Зона камфорту і спакою. Калонка рэдактара

Важнае Грамадства

XXI стагоддзе прынесла людзям не толькі поспехі ў галіне тэхнічнага прагрэсу, якія палегчылі жыццё, але і шмат праблем, якія ўскладняюць яго.

Хваробы, змяненне клімату, экалагічны дысбаланс, вайна. Усё гэта так ці інакш адлюстроўваецца ў нас.

І тут узнікае паняцце бяспекі, забеспячэнне якой дазваляе ў пэўнай ступені застрахавацца ад розных праблем.

Ва ўсіх на слыху розныя віды бяспекі, якія сталі ўжо абавязковымі атрыбутамі нашага жыцця: пажарная бяспека і бяспека працы, бяспека дарожнага руху, фінансавая, інфармацыйная, харчовая бяспека.

Установы адукацыі актыўна навучаюць дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці, дашкалятам прывіваюць асновы з асноў, напрыклад, што такое “101” і калі трэба тэлефанаваць на гэты нумар… Вялікае значэнне надаецца гэтаму пытанню ў арганізацыях рознай формы ўласнасці. І нездарма.

Калі падумаць, то ўжо з першых хвілін з’яўлення на свет і да дзён апошніх чалавек пастаянна знаходзіцца ў “зоне рызыкі”. Якія толькі напасці ні падпільноўваюць яго на жыццёвым шляху. І хочацца сказаць дзякуй усім тым службам, якія стаяць на варце нашай бяспекі, для якіх адсутнасць “зоны рызыкі” для нас стала прафесіяй. І не толькі службам, але і сваім родным і блізкім.

Думаю, да болю знаёмыя ўсім сітуацыі, калі бацькі тэлефануюць сваім дзецям, ці даехалі яны да месца прызначэння, раптам па дарозе што-небудзь адбылося, ці дайшлі грошы на картку, ці дзеці тэлефануюць бацькам, цікавячыся, як здароўе, ці не заблудзіліся ў лесе. І не дай бог не здыме трубку той, каму тэлефануюць. Вось будзе перапалох! Пачнуць тэлефанаваць адзін аднаму, сёстрам, братам, сябрам, суседзям… І не важна, што мог разрадзіцца тэлефон ці яго не пачулі. Важна, што пачуццё трывогі ўжо пасеяла сваё зерне, і да таго часу, пакуль усё не высветліцца, спакою не будзе.

Я гэта да таго, што для кожнага з нас уласная бяспека і бяспека нашых блізкіх несумненна важная, таму што гэта “зона нашага камфорту і спакою”, а праяўлены нашымі роднымі клопат пра нас вядзе менавіта да іх.

Памятаю неяк у дзяцінстве мне давялося перанесці не вельмі складаную аперацыю. Вядома, мне было балюча, але яшчэ і не ўсё можна было есці, а калі і можна, то толькі ў цёплым выглядзе. Ужо знаходзячыся дома, уся сям’я сабралася за абедзенным сталом. Смачны абед для ўсіх, а для мяне – манная каша. Можаце ўявіць сабе, як мне не хацелася яе есці! І вось мой тата бярэ маю талерку і з вялікім клопатам і любоўю пачынае студзіць маю ежу, а потым відэльцам малюе вочы, нос, рот – і мая каша ў адно імгненне ператвараецца ў чалавечка, які мне ўсміхаецца, па-цяперашняму – смайліка. Не з’есці яе пасля гэтага я не магла. Вось такі клопат пра бяспеку майго здароўя.

Прывяду яшчэ адзін прыклад з жыцця. Адна дзяўчына, студэнтка-першакурсніца, сабралася на выхадныя паехаць дадому. Але так як заняткі закончваліся позна, аўтобусаў больш не было, можна было паехаць толькі цягніком. Справа была позняй восенню. На вакзал яна прыйшла, калі было ўжо цёмна. Купіла білет, села ў цягнік і, праз некаторы час зразумеўшы, што едзе не ў той бок, націснула на стоп-кран.

Вядома, сітуацыя не з лепшых. Прыйшлося ісці пешшу па рэйках назад да вакзала, тэлефанаваць родным, добра, што ў наш час ёсць мабільныя тэлефоны. Пакуль яны прыехалі, была ўжо ноч на дварэ. За гэты час нацярпелася страху. Пабачыўшы родных – расплакалася, а бацька пасівеў за гэтую ноч. Але ўсё скончылася добра.

Шкада, так бывае не заўсёды. Часам ніхто не можа дапамагчы толькі па той простай прычыне, што чалавек сам не думае аб сваёй бяспецы і бяспецы сваіх блізкіх.

Аказваецца, захаваць асабістую бяспеку зусім не проста. У першую чаргу, усё залежыць ад нас саміх. Трэба проста разумець, якія могуць быць наступствы, і вучыць гэтаму сваіх дзяцей, не падвяргаць іх небяспецы, бо адказнасць ляжыць на нас, паважаныя бацькі!

Гэта тое ж самае, што выкарыстанне рамяня бяспекі падчас кіравання аўтамабілем. Гэта праяўленне павагі да чалавека. Гэта жыццесцвярджальная пазіцыя.

Не будзем бестурботнымі. Беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Наталля КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup