З павагай да друкаванай кнігі ў аграгарадку Хвінявічы

Важнае Грамадства

Новы навучальны год у Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе пачаўся традыцыйна з Тыдня беларускага пісьменства.

Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё, на якім узгадвалася гісторыя ўзнікнення Свята беларускага пісьменства і распавядалася пра горад Бялынічы Магілёўскай вобласці, дзе ў гэтым годзе прайшло святкаванне.

Установа адукацыі цесна супрацоўнічае з сельскай бібліятэкай аграгарадка, таму пачаткоўцы наведалі гэты Храм Яе Вялікасці Кнігі. Дзеці пашырылі свае веды пра гісторыю кнігадрукавання, у чытальнай зале пазнаёміліся з літаратурнымі навінкамі і новымі імёнамі сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

На гэтым тыдні да ўвагі навучэнцаў была прадстаўлена дакументальная стужка “Францыск Скарына. Чалавек свету”, пасля якой яны прынялі ўдзел у завочнай віктарыне “Адкуль да нас прыйшла кніга?” Усе класы сталі яе актыўнымі ўдзельнікамі і з задавальненнем і ахвотай шукалі неабходную інфармацыю.

 

На Тыдні беларускага пісьменства на базе бібіліятэкі ўстановы адукацыі прэзентавалася кніжная выстава “Паклон беларускаму слову”, працавала інфармацыйная пляцоўка “Пісьменнікі-юбіляры”. За летні перыяд фонд бібліятэкі папоўніўся новымі выданнямі, таму кожны наведвальнік знайшоў для сябе нешта новае і цікавае.

Для бацькоў навучэнцаў прапанавалі віртуальную панараму “Не – камп’ютару! Так – друкаванай кнізе!” Апошнім часам стала папулярным выкарыстанне сучасных гаджэтаў у паўсядзённым побыце, але аб карысці друкаванай кнігі сёння нельга не сказаць. Чытанне кніг дазваляе гарманічна развіваць асобу чалавека, супакойвае і дае магчымасць атрымаць асалоду пасля чытання мастацкай літаратуры. Бацькі — гэта прыклад для дзяцей.

У шосты школьны дзень ва ўстанове працавала дзіцячая пляцоўка “Добрая кніга — дзецям”. Наведвальнікі пляцоўкі спаборнічалі ў конкурсе чытачоў, маглі паказаць сваю начытанасць у літаратурнай віктарыне. Дзеці абменьваліся чытацкім вопытам.

Завяршылася святкаванне Тыдня беларускага пісьменства ва ўстанове ўрачыстай лінейкай, на якой былі ўзнагароджаны пераможцы і актывісты.

Таццяна ЖЫНКО,
настаўніца Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup