Кветкі – у клас. Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі павіншаваў з прафесійным святам маладую настаўніцу

Галоўнае Улада

Напярэдадні Дня настаўніка 2 кастрычніка для педагогаў Дзятлаўшчыны было падрыхтавана шмат прыемных сюрпрызаў.

Адзін з іх чакаў настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Вераніку Мазур – маладую спецыялістку, якая замацавалася ў сістэме адукацыі раёна. З прафесійным святам яе павіншаваў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.

На першы ўрок, дзе Вераніка Васільеўна вяла заняткі з сямікласнікамі, нечакана завіталі госці з вялікім букетам кветак. Гэта былі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка, дырэктар Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Сяргей Гузоўскі, яго намесніца па вучэбнай рабоце Наталля Болтач.

– Надыходзіць цудоўнае свята – Дзень настаўніка. Самыя шчырыя словы, цёплыя пажаданні мы адрасуем педагогам Дзятлаўшчыны, – зазначыў Андрэй Садоўскі. – У сістэме адукацыі раёна працуюць 502 педагогі. Яны ўносяць значны ўклад у выхаванне маладога пакалення, праслаўляюць наш рэгіён на конкурсах рознага ўзроўню. Вось і сёння ў Мінску завяршаецца фінальны этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2020”, удзел у якім прымае настаўніца гімназіі № 1 горада Дзятлава Наталля Клімец. Радуе, што на Дзятлаўшчыне захавалася пераемнасць пакаленняў педагогаў, ёсць галіновая ветэранская арганізацыя. Аднак асаблівая ўвага надаецца маладым настаўнікам. Вы, Вераніка Васільеўна, працуеце ўжо пяты год і паспелі добра сябе зарэкамендаваць. Мы радуемся Вашым поспехам і ўскладаем на Вас вялікія надзеі. Сёння і Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт, і аддзел адукацыі віншуе вас з прафесійным святам. Жадаем Вам і вашым вучням новых вяршыняў, новых дасягненняў, Вам асабіста – цярпення, удачы, поспеху і, каб не стамляліся даказваць, што любіце сваю прафесію.

Як расказалі ў Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, Вераніка Мазур ураджэнка вёскі Валоўнікі. У 2016 годзе пасля заканчэння філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы вярнулася працаваць на малую радзіму і была накіравана ў аграгарадок Круцілавічы. Вераніка Васільеўна паспяховы педагог. Яе навучэнцы былі прызёрамі раённага этапу прадметнай алімпіяды, раённых творчых і анлайн-конкурсаў. У 2019-2020 навучальным годзе сама настаўніца атрымала сертыфікат фіналіста раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Першыя дасягненні на прафесійным шляху і любоў Веранікі Васільеўны да абранай справы не засталіся не заўважанымі. Спадзяёмся, што прыемны сюрпрыз да свята – букет у клас ад кіраўніка раёна – надасць маладой настаўніцы ўпэўненасці ва ўласных сілах і стане прыступкай да новых поспехаў.

Аднак гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы для настаўнікаў Дзятлаўшчыны – віншавальны флэш-моб прадаўжаецца.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup