З першых вуснаў. Аб тым, што хвалюе беларусаў

Важнае Улада

Нядаўна адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з палітычным актывам нашай краіны.

У складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці на сустрэчы прысутнічаў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. Уражаннямі ад важнай рэспубліканскай падзеі ён дзеліцца з жыхарамі Дзятлаўшчыны.

– Абмяркоўваліся пытанні прыярытэтнага накірунку развіцця краіны. Напачатку Кіраўнік дзяржавы азнаёміў нас з аператыўнай інфармацыяй, якая, па словах Прэзідэнта, “дае адказы на самыя вострыя пытанні сённяшняга дня, дапамагае лепш зарыентавацца ў палітычнай сітуацыі ўнутры і вакол Беларусі”.

Як расказаў Аляксандр Рыгоравіч, на Захадзе, перш за ўсё ў ЗША, была створана сетка фондаў па падтрымцы “дэмакратыі” ў Рэспубліцы Беларусь. У рэалізацыі планаў па дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашай дзяржаве былі задзейнічаны Чэхія, Польшча, Літва, Украіна. Аперацыя мела назву “Дэмакратыя ў Мінску”. Тактыка арганізатараў будавалася па класічным амерыканскім падручніку каляровых рэвалюцый, якія звычайна маюць сем асноўных этапаў. Усе яны адсочваюцца ў Беларусі.

Першы – падрыхтоўчы, дзе былі выкарыстаны метады “мяккай сілы” і трансфармацыі ўлады знутры. На гэтым этапе ў нашай краіне з’явіліся дзясяткі блогераў, якія праз YouTube і Telegram-каналы сталі сеяць незадаволенасць у розных сацыяльных групах. Пасля няўдалай спробы “расхістаць” грамадства ў 2017 годзе, стратэгі прыступілі да стварэння пастаянных ачагоў незадаволенасці ў рэгіёнах.

Другім этапам сталі выбары ў Парламент, якія праходзілі за паўгода да прэзідэнцкіх. У той час былі правераны тэхналогіі дэстабілізацыі: запрацавала сетка Telegram-каналаў для ачарнення ўлады і падрыву асноваў дзяржаўнай ідэалогіі, перш за ўсё, з дапамогай фэйкаў і фальсіфікацый. Былі апрабаваны новыя формы вулічнай актыўнасці.

Падрыхтоўка да Прэзідэнцкіх выбараў стала трэцім этапам “сцэнарыя”. Замежныя стратэгі старанна падбіралі ключы да кожнага сацыяльнага слоя ў Беларусі, стваралі “герояў” для розных мэтавых аўдыторый.

Чацвёрты этап рэалізоўваўся ў час прэзідэнцкай кампаніі. На беларускае грамадства, “разагрэтае” інтэрнэт-нападамі, абрынуўся цэлы набор каляровых паліттэхналогій, запазычаных з арабскага, армянскага, польскага, ганконгскага і іншых пратэстаў. Гэта і тактыка “парада пікетаў” пры зборы подпісаў у адным месцы адразу за некалькіх кандыдатаў, і гастролі кандыдатаў па рэгіёнах, спалучаныя з “карусельнымі чэргамі” (аналогія з Прыбалтыкай), і хайп ад “вулічнай творчасці” (як калісьці ў Польшчы). Затым у ход пайшлі сучасныя паліттэхналогіі, якія ператвараюць палітыку ў шоу, разлічанае на масавага гледача.

На пятым этапе была спроба майданнага сцэнарыя: часам “Х” стаў дзень выбараў. Недавер да вынікаў выбарнай кампаніі загадзя стымулявалі заклікамі ісці галасаваць толькі 9 жніўня. На ўчастках перад закрыццём стваралі штучныя чэргі, ажыятаж, нагняталі атмасферу. Планавалі адначасова вывесці на вуліцы беларускіх гарадоў тысячы пратэстуючых, захапіць адміністрацыйныя будынкі і культавыя месцы. У рэжыме анлайн паступалі інструкцыі ад замежных каардынатараў: “Не – перамовам! Заўтра нас будзе больш! Рыхтуйце звароты аб непрызнанні выбараў у ЗША, Еўрасаюз, Расію, Кітай! Патрабуйце другі тур!”. Каб на той момант праваахоўныя органы Беларусі праявілі пасіўнасць, нашу краіну чакала б непазбежнае ўключэнне ў далейшыя майданныя тэхналогіі.

Калі і гэта не спрацавала, стратэгі перайшлі да шостага этапу – паслявыбарных пратэстаў. Рэзка была зменена тактыка: пратэсты набылі “нявінны” выгляд (кветкі, белыя адзенні, суботнія і нядзельныя мітынгі-карнавалы). Стваралася “карцінка” народнага пратэсту без яўных лідараў. Адначасова быў узяты курс на стварэнне радыкальнага крыла мітынгуючых. Для іх распрацоўваліся пакрокавыя інструкцыі і памяткі. Была спроба ўцягнуць у пратэсты працоўныя калектывы, студэнтаў (заклікі да забастовак, ігнаравання вучобы).

Цяпер прадпрымаюцца спробы зрабіць пратэст часткай паўсядзённага жыцця беларусаў.

Адначасова стратэгі перайшлі да сёмага этапу “сцэнару” – спробы легалізаваць “орган пераменаў”. Аднак стварэнне каардынацыйнага савету не апраўдала надзей: пасля ўцёкаў за мяжу арганізатараў давялося шукаць і раскручваць новых.

Сёння каардынатары пратэстаў спрабуюць уцягнуць нашу краіну ў зацяжны палітычны і эканамічны крызіс: заклікаюць да нявыплаты падаткаў, камунальных плацяжоў, выхаду з прафсаюзаў. Асабліва наіўным людзям абяцаюць кампенсаваць фінансавыя страты за кошт фондаў па падтрымцы “ахвяраў рэжыму”.

Рахункуючы свой аповед пра “беларускі сцэнар” пратэсту 2020 года, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рэалізаваны ў нас сцэнарый уяўляе сабой сплаў найбольш эфектыўных каляровых тэхналогій дэстабілізацыі, апрабаваных у Югаславіі, Сірыі, іншых краінах.

Мяркую, з усяго перажытага беларусы павінны атрымаць урок.

Супрацьстаяць разбуральным атакам вельмі складана, – прадаўжае дзяліцца ўражаннямі Андрэй Садоўскі, – У грамадзян нашай краіны пакуль няма палітычнага “імунітэту”. Многія яшчэ вераць ілжывай інфармацыі і заклікам Telegram-каналаў. Як сведчыць рэчаіснасць, думаць варта толькі сваёй галавой. На жаль, палітычны імунітэт развіваецца не адразу – на яго патрабуецца час.

Другая частка пасяджэння, па словах Андрэя Садоўскага, была прысвечана высновам і даручэнням. Прэзідэнт абмеркаваў з палітычным актывам краіны стратэгічныя планы развіцця Беларусі, падрыхтоўку да Усебеларускага народнага сходу. На ім мяркуецца абмеркаваць эканамічны блок пытанняў, план на пяцігодку, канстытуцыйныя змяненні, палітычныя пытанні. Безумоўна, будзе ўдасканальвацца і выбарчае заканадаўства.

Галоўнае, на што скіраваў нас Прэзідэнт у завяршэнні размовы, гэта, што развіваць адносіны трэба з тымі краінамі, дзе нас чакаюць і што рэгіёны і краіна ў цэлым павінны сур’ёзна займацца эканомікай, бо яна – аснова жыцця.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup