнаваўся ў крадзяжы.

Члены камісіі патлумачылі падлетку, што толькі юны ўзрост уратаваў яго ад суда, аднак учыненае правапарушэнне – гэта першы крок да накіравання яго ў спецыялізаваную закрытую навучальную ўстанову (ужо праз некалькі дзён хлопцу спаўняецца адзінаццаць, а гэта значыць, што ён дасягае ўзросту ў якім супраць яго ўжо можа выкарыстоўвацца такая мера).

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup