Народны стараста

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У рэдакцыю газеты “Перамога” звярнуліся чытачы.

Кажуць, абавязкова вам трэба пазнаёміцца са старастай вёсак Каршакі і Зачэпічы Мікалаем Калодкам. Гэты чалавек не на словах, а на справе клапоціцца пра давераныя населеныя пункты, а сёлета дык увогуле зрабіў для людзей вялікую справу – разам з аднавяскоўцамі ўпарадкаваў адны на дзве вёскі могілкі.

У Каршакі да знакамітага старасты едзем разам са старшынёй Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерыем Верамейчыкам. У дарозе атрымліваю кароткую “спраўку” пра будучага рэспандэнта:

– У мінулым ваенны, Мікалай Лук’янавіч па выхадзе на пенсію пераехаў сюды, у бацькоўскі дом разам з жонкай, якая раней працавала ў санаторыі “Ластаўка”. Мужчына ён гаспадарлівы, клапоціцца не толькі пра сябе, але і пра аднавяскоўцаў. Калі трэба, звяртаецца ў сельвыканкам і раённыя арганізацыі. Ды мы і самі стараемся дапамагаць па магчымасці.

Дом старасты ў вёсцы Каршакі відаць здалёк. Шмат чаго тут зроблена сваімі рукамі. Адмысловыя вароты з пеўнямі, уладкаваная лавачка перад уваходам, альтанка, арэлі, свая лазня і нават “шматкватэрная” шпакоўня на дрэве – ва ўсім тут адчуваецца рука гаспадара. У 1994 годзе мужчына выйшаў на пенсію – і пераехаў сюды разам з жонкай. Кажа, не ляжыць душа да гарадскога жыцця. А тут хараство такое, лес зусім побач. Летам з жонкай ходзяць у грыбы, зімой яна любіць падарожжы на лыжах.

Зачэпічы і Каршакі выцягнуліся ў адзін шнурок, іх раздзяляе толькі тапанімічны знак, людзі тут жывуць, быццам у адной вёсцы і праблемы маюць агульныя.

– У пару майго дзяцінства тут было 150 двароў. Сёння ў дзвюх вёсках жывуць толькі 30 чалавек, жанчыны ва ўзросце. Самай малодшай мясцовай жыхарцы – 75 гадоў. Але калі робім агульную справу, ніхто не застаецца ў баку. Многім не трэба паўтараць двойчы: пытанне паставілі – і жанчыны адразу звязаліся з дзецьмі, якія дапамаглі ва ўпарадкаванні фінансава і фізічнай сілай.

Як і ў многіх сельскіх населеных пунктах, праблемай сталі дрэвы на тэрыторыі могілах. За дзесяцігоддзі яны выраслі высачэзнымі і ў любы момант маглі паваліцца на помнікі.

– У час непагадзі гляджу ў акно, з якога відаць могілкі, як вецер гне дрэвы да зямлі, і думаю, вось-вось паваліць іх вецер, – кажа стараста.

Ён не стаў чакаць бяды, а сабраў у вёсцы сход. Вырашылі 70 дрэваў, якія раслі на тэрыторыі могілак, прыбіраць талакою. Мясцовыя жыхары пры падтрымцы сваіх дзяцей сабралі значную суму грошай, каб наняць “альпіністаў” (іначай высачэзныя дрэвы было не выпіліць). Пачаць вырашылі з лісцёвых, ад якіх найбольш было смецця. Зрабілі, засталіся яшчэ сякія-такія сродкі, і людзі пагадзіліся, што трэба давесці справу да канца. Усе дрэвы-волаты былі спіленыя, вяскоўцы і іх дзеці самі падрамантоўвалі агароджу могілак, прыбіралі тэрыторыю. Сельвыканкам дапамог транспартам, каб вывезці драўніну. З мясцовых жыхарак усе, хто мог прыйсці, удзельнічалі ў імправізаваных суботніках.

– А як можа быць іначай? Для сябе ж робім. Самі калі-небудзь туды пераедзем, – да нашай размовы далучаецца Іван Пышко з суседняга дома. Ён ідзе з бензінавай касою на могілкі, каб там падкасіць траву.

Мужчына разам з жонкай жыве ў Малейкаўшчыне, што пад Лідай. Але з ранняй вясны і позняй восені яны тут, у доме яго дзяцінства. Нават прапіска ў Івана Канстанцінавіча мясцовая. Муж і жонка Пышко – найпершыя памочнікі ў старасты. Ды і адпачыць любяць у роднай старонцы, разам бавяць час за ціхім паляваннем.

– За цяперашнім часам Каршакі – самы папулярны грыбны курорт, – жартуе мужчына. – Сёлета тут ажыўлена, як нідзе: едзе з аднаго боку Дзятлава, з другога – Ліда. Ну дык і мы свайго не ўпускаем.

Вопытны грыбнік распавядае, што за сёлетні сезон назбіраў больш як паўтары сотні адных баравікоў. А днямі знайшоў грыб парасон, вагою 1,3 кілаграма.

– Я пад ім сам схаваўся, як пад парасонам, – кажа мужчына.

Па словах старасты, Мікалая Калодкі, у дзвюх вёсачках шмат неабыякавых людзей. Не забываюць іх і мясцовыя ўлады. Нават канцэрты выязныя ладзяць, на якія бабулі з задавальненнем прыходзяць. Ды і праблем у вёсках па-ранейшаму хапае.

Моцная засуха сёлета забрала ваду з калодзежаў, нават крынічка мясцовая перасохла, – распавядае Мікалай Лук’янавіч. Ды і дарога тут якая… Была брукаванка, пасля яе заасфальтавалі. Добра каб тут ездзілі толькі прыватныя машыны, але праз вёскі ідуць пастаянна лесавозы, вось і разбілася дарога. Камунальнікі робяць ямачныя рамонты, але ён надоўга не дапамагае. Некалі чытаў у мясцовай прэсе, што збіраюцца ў нас наноў заасфальтаваць дарогу. Дай Божа, дачакаемся.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup